Top.Mail.Ru

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 студзеня падпісаў Указ «Аб развіцці мясной галіны». Што прадугледжвае дакумент?

Стаўка на тэхналагічную, рэнтабельную і ўстойлівую жывёлагадоўлю

Указ накіраваны на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы мясной галіны і павышэнне эфектыўнасці вытворчасці мяса ялавічыны.

Як паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы, дакумент прадугледжвае будаўніцтва, рэканструкцыю ў 2026–2030 гадах спецыялізаваных комплексаў па вырошчванні і адкорме бычкоў у сельскагаспадарчых або перапрацоўчых арганізацыях, якія ажыццяўляюць вытворчасць сельгаспрадукцыі.

Гэтыя арганізацыі будзе вызначаць Савет Міністраў па пераліку на падставе сфарміраваных аблвыканкамамі прапаноў.

Указам устанаўліваюцца ўмовы рэалізацыі інвестыцыйных праектаў і патрабаванні, якім яны павінны адпавядаць. Распрацоўка праектнай дакументацыі можа весціся паралельна з будаўніцтвам і рэканструкцыяй спецыялізаваных комплексаў.

Прадугледжваецца прадстаўленне субсідый на выплату працэнтаў за карыстанне крэдытамі на раўнадолевай аснове за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, а таксама парадак і ўмовы іх атрымання.

Акрамя таго, магчыма прадстаўленне крэдытных рэсурсаў ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» з тэрмінам да 20 гадоў і выплатай працэнтаў у памеры стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка. Пры гэтым замацаваны ліміт крэдытавання з разліку 85 базавых велічынь на адно жывёла-месца.

Як растлумачылі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання, указ накіраваны на вырашэнне адной з ключавых задач аграрнай галіны: павысіць эфектыўнасць і канкурэнтаздольнасць вытворчасці ялавічыны ў краіне.

У прыватнасці, у 2026–2030 гадах у рэспубліцы пачнецца маштабнае будаўніцтва і рэканструкцыя сучасных комплексаў па вырошчванні і адкорме бычкоў.

— Гэтыя аб’екты з’явяцца ў тых рэгіёнах і арганізацыях, дзе ёсць патэнцыял і гатоўнасць укараняць перадавыя тэхналогіі. Канкрэтныя праекты будуць вызначацца рашэннем Савета Міністраў на аснове прапаноў аблвыканкамаў — гэта забяспечыць кропкавы і абгрунтаваны падыход, — выказалі ўпэўненасць у профільным міністэрстве.

Тут звярнулі ўвагу на максімальна лаяльныя ўмовы: так, прадугледжана доўгатэрміновае фінансаванне праз Банк развіцця (крэдыты — на тэрмін да 20 гадоў). На парытэтнай аснове — 50/50 — дзяржава возьме на сябе працэнтную нагрузку па крэдытах (рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты будуць субсідзіраваць выплату працэнтаў у памеры стаўкі рэфінансавання Нацбанка).

— Для паскарэння запуску аб’ектаў дазволена паралельнае праектаванне і будаўніцтва, а таксама спрошчаны парадак афармлення зямельных участкаў і інфраструктуры, — дадалі ў Мінсельгасхарчы.

Тут нагадалі, што большасць дзеючых комплексаў па адкорме буйной рагатай жывёлы былі пабудаваны яшчэ ў 1980-х гадах. Іх знос на сённяшні дзень перавышае 60-80 %, а тэхналогіі ўжо не адпавядаюць сучасным патрабаванням.

— Новы ўказ становіцца істотнай падтрымкай дзяржавы і стратэгічным крокам у вырашэнні задач павышэння рэнтабельнасці мясной вытворчасці, — акцэнтавалі ўвагу ў міністэрстве.

Па задуме распрацоўшчыкаў, дзякуючы прынятым мерам і рашэнням, паэтапна будзе створана сучасная матэрыяльна-тэхнічная база, павышана прадуктыўнасць (мэтавы паказчык — не менш за 900 грамаў прыбаўлення ў суткі), палепшыцца якасць і вырастуць аб’ёмы вытворчасці ялавічыны для ўнутранага рынку і экспарту.

— Беларусь робіць стаўку на тэхналагічную, рэнтабельную і ўстойлівую жывёлагадоўлю. Указ адкрывае новыя і выразныя магчымасці для абнаўлення галіны жывёлагадоўлі, якія выгадныя ўсім: вытворцам, перапрацоўшчыкам, рэгіёнам і, вядома, спажыўцам, — рэзюмавалі ў Мінсельгасхарчы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю