Top.Mail.Ru

Прэзідэнт азнаёміўся з вытворчасцю лесанарыхтоўчай тэхнікі «АМКАДОР-ЛЕСМАШ»

«Трэба рабіць хутка і працаваць столькі, колькі трэба»


У пятніцу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з рабочай паездкай наведаў Лагойскі раён Мінскай вобласці. Тут кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з вытворчым патэнцыялам прадпрыемства «АМКАДОР-ЛЕСМАШ». Падчас наведвання прадпрыемства беларускаму лідару далажылі аб вытворчасці лесанарыхтоўчай тэхнікі пад поўную патрэбу краіны і перспектывах развіцця холдынга «АМКАДОР» у цэлым. Акрамя таго, кіраўніку дзяржавы на практыцы прадэманстравалі работу комплексу машын — айчынных харвестара і форвардара.


«Сеяць цяпер трэба імгненна»

Адразу па прыездзе на прадпрыемства размова пачалася не з прамысловасці, а з сельскай гаспадаркі. Прэзідэнт пацікавіўся, як ідзе сяўба азімых у Мінскай вобласці. Даложана, што пасеяна ўжо 70 % ад запланаваных плошчаў. Завяршыць сяўбу плануюць да 5 кастрычніка. 

«Я так разумею, у Лагойску вы ўжо ўсё засеялі?» — задаў пытанне Прэзідэнт.

Першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Васіль Сысоеў паведаміў, што ў Лагойскім раёне цяжкія глебы. Акрамя таго, задача ўскладняецца з-за дажджоў.

Звяртаючыся да чыноўнікаў, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Перш чым пра лес будзем гаварыць, трэба разумець, што сеяць цяпер трэба імгненна. Не аператыўна, не хутка — проста імгненна». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў аграрыяў з улікам надвор’я ёсць усяго каля тыдня ў запасе, каб правесці сяўбу ў агратэхнічныя тэрміны і каб пасевы паспелі потым даць добрыя ўсходы. 

«Я ўсё разумею, што тут цыклоны, дажджы і гэтак далей. Але вясной мы нічога не патлумачым», — заўважыў беларускі лідар.


«Трэба працаваць на экспарт. І нам ёсць куды рухацца»

На прадпрыемстве кіраўніку дзяржавы далажылі аб вытворчасці лесанарыхтоўчай тэхнікі пад поўную патрэбу краіны і развіцці холдынга «Амкадор», а таксама аб лесанарыхтоўках. Прэзідэнт падкрэсліў важнасць для краіны вытворчасці сучаснай айчыннай лесанарыхтоўчай тэхнікі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што без адпаведнай тэхнікі ў лесе працаваць у сучасных умовах немагчыма. «Ужо сякерай або пілой „Дружба-2“ ніхто не працуе. І не трэба. Таму без вашых харвестараў, форвардараў нічога мы там зрабіць не зможам», — звярнуў увагу Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што важна і далей працаваць над павышэннем якасці прадукцыі як лінейкі лесанарыхтоўчай тэхнікі, так і прадукцыі холдынга «АМКАДОР» у цэлым. «Я вельмі разлічваю, што ты падштурхнеш „АМКАДОР“ не ўніз, а ўверх, і будзе вынік», — звярнуўся беларускі лідар да генеральнага дырэктара ААТ «АМКАДОР» — кіруючая кампанія холдынга Аляксандра Яфімава.

«На гэта мы і нацэленыя, — запэўніў Прэзідэнта кіраўнік холдынга. — Тэхналагічна мы гатовыя закрываць усю патрэбу Міністэрства лясной гаспадаркі — ад высечак догляду і санітарных высечак да прамысловай лесанарыхтоўкі». Аляксандр Яфімаў падкрэсліў, што прадпрыемства гатова працаваць у тым ліку з перспектывай нарошчвання аб’ёмаў, каб своечасова прыбіраць саспелы лес, на чым робіць акцэнт кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што трэба не толькі забяспечваць патрэбы ўнутранага рынку, але і пастаўляць гэтую прадукцыю на экспарт. Напрыклад, у Расійскую Федэрацыю. «Трэба працаваць на экспарт. І нам ёсць куды рухацца», — адзначыў ён. 

Больш за палову лесанарыхтоўчай тэхнікі — вытворчасці «АМКАДОР»

Кіраўнік дзяржавы таксама цікавіўся структурай холдынга. Было даложана, што ў яго склад уваходзяць 13 юрыдычных асоб. ТАА «АМКАДОР-ЛЕСМАШ» — вядучы ў Беларусі вытворца высокатэхналагічнай лесанарыхтоўчай тэхнікі поўнага цыкла — харвестараў, форвардараў, тралёвачных машын. Штогод тут выпускаюць 120 адзінак тэхнікі. У цэлым жа вытворчыя магутнасці холдынга «АМКАДОР» дазваляюць вырабляць да 140-150 адзінак лесанарыхтоўчай тэхнікі ў год. 

Да 2026 года сфарміравана паўнавартасная гама з 8 мадэляў, уключаючы створаныя васьміколавыя форвардар і харвестар для асабліва цяжкіх умоў работы. Новыя мадэлі асвоілі дзякуючы мадэрнізацыі, якая завяршылася летась.

Прадукцыя «АМКАДОРа» сёння закрывае асноўную патрэбу лесапрамысловага комплексу Беларусі, забяспечваючы тэхналагічны суверэнітэт галіны. Наменклатуру дапаўняе тэхніка холдынга МТЗ, што ў сукупнасці дазваляе цалкам забяспечыць краіну айчыннымі машынамі.

Да пераваг лесанарыхтоўчай тэхнікі, выпушчанай на «АМКАДОР-ЛЕСМАШы», адносяць аптымальныя суадносіны цаны і якасці, прастату і надзейнасць канструкцыі, высокую ўніверсальнасць, манеўранасць, эканамічнасць і прадукцыйнасць, камфорт у выкарыстанні, уласную вытворчасць камплектуючых.

Як далажылі кіраўніку дзяржавы, 52 % агульнага парку лесанарыхтоўчай тэхнікі займаюць машыны вытворчасці «АМКАДОР». Да цяперашняга часу прадпрыемства ў Лагойску выйшла на праектную магутнасць у 120 адзінак тэхнікі ў год. Пры гэтым сярэдняе выкарыстанне лясных машын да 2030 года прагназуецца на ўзроўні 100 адзінак штогод. Такім чынам, магутнасці «АМКАДОР-ЛЕСМАШ» дазваляюць у перспектыве не толькі закрыць патрэбы лесагаспадарчага комплексу Беларусі, але і пастаўляць машыны на экспарт.

Прэзідэнт у гэтай сувязі пацікавіўся, ці працуе прадпрыемства на максімум. «Мы выпускаем 120 машын. Мы задавальняем патрэбу ўнутранага і знешняга рынкаў?» — задаў канкрэтнае пытанне кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Яфімаў адзначыў, што ў дзеючых карпусах нарасціць вытворчасць тэхнікі немагчыма, аднак у прадпрыемства ёсць рэзерв для развіцця за кошт магчымага пашырэння плошчаў.

Беларускі лідар пацікавіўся якасцю айчыннай тэхнікі ў міністра лясной гаспадаркі Сяргея Ульдзіновіча — чалавека, які мае самае прамое дачыненне да лясной галіны і можа назіраць машыны «АМКАДОР» непасрэдна падчас работы.

«Што цябе не задавальняе тут, што дрэнна? Над чым трэба працаваць?» — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. Па словах міністра, у лесагаспадарчай тэхнікі «АМКАДОР» меліся пэўныя праблемы, аднак большасць з іх вырашана. «Калі цябе задавальняе, табе і адказваць за ўсе касякі ў лесе, якія я бачу», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка міністра.

Лакалізацыя на ўзроўні Саюзнай дзяржавы — 87 %

У ходзе дакладаў кіраўніку дзяржавы расказалі аб эканамічных паказчыках. Было адзначана, што на бягучы перыяд і па выніках года назіраецца станоўчы прырост па ўсіх параметрах: і па таварнай прадукцыі, і па экспарце тавараў. «Экспарт у нас ёсць як прамы з прадпрыемства, так і ў выглядзе паставак машынакамплекта для зборкі ў Расійскай Федэрацыі пад іх праграмы закупак. Дабаўленая вартасць на аднаго работніка таксама павялічваецца. Тэмпы росту будуць вышэй за 120 %. Маецца прыбытак ад рэалізацыі. Па годзе разлічваем 13 мільёнаў 300 тысяч атрымаць і выйсці па выніках у чыстым прыбытку ў памеры амаль 5 мільёнаў 400 тысяч беларускіх рублёў. Дадатная рэнтабельнасць па выніках года — 9,4 %», — расказаў кіраўнік холдынга.

Акрамя таго, на прадпрыемстве рэалізаваны 2 інвестпраекты ў рамках розных праграм. Першы быў рэалізаваны ў рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект». «Мы стваралі машыны з нашай айчыннай кампанентнай базай, — падзяліўся Аляксандр Яфімаў. — Другі праект — інтэграцыйны, імпартазамяшчальны. Гэта тое, пра што вы дамаўляліся з Прэзідэнтам Расіі. Нас прафінансавала Расійская Федэрацыя для таго, каб гэтыя машыны і машынакамплекты маглі вырабляцца для патрэб Расіі. У рамках крэдыту прыцягнуты 21 мільён рублёў для мадэрнізацыі магутнасцяў. Гэта дазволіла нам у 2023 годзе ў два разы нарасціць аб’ёмы выпуску і стварыць новую лінейку, цалкам з нуля спраектаваць новыя сучасныя лясныя машыны». 

Кіраўніку дзяржавы таксама было даложана аб кампанентнай базе форвардараў. Сёння ўзровень лакалізацыі перавышае 60 %. У Расіі закупляюцца 25 % камплектуючых. Гаворка — пра рухавікі, якія вырабляюцца на базе Яраслаўскага маторнага завода. І яшчэ 13 % — гэта той імпарт, які, па словах кіраўніка холдынга, сёння лакалізоўваць эканамічна немэтазгодна. Неабходныя кампаненты прывозяць з КНР.

«Такім чынам, лакалізацыя на ўзроўні Саюзнай дзяржавы складае 87 %», — канкрэтызаваў Аляксандр Яфімаў, дадаўшы, што па харвестарах сітуацыя прыкладна такая ж, за выключэннем аднаго вузла харвестарнай галавы. 

«Мы рэалізавалі ў Мінску інвестпраект, які прафінансаваны ў тым ліку Мінскім гарвыканкамам. Вырабілі два тыпаразмеры харвестарных галоў. Сёння іх прадэманструем». 

Кіраўнік дзяржавы ў гэтай сувязі пацікавіўся, ці выкарыстоўвалі іх на практыцы.

«Ужо спрабавалі. Адна дэталь адпрацавала 760 гадзін у лесе. Усе разлікі, віртуальныя выпрабаванні, выпрабаванні ў лесе праводзім сумесна з навукоўцамі», — адказаў кіраўнік холдынга.

«Не расслабляцца ні ў якім разе»

Па выніках дакладаў кіраўнік дзяржавы паставіў напружаныя задачы для лясной галіны. Гэта датычыцца як выпуску неабходных машын і абсталявання, так і лесанарыхтоўкі, вытворчасці, запатрабаванай на знешніх рынках прадукцыі з дрэва. 

«Мужыкі, трэба спяшацца, трэба рабіць хутчэй. Такога перыяду (складанага, цяжкага, але ў той жа час выгаднага для нас) больш у гісторыі Беларусі ў агляднай будучыні не будзе. Таму трэба спяшацца. Ні ў якім разе не расслабляцца. Чаму? Таму што вы хутчэй зоймеце рынкі, якія вызваляюцца. А ў Беларусі нам трэба адназначна ўзмацняць нарыхтоўку лесу, — падкрэсліў беларускі лідар. — Санкцыі там быццам бы неяк здымаюць, рух ёсць. Трэба нарыхтоўваць лес». 

Гаворачы пра запатрабаванасць прадукцыі лясной галіны, ён прывёў у прыклад у тым ліку супрацоўніцтва з Аманам. У прыватнасці, раней Мінск і Маскат дасягнулі дамоўленасцяў аб будаўніцтве ў Беларусі цэлюлозна-кардоннага камбіната. «Мае перагаворы з азіяцкімі краінамі, Аманам... Адразу ставяць пытанне: мэбля, лес, папера. Нам трэба хутчэй ісці», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.

Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў адзначыў, што магчымасці нарасціць перапрацоўку сапраўды ёсць. Гэта неабходна з улікам таго, што назапасіліся вялікія аб’ёмы тэхнічнай драўніны. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта неабходна рабіць, але пераважна не за кошт нарошчвання магутнасцяў, а максімальнага задзейнічання ўжо наяўных. Інакш у будучыні, калі гэтыя магутнасці не будуць загружаныя ў поўнай меры, можа скласціся сітуацыя, як цяпер у нямецкім аўтапраме.

«Вы мне не расказвайце пра нарошчванне магутнасцяў, аб’ёмы перапрацоўкі. Гэта будзе, як цяпер „Мерседэс“ у Германіі. Трэба папрацаваць на пяць гадзін у тыдзень больш, — сказаў Прэзідэнт. — Трэба рабіць хутка і працаваць столькі, колькі трэба. Тым больш у нас жа людзі хочуць працаваць. У нас людзі — працаўнікі, паслухмяныя, яны заўсёды адрэагуюць. Трэба толькі з імі размаўляць, тлумачыць і, натуральна, плаціць».

Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым звярнуў увагу на дастойную заработную плату работнікаў «АМКАДОР-ЛЕСМАШ»: «Для раённага цэнтра гэта наогул завоблачна. Мы калісьці пра 500 долараў марылі, а яны ўжо тут больш за тысячу атрымліваюць. Выдатная заработная плата, што яшчэ трэба?»

Пасля дакладаў Прэзідэнт наведаў вытворчыя ўчасткі прадпрыемства. Кіраўніку дзяржавы на практыцы прадэманстравалі работу айчынных харвестара і форвардара. 

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней быў прыняты шэраг рашэнняў па «АМКАДОРу», у тым ліку ў фінансавых адносінах. Прэзідэнт жорстка спытаў адказных чыноўнікаў: «Вынік ёсць ад гэтага? Ці зноў гэта глыток паветра, а далей будзе яма?» 

«Пра санкцыі забараняецца гаварыць. Ніякіх размоў! Гэта час магчымасцяў»

На прадпрыемстве, дзе ствараюць лясную тэхніку, Прэзідэнту падрабязна расказалі аб вытворчасці і прадэманстравалі гатовую прадукцыю. На «АМКАДОР-ЛЕСМАШ» вырабляюць узоры поўнага цыклу ад ліставога металу да гатовага харвестара. Прэзідэнту паказалі, як з простага ліставога пракату нараджаецца машына, здольная за гадзіны справіцца з тым, на што раней сыходзілі дні ручной працы. 

Тэхналогія пачынаецца са склада металапракату. Далей — зона металаапрацоўкі: дэталі наразаюцца, гнуцца, потым варацца на рабатызаваных комплексах. Зварачныя вузлы збіраюцца ў канструкцыі і паступаюць на два ўнікальныя рабатызаваныя комплексы — тыя самыя, што распрацоўваліся спецыяльна для гэтага завода. Пасля зваркі робаты працуюць у аўтаматычным рэжыме, і прадукцыйнасць тут больш чым удвая вышэйшая за ручную зварку, якая была раней, а гэта высокая якасць шва і надзейнасць канструкцый.

Аляксандру Лукашэнку паказалі і тое, што робіцца па імпартазамяшчэнні: якая кампанентная база прымяняецца, як кабіна лесанарыхтоўчай машыны выглядае знутры — па камфорце яна адпавядае ўсім сусветным стандартам. Маецца і свая электракампанентная база, развіваецца лінейка гідрамеханічных каробак перадач.

Кіраўніку дзяржавы расказалі аб выкананні задачы, якую ён паставіў пры наведванне аўтобуснай вытворчасці на МАЗе (у студзені 2025 года. — «Зв.»), — асвоіць партальны мост для нізкападлогавага грамадскага транспарту (раней прадпрыемства залежала ад імпарту складаных вузлоў, у тым ліку і ад партальных мастоў заходняй і азіяцкай вытворчасці. — «Зв.»). 

«У кааперацыі з МАЗам мы вырабілі гэта. Устаноўка першага моста з чатырох будзе весціся ўжо ў кастрычніку, да лістапада аўтобус пойдзе на эксплуатацыйнае выпрабаванне — гэта поўны аналаг замежнага ўзору», — паведамілі на прадпрыемстве.

Што датычыцца імпартазамяшчэння, то на прадпрыемстве вырабляюцца айчынныя камплектуючыя, якія не саступаюць найлепшым замежным узорам. Гэта ў тым ліку харвестарныя галоўкі — самы дарагі і навукаёмісты вузел. Гэты кірунак работы стаў тым больш актуальным пасля ўвядзення шэрагам краін санкцый у дачыненні да Беларусі і яе прадпрыемстваў.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым нагадаў аб сваім першапачатковым патрабаванні да чыноўнікаў і кіраўніцтва прадпрыемстваў. «Пра санкцыі забараняецца гаварыць. Ніякіх размоў! Гэта час магчымасцяў. Калі б нас не прыціснулі, мы б гэта не мелі. А калі б мелі, то не пры нашым жыцці. Калі ласка — вынік: не хочаце — не трэба, мы зрабілі самі. І калі мы разумная машынабудаўнічая краіна, мы павінны гэта рабіць, чаго б ні каштавала», — падкрэсліў ён на прыкладзе асваення вытворчасці ў Беларусі ўсёй неабходнай тэхнікі для лесанарыхтоўкі.

Прэзідэнт адзначыў, што пад падобныя праекты ў дзяржаве заўсёды знойдуцца сродкі. Галоўнае — не ўпусціць момант, каб вырабіць запатрабаваную прадукцыю і заняць сваю нішу на рынку. І гэта датычыцца не толькі лесанарыхтоўчай тэхнікі. 

«Лішніх грошай ніколі не было і не будзе. Але, тым не менш, я напружваю і Нацыянальны банк, і ўрад, каб мы знаходзілі гэтыя грошы. Як? Гэта наша пытанне. Але цяпер трэба больш аператыўна і хутчэй, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. — Рух ёсць. Для мяне важная дынаміка. Той выйграе, хто сёння будзе бегчы. Хутка трэба рабіць і па продажах, і іншае».

«Я вельмі ўважліва сачу за „АМКАДОРАМ“. Гэта для нас вельмі важна»

Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання прадпрыемства нагадаў аб задачах, якія стаяць перад холдынгам, а таксама па іншых кірунках у прамысловасці. Што датычыцца і канкрэтна прадпрыемства ў Лагойскім раёне, і холдынга «АМКАДОР» у цэлым, кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што пазітыўная дынаміка ёсць.

«Значыць, вынік будзе. Ну дай бог. Я вельмі ўважліва сачу за „АМКАДОРАМ“. Гэта для нас вельмі важна. Не хачу нават гаварыць, якое значэнне мае. Сам ведаеш, лепш за мяне», — звярнуўся Прэзідэнт да Аляксандра Яфімава.

Цяперашні кіраўнік холдынга — у нядаўнім мінулым міністр прамысловасці. Ён узначаліў кампанію летам 2025 года, але і да міністэрскай пасады працоўны шлях Аляксандра Яфімава быў цесна звязаны з «АМКАДОРАМ». Пры накіраванні на «АМКАДОР» новага кіраўніка Аляксандр Лукашэнка ставіў задачы па вывадзе прадпрыемства з цяжкага становішча, развіцці вытворчасці і больш актыўнай рабоце на знешніх рынках. За год у гэтым кірунку нямала зроблена, але і наперадзе яшчэ шмат працы. Гаворачы аб цяперашніх задачах Аляксандра Яфімава, Прэзідэнт адзначыў: «Ты павінен ажыццявіць прарыў на гэтым фронце».

Стратэгічна важныя пытанні імпартазамяшчэння

У віцэ-прэм’ера Віктара Каранкевіча Аляксандр Лукашэнка спытаў, як ідуць справы з распрацоўкай і вытворчасцю некаторых тэхнічных навінак для айчыннай прамысловасці. «Даільны апарат гатовы?» — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

«Да снежня будзе гатовы. І мы яго будзем дэманстраваць», — далажыў віцэ-прэм’ер. Гэту рабатызаваную даільную ўстаноўку ўжо папярэдне дэманстравалі кіраўніку дзяржавы ў канцы 2025 года. Айчынны праграмны комплекс для яе распрацоўвалі ў «H-холдынгу». А сам апарат закліканы закрыць найважнейшую патрэбу для сегмента аўтаматызацыі жывёлагадоўлі.

«У эксперыменце пакуль атрымліваецца. Я наведваў, бачыў гэта ўсё», — далажыў намеснік Старшыні Усебеларускага народнага сходу, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Мінскай вобласці Аляксандр Косінец.

Яшчэ адзін кірунак, за які асабіста адказвае Віктар Каранкевіч, — канчатковая адпрацоўка тэхналогіі і запуск у серыю першага айчыннага камбінаванага рулоннага прэс-падборшчыка. Доследны ўзор Прэзідэнту прадэманстравалі летам гэтага года падчас рабочай паездкі ў Бярозаўскі раён. «Па 4 тысячы кожны прэс ужо зрабіў рулонаў. Далей працягваем выпрабаванні», — далажыў віцэ-прэм’ер.
Міністру прамысловасці Андрэю Кузняцову Прэзідэнт даручаў асвоіць у Беларусі вытворчасць якаснай гідраўлікі, якая запатрабавана на многіх прамысловых прадпрыемствах краіны. «Мы пасля вашага даручэння правялі нараду на нашай асноўнай кампаніі „Салеа“ ў Дзяржынску. Прыцягнулі не толькі нашы падведамасныя прадпрыемствы, але і прыватніка», — сказаў міністр.

Аляксандр Лукашэнка даручыў прыцягваць усіх, каго неабходна, аж да замежных экспертаў. «Калі трэба з-за мяжы — купім, заплацім, калі будзе магчымасць кагосьці прыцягнуць», — сказаў ён.

Андрэй Кузняцоў далажыў, што ў плане вытворчасці ўласнай гідраўлікі ў краіне ўжо ёсць вынікі. Напрыклад, айчыннай гідраўлікай камплектуецца 80 % тэхнікі, што вырабляецца на МТЗ, а таксама «Гомсельмашы». Паралельна дадаткова вядуцца работы над павышэннем якасці. Міністр упэўнены, што на працягу будучага года пры рэалізацыі даручэння кіраўніка дзяржавы будзе паказаны годны вынік.

«Землі і лес — гэта наша ўсё»

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што зямельныя і лясныя рэсурсы вельмі важныя для Беларусі. «Землі і лес — гэта наша ўсё, — падкрэсліў беларускі лідар. — Трэба займацца культуртэхнікай. Але толькі тады, калі ёсць аддача ад таго, што ў цябе акультурана. Я гляджу, нам на многіх палях трэба нешта высякаць, прыбіраць, выдзіраць гэтыя пні і апрацоўваць глебу. Трэба больш і больш займацца меліярацыяй, культуртэхнікай, каб вяртаць землі да жыцця».

Прэзідэнт звярнуў увагу, што цэны на прадукты харчавання ў свеце сур’ёзна растуць, і для Беларусі, якая іх вырабляе з лішкам і экспартуе, гэта добра. «Для таго, каб прадукты харчавання мець, трэба землі і тэхналогіі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт яшчэ раз нагадаў аб задачы па ўдасканаленні тэхналагічнай і арганізацыйнай кіравальнасці ў буйных аб’яднаных сельгасарганізацыях. Даручэнні па гэтай тэме былі дадзены кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыю Крутому і памочніку Прэзідэнта — інспектару па Магілёўскай вобласці Надзеі Каткавец пасля рабочай паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Шклоўскі раён. Тыднем раней кіраўнік дзяржавы наведаў там сельгаспрадпрыемства «Гавяды-агра», якое некаторы час таму было ўзбуйнена — да яго дадалі чатыры суседнія сельскагаспадарчыя арганізацыі. 

«Пяць гаспадарак (у агульнай складанасці. — „Зв.“). Раней там быў старшыня, намеснік, спецыялісты ўсе і 20 чалавек у канторы. Сёння ў аб’яднанай гаспадарцы нават начальніка ўчастка няма. Ну а як можна працаваць? Я гавару: „Як ты кіруеш гаспадаркай?“. А ў нас, гаворыць (кіраўнік „Гавяды-агра“. — „Зв.“), ёсць заатэхнік, аграном, ветурач і іншыя», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка аб сваёй нядаўняй размове ў Шклоўскім раёне. 

Прэзідэнт упэўнены, што такім чынам немагчыма эфектыўна выбудоўваць кіраўніцкія працэсы. Хоць бы таму, што тэрыторыі гаспадаркі знаходзяцца адна ад адной на адлегласці да 40-50 кіламетраў. Спецыялістам, каб нешта пракантраляваць, трэба рэгулярна праязджаць гэтыя адлегласці ў абодва бакі. Гэта і доўга, і затратна, і не заўсёды магчыма. 

«І вось я пасля гэтага дадому прыехаў — ноччу спаць не магу, думаю, як ён кіруе гэтай махінай. Пяць гаспадарак — начальнікаў участкаў няма», — падзяліўся Аляксандр Лукашэнка. 

Ён растлумачыў, што пры наяўнасці такіх начальнікаў участкаў на тэрыторыі былых асобных гаспадарак цяперашні кіраўнік мог бы на планёрцы паставіць неабходныя задачы з улікам рэкамендацый агранома і іншых спецыялістаў, а далей ужо ход работ кантраляваўся б на месцах. «Начальнік участка ўзяў трактарыста, трактар, сеялку. І ён засявае гэтае поле. Ён кантралюе», — прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы.

«Вось так пааб’ядноўвалі гаспадаркі, а не падумалі, як кіраваць. Тэхналагічна як будзе кіравацца (добра, там спецыялісты), а галоўнае — арганізацыйна? — падкрэсліў Прэзідэнт. — Вось я ім з Каткавец паставіў задачу». 

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што наводзіць парадак у гэтым і іншых пытаннях на прыкладзе Шклоўскага раёна, каб паказаць усім астатнім, як трэба рабіць. «Таму што я ведаю там кожную дарогу, кожную сцяжынку», — адзначыў Прэзідэнт.

Аналагічна з сельскай гаспадаркай Прэзідэнт звярнуў увагу на пытанні кіравальнасці на буйных прамысловых аб’яднаннях і холдынгах. «Мы холдынгі стварылі. Але ў прамысловасці — ні ў якім разе кіраванне не страціць», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.

У дачыненні да сельскай гаспадаркі Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра яшчэ адну задачу, пра што таксама ішла размова падчас нядаўняй рабочай паездкі ў Шклоўскі раён. Гэта павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці бульбы ў краіне, але абавязкова пад пошук і пашырэнне рынкаў збыту.

Тэхніка вытворчасці «АМКАДОР» цяпер ёсць і ў Прэзідэнта: Аляксандру Лукашэнку падарылі ўніверсальны колавы пагрузчык W500C, якому прысвоены Дзяржаўны знак якасці. І яшчэ адзін — у мініяцюры. Ён адправіцца ў Палац Незалежнасці. Яшчэ адным падарункам кіраўніку дзяржавы стала карціна на тэму лесанарыхтоўкі: на палатне харвестар валіць лес, а форвардар загружае драўніну. 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, Надзея ЗУЕВА

Фота БелТА

Лагойскі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю