Top.Mail.Ru

Прэзідэнт даручыў КДК вывучыць рынак абароту тытунёвых вырабаў і спіртазмяшчальнай прадукцыі

Старшыня КДК далажыў аб выніках праведзенай праверкі ў дарожнай галіне. Адпаведную задачу (аб правядзенні маніторынгу) раней ставіў перад Камітэтам дзяржкантролю кіраўнік дзяржавы. Правяралася якасць выканання будаўнічых работ пры ўзвядзенні і рэканструкцыі дарог і мастоў, вывучалася пытанне закупак новай дарожнай тэхнікі.


Другая тэма размовы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй КДК — эфектыўнае выкарыстанне зямель і дзяржмаёмасці. Размова аб уцягванні зямлі ў гаспадарчы абарот, зносе тых ці іншых старых пабудоў. Прэзідэнтам раней было дадзена даручэнне правесці поўную рэвізію сельгасаб’ектаў, якія не выкарыстоўваюцца, і вызначыцца з іх магчымым прызначэннем. Васіль Герасімаў далажыў аб выяўленых недапрацоўках у гэтых пытаннях.

Таксама Прэзідэнт праінфармаваны аб праверцы выканання даручэння па даўгабудах. У прыватнасці, па падыходах, вызначаных у адносінах да недабудаваных аб’ектаў па ўсёй краіне. Колькасць такіх аб’ектаў за апошнія гады значна скарацілася, але застаецца шэраг праблемных пытанняў.

Камітэт дзяржкантролю ў развіццё даручэння Прэзідэнта ажыццяўляе маніторынг па навядзенні парадку (да 7 лістапада). Гэта датычыцца краіны ў цэлым, і асабліва Віцебскай вобласці, дзе Аляксандр Лукашэнка нядаўна праводзіў нараду па пытаннях развіцця рэгіёна. Старшыня Камітэта дзяржкантролю далажыў аб прамежкавых выніках. Прэзідэнт адзначыў важнасць таго, каб засяродзіцца не толькі на знешнім навядзенні парадку, але і на вырашэнні пытанняў больш глабальнага характару.

Кіраўнік дзяржавы даручыў КДК пасля 7 лістапада ўжо грунтоўна праверыць стан спраў у цэлым па краіне і пасля выхадных дзён прадставіць яму падрабязны даклад аб тым, як выконваецца даручэнне па навядзенні парадку. Акрамя таго, у ходзе даклада Аляксандр Лукашэнка даручыў Камітэту дзяржкантролю вывучыць рынкі абароту тытунёвых вырабаў і спіртазмяшчальнай прадукцыі, пачынаючы ад размеркавання квот і заканчваючы абаротам гэтай прадукцыі на тэрыторыі краіны.

Фінансаванне дарожнага будаўніцтва, абнаўленне дарожнай тэхнікі і эфектыўнасць работы «Белаўтадара»

Дарогі і іх стан знаходзяцца пад пастаяннай увагай Прэзідэнта. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы Камітэт дзяржаўнага кантролю аналізаваў пытанні дарожнага будаўніцтва. «З кожным годам аб’ёмы будаўніцтва і рэканструкцыі ў нас растуць, адпаведна расце і фінансаванне, — адзначыў у размове з журналістамі старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў. — Гэта з пункту гледжання грамадзян і ўсіх, хто карыстаецца дарогамі, не можа не радаваць. Але пры гэтым ёсць і шэраг пытанняў. Шмат нараканняў з боку грамадзян па якасці работ, якія выконваюцца. Гэта пацвярджаюць скаргі, якія паступаюць у Камітэт дзяржкантролю. Ёсць нараканні з боку наглядных органаў. Толькі Дзяржбуднаглядам сёлета выяўлена 1,5 тысячы дэфектаў. Вядома, такі стан спраў недапушчальны. Ёсць пытанні па наўмысным завышэнні кошту работ. Мы міма гэтага прайсці не можам, ажно да ўзбуджэння крымінальных спраў».

У шэрагу выпадкаў павялічваўся праектны кошт дарог за кошт работ, якія былі не патрэбны. І адваротныя сітуацыі — калі не выконваліся работы, якія былі неабходныя, у выніку чаго тэрмін службы такіх дарог істотна скарачаецца. У цэлым намаганнямі КДК было скарочана фінансаванне дарожнага будаўніцтва на 36 мільёнаў беларускіх рублёў.

Падчас даклада Прэзідэнту абмяркоўвалася пытанне абнаўлення дарожнай тэхнікі. «На жаль, холдынг „Белаўтадар“ не ідзе на нармальнае абнаўленне тэхнікі, а пачаў актыўна выкарыстоўваць арэнду гэтай тэхнікі ў прыватных арганізацый, — канстатаваў Васіль Герасімаў. — З 2023 года на гэта было патрачана 25 мільёнаў рублёў. Пры тым, што кошт гэтай арэнды такі, што за два гады прыватныя арганізацыі ў некалькі разоў акупляюць такую тэхніку. Натуральна, гэта недапушчальна, і холдынгу неабходна думаць, што рабіць далей». 

У ходзе даклада абмеркаваны пытанні дзейнасці самога холдынга, яго эфектыўнасць на цяперашнім этапе. Камітэтам дзяржкантролю было прапанавана перападпарадкаваць яго ад Дзяржкаммаёмасці Міністэрству транспарту і камунікацый. Пытанне будзе прапрацоўвацца на ўзроўні Савета Міністраў. 

Што датычыцца будаўніцтва мастоў, Камітэтам дзяржкантролю распрацавана праектная дакументацыя па 131 мосце. Гэта работа, па словах Васіля Герасімава, будзе працягвацца далей.

«Жорсткае патрабаванне Прэзідэнта — усе землі павінны выкарыстоўвацца»

Раней кіраўнік дзяржавы даручаў правесці поўную рэвізію сельгасаб’ектаў, якія не выкарыстоўваюцца. Як заўсёды, Прэзідэнт патрабуе гаспадарскага падыходу. «Там, дзе гэтыя аб’екты можна ўвесці ў гаспадарчы абарот, нават на тыя мэты, на якія раней не выкарыстоўвалася тая маёмасць, гэта трэба рабіць, — удакладніў старшыня КДК. — Там, дзе гэта немагчыма (напрыклад, паўразбураныя будынкі), неабходна іх зносіць. І не проста зносіць, а прыводзіць землі ў парадак, для таго, каб яны выкарыстоўваліся ў сельгасабароце».

Работа ў гэтым кірунку праведзена, але, на думку кантралёраў, дастаткова фармальна. «Паводле даных Мінсельгасхарча, такіх аб’ектаў засталося 500, і то яны не паспяваюць іх зрабіць да канца года, — праінфармаваў Васіль Герасімаў. — Але мы выявілі такіх аб’ектаў яшчэ 3 тысячы. Пры гэтым спасылкі на адсутнасць грашовых сродкаў тут недарэчныя. Паколькі нават тыя бюджэтныя грошы, якія былі выдаткаваны на дадзеныя мэты, не асвоены».

Аналагічна стаіць пытанне і па выкарыстанні зямель. У кіраўніка дзяржавы наконт гэтага жорсткае патрабаванне — усе землі павінны выкарыстоўвацца. Аднак кантралёрамі выяўлена, што нямала зямель зарастае дзікарослымі раслінамі. «І такіх зямель 770 тысяч гектараў у цяперашні час, — заўважыў кіраўнік ведамства. — Паводле даных аблвыканкамаў, яны плануюць выкарыстоўваць у найбліжэйшы час трэць. Натуральна, на такое пагадзіцца ніхто не можа. Таму на ўзроўні аблвыканкамаў і Савета Міністраў павінен быць распрацаваны дэталёвы план па ўсіх землях, як гэта будуць рабіць. Нешта, можа, ужо пяройдзе ў лясны фонд, нешта павінна быць прыведзена ў парадак і вернута ў сельгасабарот».

Пазбаўляючыся старых даўгабудаў, важна не назапасіць новыя 

Глабальная задача, пастаўленая беларускім лідарам перад Камітэтам дзяржаўнага кантролю, — навядзенне парадку з даўгабудамі. «На момант пастаноўкі задачы такіх аб’ектаў было 4465, — канкрэтызаваў Васіль Герасімаў. — За гэты час мы скарацілі колькасць такіх аб’ектаў на 93 %. На бягучы момант такіх аб’ектаў засталося 295».

Праблемы ў гэтым пытанні, аб якіх далажыў кіраўніку дзяржавы старшыня КДК, датычацца аб’ектаў пабудовы 1970-х гадоў, узнікаюць складанасці з увядзеннем у абарот земляў, на якіх яны стаяць. Па кожным з такіх аб’ектаў у КДК ёсць план з канкрэтнымі выканаўцамі, тэрмінамі і фінансаваннем. Аднак аднамомантна, па словах кіраўніка ведамства, гэта зрабіць немагчыма. 

Другое немалаважнае пытанне ў гэтай сувязі, аб якім Васіль Герасімаў праінфармаваў беларускага лідара, — гэта ўтварэнне новых даўгабудаў. КДК запэўніў, што прыкладзе ўсе намаганні для таго, каб у працэсе пазбаўлення старых даўгабудаў не назапашваліся новыя. 

Навядзенне парадку і кантроль над тытунём 

Раней Прэзідэнтам ставілася жорсткая задача аб навядзенні парадку ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах краіны да 7 лістапада. Кіраўніку дзяржавы быў даложаны прамежкавы вынік кантролю за яе выкананнем. «Работы праводзяцца, задзейнічаны раённыя арганізацыі: дарожнікі, леснікі, саюз моладзі, настаўнікі і іншыя, — канкрэтызаваў старшыня КДК. — Але мы канстатуем, што ў асноўным ажыццяўляюцца работы знешняга характару: фарбаванне, пабелка, вываз арганікі, прыборка смецця і іншыя работы такога плану». 

Паводле яго слоў, Прэзідэнт адзначыў, што, безумоўна, і гэта работа патрэбна, парадак наводзіць трэба. Таксама ставіцца задача звярнуць увагу і на пытанні больш глабальнага характару, па якіх даваліся даручэнні. «Як былі пытанні па кармах (якасці, рацыёнах кармлення), так яны і засталіся, — канстатаваў Васіль Герасімаў. — Як былі пытанні па ветэрынарыі, так і засталіся. Узнаўленне, падзеж і ўсё астатняе — вось тут пакуль мы нейкага сур’ёзнага зруху не бачым. Больш за тое, кіраўнік дзяржавы даручыў правесці такі маніторынг па ўсёй краіне. Таму ўсе выхадныя мы будзем працаваць. І ў пачатку наступнага тыдня кіраўнік дзяржавы даручыў далажыць яму сітуацыю па ўсёй краіне». 

Сярод тэм, якія абмяркоўваліся ў ходзе даклада старшыні КДК Аляксандру Лукашэнку, — тытунёвыя вырабы. Гэта тэма апошнім часам гучыць у інфармацыйнай прасторы. Прэзідэнт даручыў Камітэту дзяржаўнага кантролю вывучыць рынак абароту тытунёвых вырабаў і спіртазмяшчальнай прадукцыі: пачынаючы ад размеркавання квот і заканчваючы абаротам гэтай прадукцыі на тэрыторыі краіны. Пастаўлена задача — прыняць жорсткія меры і далажыць аб гэтым кіраўніку дзяржавы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю