Аб чым Аляксандр Лукашэнка гаварыў з кіраўнікамі ўрадавых дэлегацый краін ЕАЭС і СНД
Мінск застаецца цэнтрам прыцягнення для ўсіх зацікаўленых у эфектыўнай еўразійскай інтэграцыі. ЕАЭС і СНД — нязменна застаюцца ключавымі напрамкамі ў знешняй палітыцы Беларусі. Многае на гэтым вектары ўжо дасягнута, але і нямала работы наперадзе. Дасягненні і перспектывы інтэграцыі на прасторы Еўразіі абмяркоўвалі ў Палацы Незалежнасці. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўнікамі ўрадавых дэлегацый, якія ўдзельнічаюць у пасяджэннях Еўразійскага міжурадавага савета і Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

«Спалучэнне двух фарматаў — ЕАЭС і СНД — дапамагае нашым дзяржавам маштабіраваць патэнцыял эканамічнага супрацоўніцтва»
Вітаючы кіраўнікоў урадаў краін Еўразійскага эканамічнага саюза і Садружнасці Незалежных Дзяржаў, прадстаўнікоў краін-назіральніц і кіраўнікоў гэтых інтэграцыйных структур на беларускай зямлі, беларускі лідар нагадаў, што літаральна некалькі месяцаў таму ў Мінску на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў прадметна і дэталёва абмяркоўваліся стратэгічныя кірункі супрацоўніцтва ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза.
«Сённяшнюю сустрэчу я разглядаю найперш як карысны, змястоўны дыялог у развіццё тых перагавораў, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Сёння мы сабраліся ўжо ў пашыраным фармаце — з удзелам прадстаўнікоў краін, якія ўваходзяць у Садружнасць Незалежных Дзяржаў. Спалучэнне двух фарматаў — ЕАЭС і СНД — дапамагае нашым дзяржавам маштабіраваць патэнцыял эканамічнага супрацоўніцтва на шырокі інтэграцыйны контур, сумесна вырашаць самыя складаныя задачы ў рэальным сектары эканомікі».
Як вынік, дзяржавы СНД і ЕАЭС дэманструюць нядрэнныя тэмпы развіцця. Як звярнуў увагу беларускі лідар, у 2024 годзе ВУП у гэтых аб’яднаннях вырас на 4,5 %. На такім жа ўзроўні склаўся і рост прамысловай вытворчасці. «Пад кантролем знаходзяцца інфляцыйныя працэсы, адсутнічае праблема беспрацоўя (хутчэй, наадварот), забяспечваецца рост даходаў насельніцтва», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Па словах Прэзідэнта, захаванню эканамічнай стабільнасці і росту ключавых паказчыкаў у рэгіёне павінны садзейнічаць рэалізацыя сумесных навукова-тэхнічных распрацовак і праектаў, фарміраванне ўстойлівых транспартна-лагістычных схем, пашырэнне ўзаемавыгаднага гандлю і інвестыцый.
«Беларусь з савецкіх часоў надае асаблівую ўвагу прамысловасці, асабліва машынабудаванню, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У гэтай сферы мы бачым сваю спецыялізацыю і, калі хочаце, прызванне. Спадзяюся, што міжнародная прамысловая выстаўка „ІНАПРАМ. Беларусь“ дапамагла вам атрымаць поўнае ўяўленне аб узроўні развіцця індустрыі ў Беларусі, а таксама ацаніць патэнцыял прамысловай кааперацыі нашых краін у рамках нашых саюзаў».
«Усё неабходнае для паспяховай кааперацыі ўсіх нашых краін ёсць»
Яшчэ адзін важны складнік рэгіянальнай інтэграцыі, на які звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, — харчовая бяспека. «Не проста развіццё сельскай гаспадаркі, а менавіта харчовая бяспека, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта пытанне сацыяльнай стабільнасці і, без перабольшання, існавання народаў і дзяржаў. Асабліва сёння, калі амаль мільярд насельніцтва ў свеце галадае».
Па словах Прэзідэнта, сур’ёзнасць гэтага пытання ў Беларусі зразумелі даўно, а ўведзеныя супраць Беларусі дзікія санкцыйныя абмежаванні толькі пацвердзілі правільнасць узятага курсу на дасягненне самазабяспечанасці па самых крытычных пазіцыях.
«Усё неабходнае для паспяховай кааперацыі ўсіх нашых краін у аграпрамысловай сферы і рэалізацыі амбіцый на знешніх рынках харчавання ёсць», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. У гэтым ключы беларускі лідар вітае выпрацаваныя прапановы аб распаўсюджванні дзейнага механізму субсідзіравання кааперацыйных праектаў у прамысловасці з бюджэту ЕАЭС на праекты ў АПК.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што сёння вельмі шмат гаворыцца аб лічбавізацыі. «Я ўжо гавару: не перабраць бы», — удакладніў ён. Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што на належным узроўні гэтага супрацоўніцтва пакуль няма. У якасці прыкладу ён адзначыў, што доўгія гады застаецца неўрэгуляваным пытанне аб прызнанні лічбавага подпісу.
Выправіць сітуацыю ў гэтай галіне, па меркаванні Прэзідэнта, дапаможа рэалізацыя дзвюх задач. «Першая — адкрыць узаемны доступ да нацыянальных інфармацыйных сістэм, і другая — забяспечыць іх сумяшчальнасць, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — З Расіяй мы рухаемся ў гэтым плане вельмі прыстойна. У бліжэйшы час мы гэтыя пытанні вырашым, і калі будуць жадаючыя выкарыстоўваць наш вопыт, — калі ласка».
«Гандаль — толькі частка ўсяго спектру міжнародных адносін»
Аляксандр Лукашэнка падняў яшчэ адно важнае пытанне: «З моманту ўтварэння ЕАЭС прайшло больш за 10 гадоў, а СНД — амаль 35. І калі ў гандлі таварамі мы дабіліся стварэння рэальнага ўнутранага рынку, хоць і з пэўнымі выключэннямі, абмежаваннямі, то ў гандлі паслугамі засталіся на ўзроўні базавых дамоўленасцяў. А больш за палову нашага ВУП фарміруецца менавіта сферай паслуг». Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным канкрэтна праявіць палітычную волю ў гэтым пытанні і заявіць аб нашай цвёрдай прыхільнасці паскарэнню інтэграцыі ў сферы паслуг, а разам з гэтым і інтэнсіфікацыі інвестыцыйнага супрацоўніцтва.
Беларускі лідар закрануў тэму міжнароднай дзейнасці інтэграцыйных аб’яднанняў. «Стварэннем спрыяльнага асяроддзя для прасоўвання на знешнія рынкі прадукцыі, зробленай у ЕАЭС і СНД, трэба займацца пастаянна і на самым якасным узроўні», — агучыў ён ключавы тэзіс.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў рамках ЕАЭС развіваецца інстытут дзяржавы-назіральніцы. У снежні мінулага года гэты статус атрымаў Іран. Паступілі адпаведныя звароты з Венесуэлы, Нікарагуа і М’янмы. «Такі ж вектар развіцця прыняты і ў СНД. У бягучым годзе выходзім на практычны вынік: на сённяшні дзень у нашых краінах ідзе ўзгадненне звароту ШАС аб статусе назіральніка пры Садружнасці. Упэўнены, што мы зможам прыняць адпаведнае рашэнне ўжо на Савеце кіраўнікоў дзяржаў СНД, запланаваным на 10 кастрычніка гэтага года ў Душанбэ, — працягнуў кіраўнік дзяржавы. — Беларусь таксама вітае ініцыятыву нашых казахстанскіх калег аб стварэнні фармату „СНД-плюс“ у якасці новай платформы шматбаковага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц Садружнасці з міжнароднымі партнёрамі».

Прэзідэнт указаў на пашырэнне контураў свабоднага гандлю. У маі бягучага года ўступіла ў сілу поўнафарматнае пагадненне ЕАЭС з Ісламскай Рэспублікай Іран. У чэрвені гэтага года ў Мінску падпісаны гандлёвыя пагадненні з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі і Манголіяй. Завяршаецца перагаворны працэс з Інданезіяй. Аднавіўся адпаведны дыялог з Індыяй. «Але гандаль — гэта толькі частка ўсяго спектру міжнародных адносін, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Саміт ШАС, які нядаўна адбыўся ў Кітаі, пацвердзіў імкненне сусветнай большасці да супрацоўніцтва на прынцыпах раўнапраўя і ўзаемапавагі. Без дыктату і пагроз, незаконных абмежаванняў і прымусу».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь бачыць у СНД і ЕАЭС сур’ёзных удзельнікаў працэсу стварэння справядлівага шматпалярнага светаўладкавання. «Па сутнасці, праз Еўразійскі эканамічны саюз і Садружнасць Незалежных Дзяржаў сфарміраваўся шматузроўневы механізм рэгіянальнага ўзаемадзеяння, нацэлены на спалучэнне інтэграцый, — канстатаваў ён. — Садружнасць павінна замацавацца як аўтарытэтная, ўплывовая арганізацыя, якая на справе спрыяе ўмацаванню раўнапраўных адносін у палітычнай і гуманітарнай сферах. У сваю чаргу Еўразійскі эканамічны саюз павінен стаць прыкладам пабудовы трывалых эканамічных сувязяў на прынцыпах адкрытасці і ўзаемнай выгады».

«Галоўнае — наша адзінства»
Падсумоўваючы ўсё сказанае, кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што падмурак, аснова адносін — гэта эканоміка. І сёння гэта надзвычай актуальна. Ён прызнаў, што ў кожнай дзяржавы свае падыходы да эканамічных пытанняў. «Я скажу проста, па-зямному: давайце не страцім тое, што напрацавана папярэднімі пакаленнямі нашых людзей. Давайце захаваем тое, што ў нас ёсць: нашы эканамічныя адносіны, наш эканамічны падмурак. А калі пакрыху будзем дадаваць, нешта беручы на іншых рынках, гэта добра. Але гэта вельмі складана сёння», — звярнуўся да прысутных Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ва ўсіх войнах і канфліктах аснова — эканамічная. «Ідзе перадзел свету, ідзе канкрэтная бітва, барацьба. Хацелася б, каб у гэтай барацьбе мы выстаялі. А выстаяць толькі можам разам», — дадаў ён.
«Вы — генералы ў эканоміках сваіх краін, — звярнуўся Прэзідэнт да ўдзельнікаў сустрэчы. — Я чалавек ужо, як нядаўна сказаў тут мой калега, якога сваім сынам лічыў, Валодзя Зяленскі, „старыя“ мы тут з Пуціным, дзесьці там „шэпчамся па кутах“ на шкоду іншым. Глупства поўнае».
Беларускі лідар заклікаў усіх трымацца разам, не бегчы ў розныя бакі. «Ніхто нідзе нас не чакае. Адарваць ад агульнага могуць, гісторыя пра гэта кажа. Адарвалі і кінулі. І каму потым мы патрэбныя? Нікому. Таму галоўнае — наша адзінства. Захаваць тое, што напрацавана ранейшымі пакаленнямі, тое, што ў нас ёсць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым, ён заўважыў, што цэнтрам гэтых працэсаў традыцыйна з’яўляецца Расія. «Яна павінна ўнесці галоўны ўклад, каб склеіць, аб’яднаць, не даць разваліцца ў гэты час нашым саюзам і нашаму галоўнаму Саюзу. Цяжка, Расіі заўсёды было цяжка. Але яна павінна выканаць у гэтым плане сваю ролю. А мы павінны не проста дэманстраваць, а рухацца ў гэтым кірунку», — заклікаў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, трэба ўлічваць асаблівасці кожнай суверэннай краіны і, зыходзячы з гэтых рэалій выбудоўваць адносіны, не забываючы, што ў іх аснове — эканоміка.
«Давайце падтрымліваць эканоміку на самым высокім узроўні, — прапанаваў Прэзідэнт. — У аснову трэба пакласці справядлівасць і шчырасць раўнапраўя нашых адносін. Думаю, тыя, хто сядзіць за гэтым сталом, гэта разумеюць не горш за мяне».
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз пажадаў усім паспяховай працы ў Мінску і запэўніў, што беларускі бок зробіць усё магчымае ў вырашэнні тых ці іншых пытанняў.

«Мы цвёрда накіраваны пашыраць і ўмацоўваць наша супрацоўніцтва»
Прэм’ер-міністр Рэспублікі Таджыкістан (краіна сёлета старшынствуе ў СНД) Кахір Расулзада выказаў удзячнасць беларускаму боку за высокую арганізацыю мерапрыемстваў, якія прайшлі ў Мінску, і гасціннасць нашага народа. Ён падкрэсліў, што Таджыкістан заўсёды надаваў асаблівае значэнне цеснаму сяброўству і добразычлівым адносінам з Беларуссю. «Мы цвёрда накіраваны пашыраць і ўмацоўваць наша супрацоўніцтва па ўсіх параметрах як двухбаковага, так і шматбаковага ўзаемадзеяння, — адзначыў Кахір Расулзада. — Урады нашых краін актыўна супрацоўнічаюць у рамках міжурадавых камісій і саветаў. Што датычыцца міжнародных і рэгіянальных аб’яднанняў — такіх, як СНД, АДКБ, ШАС, — пазіцыі нашых краін у асноўным заўсёды супадаюць і ўзаемна падтрымліваюцца».
Па словах Прэм’ер-міністра Таджыкістана, падчас візіту ў Беларусь удалося ўбачыць дасягненні нашай краіны, асабліва ў сферы прамысловасці. «Вы дасягнулі вялізных поспехаў, гэта нас радуе і, вядома, бачна, што гэта ўзаемазамяняльная работа, праца зроблена вельмі вялізная, — канстатаваў ён. — І мы выказваем упэўненасць, што паступальныя адносіны з сяброўскай Беларуссю будуць мець тэндэнцыю няўхільнага росту і росквіту. Хачу запэўніць вас, паважаны Аляксандр Рыгоравіч, што мы з нецярпеннем чакаем вашага візіту ў Душанбэ ў рамках Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД».
Вераніка КАНЮТА, Валерыя СЦЯЦКО
Фота БелТА