За чвэрць стагоддзя Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва прайшла вялікі шлях ад «Шанхайскай пяцёркі» да буйной міжнароднай арганізацыі, якая распасціраецца на большай частцы Еўразіі і аб’ядноўвае амаль палавіну ўсяго чалавецтва. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў ШАС.
«ШАС уяўляе сабой унікальную палітру з розных па сутнасці, але адзіных па духу краін, увасабляючы на практыцы прынцыпы неўмяшання, павагі суверэнітэту, узаемнага даверу, адкрытасці і супрацоўніцтва. Сёння гэта па-сапраўднаму паспяховая, уплывовая і запатрабаваная міжнародная структура. Разам з тым свет, у якім стваралася наша арганізацыя, істотна змяніўся. Мы сталі сведкамі фарміравання новай архітэктуры міжнародных адносін. Кансалідацыя ўступае месца фрагментацыі, імкненне да супрацоўніцтва — геапалітычнаму саперніцтву, пошук балансу інтарэсаў — паглыбленню ліній разломаў. Зніжаецца ўзровень узаемнага даверу, без якога нават самыя дасканалыя міжнародныя інстытуты паступова страчваюць здольнасць эфектыўна рэагаваць на ўзнікаючыя выклікі. На гэтым фоне асаблівае значэнне набывае сама прырода нашай арганізацыі. ШАС дзейнічае па-за логікай ваенна-палітычных блокаў, не накіравана супраць якіх-небудзь дзяржаў. Яна грунтуецца на зусім іншай палітычнай філасофіі — „шанхайскім духу“, у аснове якога ляжаць ідэі сумеснай работы ў імя прагрэсу. Наша асноўная мэта — пабудова моцнага і квітнеючага супольніцтва ШАС», — сказаў Касым Жамарт-Такаеў.