Сустрэча прыцягнула ўвагу не толькі новымі творамі, але і тым, якім чынам лёс саміх аўтараў, іх творчыя біяграфіі далучаны да тэмы чарнобыльскай аварыі.
Рэха гэтай найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы не сціхае ўжо сорак гадоў і ўвесь гэты час «паэтычнае, публіцыстычнае і празаічнае слова беларускіх пісьменнікаў дапамагае многім людзям справіцца з напаткаўшымі іх хваробамі, душэўным болем, псіхалагічным, а часам і псіхічным крызісам...» — такое меркаванне выказаў у прадмове да кнігі «Чарнобыльскія саракавіны» старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос.

Саракавіны — адмераны час, у які з даўніны прынята ўспамінаць пра спачылых, пра тых, хто пакінуў гэты свет, але не знік з памяці ўдзячных нашчадкаў. Таму вельмі трапнай стала назва паэтычнага зборніка «Чарнобыльскія саракавіны», выдадзенага да саракагоддзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Вельмі дакладным з’яўляецца таксама выбар першага верша сярод сабраных у гэтым выданні: радкі, напісаныя трыццаць шэсць гадоў таму народным паэтам Беларусі Максімам Танкам, прысвечаны пакаленням, якім наканавана жыць пасля Чарнобыля.
Час не спыняў свой бег, жыццё зноў і зноў пацвярджала: у агульных намаганнях ліквідаваць наступствы аварыі годнае месца займаюць творцы. Сярод аўтараў новага зборніка ёсць тыя, хто ўжо дарослымі на свае вочы перажыў самыя цяжкія дні пасля аварыі, і тыя, хто нарадзіўся пасля яе. Вось некаторыя з аўтараў: старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос, пісьменніца Ірына Карнавухава, паэтэса і музыкант Марына Помаз-Лайкова. Да прэзентацыі выдання далучыўся вядомы беларускі мастак і педагог Віктар Барабанцаў, яго жывапісны твор «Чарнобыльская Мадонна» чытач сустракае на першай старонцы.

Аўтары зборніка падзяліліся асабістымі ўспамінамі аб перажытым, прачыталі выбраныя творы з кнігі.
Калектыўны зборнік выдадзены ў серыі «Бібліятэчка Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі» ў 2026 годзе Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.


Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара