Прэзідэнт Беларусі правёў перагаворы з Прэзідэнтам Гвінеі-Бісау

07.05.2025 | 11:21
Афрыканскі кантынент становіцца бліжэйшым

У Палацы Незалежнасці зноў госці. Гэтым разам з Рэспублікі Гвінея-Бісау. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў перагаворы з Прэзідэнтам гэтай краіны Умару Сісоку Эмбала. Кіраўнікі дзяржаў ужо сустракаліся ў лістападзе 2024 года на палях кліматычнага саміту ў Баку. Тады ж Аляксандр Лукашэнка запрасіў свайго афрыканскага калегу наведаць Беларусь.

У сакавіку гэтага года лідары абмеркавалі парадак візіту падчас тэлефоннай размовы, якая адбылася па ініцыятыве Прэзідэнта Гвінеі-Бісау. Як паведамляла тады прэс-служба беларускага лідара, Прэзідэнты абмяркоўвалі і комплекс двухбаковых адносін і кірункаў, па якіх бакі зацікаўлены развіваць узаемадзеянне.

Размова аб актывізацыі супрацоўніцтва, яго асноўных кірунках і патэнцыяле працягнулася і ў Палацы Незалежнасці. У Зале ўрачыстых цырымоній кіраўніка афрыканскай дзяржавы сустрэў беларускі лідар.

Вітаючы гасцей, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што візіт дэлегацыі Гвінеі-Бісау праходзіць у асаблівы, урачысты для Беларусі час святкавання юбілею Перамогі над фашызмам у Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнах.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што разам з Умару Сісоку Эмбала яны на розных форумах «на нагах» абмяркоўвалі праблемы, якія сёння ёсць у свеце, праблемы ў Беларусі і Гвінеі-Бісау. «І дамовіліся аб тым, што мы будзем шчыльна працаваць для таго, каб задачы, якія перад намі стаяць, вырашаліся, — нагадаў ён. — Мы добра ведаем магчымасці вашай дзяржавы, вашай краіны, вашага народа. Упэўнены, што вы вывучылі нашы магчымасці. Мы да вашых паслуг»

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ведае аб патрэбах Гвінеі-Бісау ў сельскай гаспадарцы, якая развіваецца. «Вы, напэўна, разумееце, што мы здольныя вам тэхналагічна і тэхнічна аказаць адпаведную падтрымку і паслугі. На нас у гэтым плане вы можаце разлічваць», — запэўніў ён.

У графіку дэлегацыі — наведванне вядучых беларускіх прадпрыемстваў, дзе гасцям пакажуць новыя ўзоры прадукцыі, якая там вырабляецца. «Мы адкрыты для паставак у вашу краіну і прадуктаў харчавання, і прамысловай прадукцыі, адзення, абутку — усяго, што неабходна для людзей, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У нас няма закрытых тэм для супрацоўніцтва, мы гатовы дамаўляцца па ўсіх кірунках, у тым ліку, калі вас будзе цікавіць наш ваенна-прамысловы комплекс. Словам, Беларусь для вас адкрытая».

Умару Сісоку Эмбала падзякаваў беларускаму лідару за гасціннасць. «У мяне ёсць сябры, якія тут працуюць, якія тут вучыліся. Мы ведаем, што Беларусь назапасіла вялізны досвед не толькі ў ваеннай сферы, але і ў аграпрамысловым комплексе. І мы хацелі б скарыстацца гэтым досведам. І, канешне, такім чынам адчыніць своеасаблівыя дзверы ў будучыню», — адзначыў ён. Умару Сісоку Эмбала адзначыў, што Беларусь і Гвінея-Бісау не так далёка адна ад адной — усяго дзевяць гадзін палёту на самалёце. «Я вельмі разлічваю на супрацоўніцтва з Беларуссю, нам гэта было б вельмі карысна. Мы можам на розных узроўнях развіваць эканамічныя адносіны», — заявіў лідар афрыканскай краіны.

Валерыя СЦЯЦКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю