Top.Mail.Ru

Прэзентацыя пошукава-мемарыяльнай выстаўкі «Тым, хто не вярнуўся з палёту» прайшла ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь

Галоўная мэта беларуска-расійскага праекта, прысвечанага подзвігу савецкіх лётчыкаў у Вялікай Айчыннай вайне, — расказаць аб баявым шляху авіяцыйных часцей і злучэнняў, дапамагчы высветліць лёсы лётчыкаў, якія да гэтага часу лічацца зніклымі без вестак, і захаваць памяць аб іх для будучых пакаленняў. 


Праца дзеля памяці пакаленняў 

За праектам стаіць шматгадовая карпатлівая праца яго ўдзельнікаў. Як адзначыла намеснік кіраўніка пошукавага атрада «Авіяпошук-Барысаў» Таццяна Балашова, экспазіцыя стала вынікам 10-гадовай работы пошукавых атрадаў з Наваполацка, Барысава, Шклова, Мінска і Масквы. На 16 планшэтах сярод іншых экспанатаў тут прадстаўлены і тыя самыя нумары самалётаў, па якіх удалося даведацца пра членаў іх экіпажаў. 

Па словах Таццяны Балашовай, для гэтага праводзілася апытанне насельніцтва на месцах былых паветраных баёў: «Апытваем адразу некалькі вёсак, знаходзім старажылаў. Старажылы паказваюць, калі памятаюць, дзе, на іх думку, падаў самалёт. Мы туды выязджаем пошукавай групай, гэтае месца адпрацоўваем, імкнёмся лакалізаваць. Часам на гэта ідзе вельмі шмат часу», — падзялілася Таццяна Балашова. Потым пачынаюцца палявыя работы, аднаўленне фрагментаў: «Працуем у архівах, вывучаем журналы баявых дзеянняў. Часцей за ўсё па 1941 годзе дакументы ў архівах адсутнічаюць, таму так важна сабраць як мага больш дадатковай інфармацыі».


Падзяку арганізатарам праекта выказала дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Алена Секач, прапанаваўшы дапоўніць экспазіцыю матэрыяламі, прысвечанымі подзвігу сучасных беларускіх лётчыкаў — маёра Андрэя Нічыпорчыка і лейтэнанта Мікіты Куканенкі. 19 мая 2021 года ў Баранавічах яны цаной сваіх жыццяў адвялі самалёт Як-130 ад жылых кварталаў.

Увекавечыць імёны герояў

Пажоўклыя здымкі зусім маладых хлопцаў у лётных шлемах тут суседнічаюць з рэальнымі фрагментамі іх самалётаў, у тым ліку Героя Савецкага Саюза Мікалая Гастэлы. Побач — асабістыя рэчы членаў яго экіпажа. Дарэчы, дакладнае месца гібелі героя да нядаўняга часу было невядома, але 26 чэрвеня 2025 года былі знойдзены астанкі самалёта, які належаў легендарнаму лётчыку. Таксама былі знойдзены фрагменты нямецкай аўтакалоны, якую падбіты самалёт пратараніў.


Сярод абломкаў сапраўднай гісторыі ёсць і сучасныя дзіцячыя малюнкі, дзе самалёты ляцяць пад мірным сонцам, і акуратныя мадэлі ваенных «Ілаў» і «Якаў», сабраныя беларускімі школьнікамі. Акрамя таго, наведвальнікі выстаўкі могуць азнаёміцца з тэматычнымі кнігамі і часопісамі аб пакарыцелях неба, мадэлямі самалётаў і іншай тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны.

«Хочацца выказаць словы падзякі людзям, якія гэтай працай займаюцца, — адзначыў начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Беларусі Сяргей Корнеў. — Тым, хто знаходзіць магчымасць і сілы, ідуць у архівы, паднімаюць дакументы, апытваюць яшчэ жывых сведкаў, збіраюць па крупінках інфармацыю, афармляюць інфармацыйныя лісты, выязджаюць і працуюць па пад'ёме астанкаў загінулых абаронцаў Айчыны». 

«За кожным з гэтых нумароў рухавікоў самалётаў — лёс чалавека», — падкрэсліла старшыня Савета па ўзаемадзеянні пошукавых атрадаў Віцебскай вобласці «Пошук» Ларыса Бруева. Паводле яе слоў, мноства людзей да гэтага часу шукае, хоча ведаць хаця б прыблізна месцы гібелі сваіх родных, месцы іх пахавання. Таму такія важныя падобныя праекты, як выстаўка «Тым, хто не вярнуўся з палёту»: дзякуючы ўпартасці людзей, якія аднаўляюць гістарычную справядлівасць, сёння мы можам назаўжды ўвекавечыць імёны сапраўдных герояў, захаваць памяць аб іх для будучых пакаленняў.


Аміна НАЗАРАВА
Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю