Падрабязнасці інтэрв’ю Прэзідэнта Беларусі Медыякарпарацыі Кітая (Chіna Medіa Group).
Размова Аляксандра Лукашэнкі і карэспандэнткі кітайскага медыя Цзо Юнь адбылася ў мінулую пятніцу. Інтэрв’ю было арганізавана напярэдадні буйных міжнародных мерапрыемстваў у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, у якіх па запрашэнні Старшыні КНР Сі Цзіньпіна возьме ўдзел і беларускі лідар. 31 жніўня і 1 верасня ўвага ўсяго свету будзе прыкавана да кітайскага Цяньцзіня, дзе пройдзе саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. А 3 верасня на адной з цэнтральных плошчаў Пекіна адбудзецца парад у гонар Перамогі над японскімі мілітарыстамі і заканчэння Другой сусветнай вайны.
Падчас інтэрв’ю журналістка кітайскай медыякарпарацыі цікавілася чаканнямі Аляксандра Лукашэнкі наконт маючага адбыцца візіту ў Кітай. Акрамя таго, размова ішла пра высокі ўзровень адносін Беларусі і Кітая, інтэнсіўнасць візітаў Аляксандра Лукашэнкі ў Паднябесную, даверлівыя сяброўскія адносіны двух лідараў. Сярод тэм, якія абмяркоўваліся, — значэнне для Беларусі членства ў ШАС, агульныя падыходы ў пытанні захавання гістарычнай памяці, двухбаковыя маштабныя праекты. Спытала кітайская журналістка і пра пазіцыю беларускага лідара наконт мірнага ўрэгулявання ўкраінскага канфлікту, перагавораў прэзідэнтаў Расіі і ЗША на Алясцы — гэты фрагмент з паўтарагадзіннай размовы «Звязда» публікавала ў нумары за 23 жніўня. У сённяшнім выпуску прапануем тое, што на пэўны час заставалася па-за эфірам, стужак навін і газетных матэрыялаў.
«Любая сустрэча з кіраўніком Кітая — гэта сігналы»
Першае пытанне карэспандэнткі датычылася пачатку супрацоўніцтва Беларусі і Кітая. Журналіст адзначыла, што за гады прэзідэнцтва Аляксандр Лукашэнка наведваў КНР 15 разоў, у найбліжэйшыя дні адбудзецца 16-ы па ліку візіт. Яна пацікавілася, чым абумоўлена інтэнсіўнасць візітаў у Паднябесную і якія чаканні ў беларускага лідара ад таго, што мае адбыцца.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ўпершыню наведаў Паднябесную будучы дэпутатам парламента. Пасля вяртання ў Беларусь Аляксандр Лукашэнка прапанаваў парламентарыям больш уважліва прыгледзецца да гэтай краіны і тады агучыў словы, якія потым сталі прарочымі: за Кітаем — будучыня.
«Нам трэба было больш уважліва прыгледзецца да Кітая, але наша апазіцыя празаходняя, нацыяналістычная ў той час (невялікая, меншасць у парламенце), але яны, як заўсёды, былі самымі крыклівымі, узялі верх, крычалі, што Кітай нам непрымальны, шлях гэты нам непрыдатны, — згадаў кіраўнік дзяржавы. — Але, стаўшы Прэзідэнтам, літаральна праз некалькі гадоў, я асноўную ўвагу ўдзяліў Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Разумеючы, як развіваецца постсавецкая прастора, наша брацкая Расія, Украіна, я зрабіў адпаведныя высновы, звярнуўшы ўвагу на Кітай. Сёння пераконваюся, што меў рацыю».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: Кітай быў добрым сябрам Савецкаму Саюзу. «Многае вы ў той час паўтаралі, што было ў нас, але мы з поспехам гэта ўсё, што вам прапаноўвалі, знішчылі, развалілі, а вы з поспехам гэта прыстасавалі для Кітая, прыўнеслі шмат свайго і стварылі той магутны Кітай, які мы назіраем сёння», — канстатаваў ён.
Аляксандр Лукашэнка вельмі ўдзячны Кітаю, што яго кіраўніцтва, народ вельмі адкрыта пайшлі на супрацоўніцтва з Беларуссю. «Кітай — вельмі спакойная краіна, нікуды не спяшаецца — сапраўдная цывілізацыя, — патлумачыў свой тэзіс кіраўнік дзяржавы. — Я як гісторык гэта добра разумеў і разумею: калісьці вывучаў Кітай. Яны ніколі нікуды не спяшаліся, яны рабілі ўсё спакойна і грунтоўна — ёсць чаму павучыцца. Таму мы гэта ўлічваем. Мы, еўрапейцы, усё хочам хутчэй-хутчэй. І я апошнім часам заўважыў, што Кітай пачынае паскарацца, бо адчувае, што лавінападобна развіваюцца міжнародныя адносіны. Таму трэба спяшацца: не проста ісці, а бегчы. І я імкнуся бегчы — вось 16 разоў „збегаў“ у Кітай і назад».
Па словах Прэзідэнта, кожны яго візіт у КНР заўсёды даваў вельмі добрыя вынікі. «Любая сустрэча з кіраўніком Кітая — гэта сігналы, — акцэнтаваў увагу ён. — Сігналы для нашага грамадства, для вашага грамадства і ў міжнародных адносінах».
«Кітай пераўтварыўся ў імперыю, без якой немагчыма вырашыць ні аднаго глабальнага пытання ў сучасным свеце»

Журналістка канстатавала, што ў верасні 2022 года беларуска-кітайскія адносіны былі ўзняты на новы ўзровень — усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. Яна працытавала Старшыню КНР, які сказаў, што «кітайска-беларускія адносіны моцныя і непарушныя». Таксама Цзо Юнь нагадала тэзіс Аляксандра Лукашэнкі: «Будзе моцным Кітай — будзе моцнай і Беларусь». Яна пацікавілася лейтматывам такой ацэнкі развіцця беларуска-кітайскіх адносін і ўдакладніла, што з’яўляецца апорай для пастаяннага руху наперад і дасягнення гістарычнага прарыву ў двухбаковым супрацоўніцтве.
Прэзідэнт выказаў удзячнасць, што ў сваім пытанні журналіст ахарактарызавала двухбаковыя адносіны. Eн пагадзіўся: супрацоўніцтва Беларусі і Кітая знаходзіцца на самым высокім узроўні. «У Кітаі проста так нічога не бывае: калі яны гавораць аб усепагодным, усебаковым супрацоўніцтве, што гэта на стагоддзі, — значыць, гэта на стагоддзі, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Я гэта разумею як ніхто іншы. Рызыкну заявіць, што ніхто ў свеце так не разумее і не адчувае Кітай, паколькі я вельмі сур’ёзна ставіўся да супрацоўніцтва з Кітаем і ўсё-такі 30 з лішнім гадоў ведаю Кітай. Таму зыходжу з пераканання: Кітай не робіць ніякіх заяў проста так, а тым больш не падпісвае пэўныя дакументы, якія можна забыць з цягам часу або не выконваць. Наша пагадненне аб усепагодным і ўсебаковым супрацоўніцтве — гэта вельмі сур’ёзна для нас».
Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў: перш за ўсё беларуска-кітайскае супрацоўніцтва ўвасабляецца ў эканоміцы. «Што датычыцца палітыкі, дай бог, каб наша эканоміка, нашы адносіны эканамічныя, фінансавыя дараслі да ўзроўню палітычных, — сказаў беларускі лідар. — У нас няма ніякіх праблем, ніякіх рознагалоссяў. Калі трэба ўзгадніць пэўнае пытанне, прыняць сумеснае рашэнне, падтрымаць адзін аднаго, дастаткова аднаго званка з Пекіна ў Мінск або наадварот — і мы аб усім дамовімся на працягу некалькіх хвілін. Гэта сведчыць пра многае. Таму мы за гэты час здзейснілі сур’ёзны прарыў».
Прэзідэнт даў тлумачэнне агучанаму раней тэзісу «моцны Кітай — моцная Беларусь». «Расійская Федэрацыя і Кітай — гэта самыя-самыя прасунутыя дзяржавы ў адносінах з Беларуссю, — канкрэтызаваў ён. — Мы ад Кітая атрымліваем вялізныя інвестыцыі, нас Кітай гуманітарна вельмі сур’ёзна падтрымлівае. Нашы людзі вельмі на гэта рэагуюць. Вазьміце будаўніцтва спартыўных аб’ектаў: і басейн, і стадыён нацыянальны. Гэта проста падарункі беларускаму народу. Гэта таксама пра многае сведчыць. Кітай проста так нічога не робіць і проста так нікому нічога не дорыць».
Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў, што вельмі часта апошнім часам у перагаворах (у прыватнасці з амерыканцамі, якія ўзнімалі гэта пытанне) закранаў тэму беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. «Я па-народнаму вельмі проста гавару: «Калі вы зачынілі дзверы перад намі, у Кітаі нам заўсёды былі адчынены дзверы і ніхто іх не зачыняў, — агучыў дэталі беларускі лідар. — Таму мы з Кітаем супрацоўнічаем і будзем супрацоўнічаць. Мы ніколі не здрадзім нашым адносінам і нашаму сяброўству з кітайскім народам, кітайскай дзяржавай, майму сябру Сі Цзіньпіну. Мы ніколі не былі здраднікамі. Мы ўмеем цаніць тую вялікую дабрыню, якую вы нам аказалі апошнім часам. Нам было б вельмі складана ў гэты санкцыйны перыяд, калі калектыўны Захад абваліў на нас людаедскія санкцыі, калі б у нас не было Расіі і Кітая».
Па словах кіраўніка дзяржавы, раней беларусаў бянтэжыла адлегласць: каб даляцець да Кітая на самалёце, трэба 8-9 гадзін, а ў паўднёвыя правінцыі, з якімі мы супрацоўнічаем, — яшчэ больш. «Цяпер гэта ўжо звыкла для нас, таму мы з вамі ў складаныя часы, у звычайныя часы супрацоўнічалі і будзем супрацоўнічаць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — І ў перагаворах з тымі ж амерыканцамі я іх імкнуся пераканаць, што Кітай сёння нельга паставіць на калені, Кітай нельга сёння нахіліць — гэта ўжо не той Кітай».
Прэзідэнт прывёў прыклад Амерыкі. «Нядаўна Дональд Трамп аб’явіў аб павышэнні пошлін на кітайскія тавары, а потым вымушаны быў адступіць, сёння гаворыць: „90 дзён, дамовімся і гэтак далей“, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Чаму? Бо такая магутная імперыя, якой з’яўляюцца Злучаныя Штаты Амерыкі, не можа абысціся без Кітая, без кітайскіх тавараў. Вы ўжо заваявалі значную частку рынку Злучаных Штатаў Амерыкі. Вашы тавары вельмі якасныя і па цане больш даступныя для амерыканскіх багатых людзей».
Па словах беларускага лідара, амерыканцам патрэбна з Кітаем дамаўляцца. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што Дональд Трамп, як паказалі апошнія падзеі, разумны чалавек, зверне на гэта ўвагу і будзе дамаўляцца з Кітаем. «Кітай пераўтварыўся ў імперыю, без якой немагчама вырашыць ні аднаго глабальнага пытання ў сучасным свеце, — заявіў Прэзідэнт. — Таму, калі вы будзеце моцныя, і мы будзем мацнейшымі, паколькі ў нас цесныя адносіны. Усё проста: ваша моц — гэта наша моц. І наадварот».
«Да Кітая трэба не проста прыглядацца, трэба некаторыя рэчы браць і пераносіць у сваю рэальнасць»
Карэспандэнт удакладніла ў Прэзідэнта, адкуль у яго падчас першага візіту ў Паднябесную ўзялася такая ўпэўненасць у Кітаі і якія аспекты кітайскага развіцця, асабліва аспекты мадэрнізацыі, натхнілі беларускага лідара ў кіраванні краінай.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь вучыцца ў Кітая па ўсіх пытаннях і кірунках. «Гэта не проста даніна павагі вам і тым, хто мяне пачуе, — удакладніў ён. — Я перакананы чалавек, што да Кітая трэба не проста прыглядацца, трэба некаторыя рэчы браць і пераносіць у сваю рэальнасць. Вядома, з улікам нашых асаблівасцяў, менталітэту, культуры і гэтак далей. Я гэта бачыў даўно, бачу гэта і цяпер. У эканоміцы па парытэце пакупніцкай здольнасці вы ўжо, напэўна, пераўзыходзіце Злучаныя Штаты Амерыкі. Усё, што ўмеюць у свеце рабіць, вы робіце, пры тым робіце вельмі моцна».
Прэзідэнт расказаў, якія рэчы яго ў свой час уразілі ў Кітаі. Па-першае, гэта найноўшыя ўзоры тэхнікі, якія ён убачыў на парадзе. «Гэта цудоўна было, — падзяліўся эмоцыямі кіраўнік дзяржавы. — І я зрабіў для сябе выснову, назіраючы за гэтымі працэсамі: у вас ёсць усё, каб абараніць Кітай. Па-другое, у вас ёсць рашучасць абараняць сваю зямлю. Гэта проста страшныя патрыёты. Я амерыканцам аб гэтым гавару. Ні мы, ні амерыканцы побач у гэтым плане з вамі не стаялі. Вы настолькі рашучыя, што любы праціўнік, перш чым развязаць супраць вас нейкую вайну, тысячу раз падумае, ці варта гэта рабіць».
У свой час Прэзідэнта таксама ўразіла працавітасць кітайскага народа. Падчас аднаго з візітаў у Паднябесную беларускі лідар папрасіў арганізаваць яму паездку ў кітайскую вёску, каб паглядзець, як жывуць людзі там. «Гэта абсалютна быў іншы ўзровень, чым цяпер, — узгадаў кіраўнік дзяржавы. — Яны насілі цэглу: па 5-6 цаглін спераду і ззаду. Звычайна 4 кілаграмы, сырая цэгла — 5 (кілаграм. — „Зв.“) будзе важыць. Палічыце. І яны цягалі гэту цэглу з раніцы да вечара. Я на іх паглядзеў, таксама вясковы чалавек, які прызвычаіўся да фізічнай працы, зрабіў для сябе выснову, што гэта сапраўдны народ, які пабудуе Кітай».
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што цяпер у Мінску будуецца новы Нацыянальны гістарычны музей, яго экспазіцыя будзе стварацца па кітайскім прынцыпе. Па кітайскім вопыце, адзначыў Прэзідэнт, ажыццяўляецца і добраўпарадкаванне нашых сталічных праспектаў і вуліц. «Таму, пачынаючы ад добраўпарадкавання (у асноўным, у Пекіне я бачу гэта) і заканчваючы эканомікай па самых сур’ёзных кірунках (ІT-тэхналогіі, штучны інтэлект і гэтак далей), мы глядзім, як вы развіваецеся, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — І патрэбнае для нас мы адтуль бяром. Вось так, пакрысе, кропкава, а часам і павальна, мы пераймаем у вас ваш вопыт. Вы як сапраўдныя сябры не шкадуеце гэтага».
«Гэта вельмі моцны кіраўнік Кітайскай Народнай Рэспублікі»
Карэспандэнт заўважыла, што Прэзідэнта Беларусі і Старшыню КНР звязвае вельмі моцнае сяброўства. Цзо Юнь пацікавілася ў Аляксандра Лукашэнкі, якім лідарам ён бачыць Сі Цзіньпіна і якое стратэгічнае значэнне для развіцця беларуска-кітайскіх адносін мае дыпламатыя лідараў.
Прэзідэнт ахарактарызаваў іх узаемаадносіны з кітайскім калегам як вызначальныя. «І гэта заснавана на той ролі, якія іграюць Прэзідэнт Беларусі і Старшыня КНР, — звярнуў ён увагу. — Што тут утойваць, гэта людзі, якія па Канстытуцыі валодаюць вельмі высокай уладай. Уся паўната ўлады засяроджана ў вас і ў нас у руках першых асоб. Таму ад таго, якія ў нас адносіны, якія мы прымаем рашэнні, у многім будзе залежаць развіццё краіны. Таму для нас вельмі важна, якія ў нас будуць адносіны. Адносіны ў нас добрыя».
Па словах беларускага лідара, Старшыня КНР валодае ўсімі неабходнымі якасцямі. «Гэта вельмі моцны кіраўнік Кітайскай Народнай Рэспублікі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — І дзякуючы яму ў апошні час Кітай зрабіў такі рывок у сваім развіцці».
Прэзідэнту падабаецца, што яго кітайскі калега працуе па-сур’ёзнаму, па вялікіх глабальных пытаннях. «Ёсць чаму павучыцца, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Добры ў вас кіраўнік. Не таму, што ён мой сябар. Ён моцны кіраўнік, якога паважаюць у свеце. Яго вельмі паважаюць. А раз паважаюць кіраўніка — значыць паважаюць і дзяржаву».
«Без краін ШАС не можа сёння быць вырашана ні адно з пытанняў»
Адказваючы на пытанне, што азначае для Беларусі ўступленне ў ШАС і якія чаканні ад маючага адбыцца саміту, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што членства ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва з’яўляецца вельмі важным для нашай краіны.
«Для нас вельмі важна быць у гэтай сям’і, — падкрэсліў Прэзідэнт. — На пасяджэнні ШАС будзе прысутнічаць звыш 20 кіраўнікоў дзяржаў, вядучых дзяржаў у свеце. Быць у гэтай сям’і не проста пачэсна. Гэта натхняе любы народ, у тым ліку і беларускі, што іх Прэзідэнт знаходзіцца ў гэтай саліднай сям’і, якая сёння, давайце шчыра казаць, у многім вызначае развіццё нашай планеты. Я нават так сказаў бы: з аднаго боку — Еўрапейскі саюз і лідар — Злучаныя Штаты Амерыкі, на Захадзе, і тут — Кітай, Індыя, Расія (тры наймагутнейшыя дзяржавы), і вакол гэтага ядра сабраліся вельмі развітыя, прасунутыя краіны, тэхналагічна».
Самае важнае, па словах кіраўніка дзяржавы, што ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ёсць усё. «У нас дастаткова тэхналогій, у нас звышдастаткова працоўнай сілы, людзей (1,5 мільярда ў Індыі, блізка да 1,5 мільярда ў Кітаі, Пакістан — 250 мільёнаў чалавек і гэтак далей), — канкрэтызаваў ён. — У нас ёсць моцныя валюты (юань, на які сёння вельмі арыентуюцца многія краіны, і мы ў тым ліку, рупія, расійскі рубель. Гэта моцныя валюты, таму і ў фінансавых адносінах мы маем пэўную моц. Эканамічна, палітычна — без краін ШАС не можа сёння быць вырашана ні адно з пытанняў. Вымушаны лічыцца моцныя свету з Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва».
Аляксандр Лукашэнка памятае, як вяліся перагаворы наконт членства Беларусі ў ШАС. «Усё было не проста, — канстатаваў ён. — Глядзяць на баланс сіл. Кітай, Расія — адзін на аднаго глядзяць. Індыя глядзіць на Кітай. Добра, што ў вас цяпер пацяплелі адносіны, дзякуючы ў тым ліку Злучаным Штатам Амерыкі. Мы гэта вітаем, мы рады, што вы зрабілі крок насустрач індусам, а яны насустрач вам. Гэта саюз, які ўжо нікому не ўдасца пераадолець, перабіць. Таму цэнтр цяжару сёння ціха, спакойна змяшчаецца ў бок Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. І мы — там. Гэта дрэнна або добра? Элементарна адказваю на ваша пытанне: гэта вельмі добра».
Па словах Прэзідэнта, каля 85 % беларускага экспарту ідзе ў краіны ШАС. «Амаль усё, — падкрэсліў ён. — Дык што ў гэтым дрэннага? Гэта здорава».

Аляксандр Лукашэнка атрымаў запрашэнне на перагаворы з Сі Цзіньпінам, якія запланаваны ў бліжэйшы час. «Ён прапанаваў сустрэцца, калі ёсць пэўныя складаныя пытанні, іх абмеркаваць, — удакладніў беларускі лідар. — І не толькі з Кітаем. Я магу з індусамі сустрэцца перагаварыць, я магу сустрэцца з расіянамі, хоць тут праблем няма, з іншымі членамі ШАС. Мы адна сям’я, мы абмяркоўваем праблемы і выпрацоўваем перспектывы. Гэта для нас добра. Для нас, параўноўваць нас з дзесьці 10-мільённым насельніцтвам з 1,5 мільярда (насельніцтва. — „Зв.“) Кітая або Індыі, іншымі краінамі. Гэта вельмі пачэсна. І не толькі пачэсна, але вельмі карысна для нашай эканомікі. І для прамысловасці асабліва. Калі ўвялі санкцыі, мы ў Кітаі атрымліваем усё тое, што мы набывалі раней на Захадзе. І рухавікі, і гідраўліку, і камплектуючыя для нашых аўтамабіляў (наша краіна машынабудаўнічая), і гэта высокай якасці».
Як прыклад узаемавыгаднага супрацоўніцтва кіраўнік дзяржавы прывёў Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», які Старшыня КНР назваў жамчужынай «Аднаго пояса — аднаго шляху» (Сі Цзіньпін удзельнічаў у яго адкрыцці). «Туды спрабуем зацягнуць самыя перадавыя кітайскія тэхналогіі, — праінфармаваў Аляксандр Лукашэнка. — Мы гэта робім. Кітаю гэта выгадна, нам тым больш. Вось вам адказ на пытанне, што нам дае Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва».
Па словах беларускага лідара, кітайцы былі ініцыятарамі стварэння ШАС. Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва развіваецца грунтоўна, спакойна і ўпэўнена. На думку Прэзідэнта, патрэбна больш імкліва. «На адным з пасяджэнняў я папракнуў калег, што мы занадта павольна дзейнічаем, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Можа, ужо даўно трэба было стварыць сваю валюту для міжнародных разлікаў. Магчыма, гэта будзе і юань, магчыма, нейкая іншая агульная валюта. Пакуль нас не стукнуць добра па галаве, мы не можам рухацца. Упэўнены, што мяне пачулі».
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь — не глабальная краіна, ніхто тут не пакутуе глабалізмам. «Нам дастаткова па-кітайску — пакрысе, і мы будзем мець добрае развіццё», — лічыць Прэзідэнт.
«Пропуск адзін — высокія тэхналогіі»
Карэспандэнт падкрэсліла, што індустрыяльны парк «Вялікі камень» стаў узорам эканамічнага і гандлёвага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Журналісты пабывалі ў парку, дзе ўбачылі падпісаныя беларускім лідарам пяць указаў, якія ствараюць льготныя ўмовы для функцыянавання рэзідэнтаў парка. Цзо Юнь пацікавілася, ці будуць новыя крокі па далейшым павышэнні прывабнасці парка і прыцягненні большай колькасці прадпрыемстваў з Кітая, Беларусі, іншых краін.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, ствараючы гэты парк, бачыў у ім самыя перадавыя тэхналогіі. «Было жаданне зрабіць тут нейкія склады і завозіць кітайскую прадукцыю ў гэтыя склады, перагружаць у Еўропу і наадварот, — канстатаваў ён. — Нягледзячы на тое што я разумеў, што кітайцам нельга рабіць жорсткія прапановы і заўвагі, я Сі Цзіньпіну рызыкнуў сказаць, што я не супраць таго, каб тут былі тавары, якія перагружаліся б на чыгунку, на аўтамабільны транспарт і ішлі б туды, да Ла-Манша, у Еўропу, але там павінны працаваць прадпрыемствы высокіх тэхналогій. І Сі мяне падтрымаў. Цяпер парк — гэта збор прадпрыемстваў з высокімі тэхналогіямі, інвестыцыямі ўжо пад 2 мільярды долараў. Гэта вялікія інвестыцыі. Таму „Вялікі камень“ — гэта перадавыя тэхналогіі».
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што «Вялікі камень» — гэта не толькі кітайскія тэхналогіі. Сёння там прадстаўлены 15 краін, якія інвесціруюць у эканоміку Беларусі. «Калі ласка, прыходзьце, але пропуск адзін — высокія тэхналогіі, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — У іншым выпадку той ільготны рэжым, які там створаны, мог бы перацягнуць туды ўсе нашы прадпрыемствы, беларускія, расійскія, і месца не хапіла б. Інвесціруйце, стварайце, развівайце — вось вам ільготны рэжым».
Па словах беларускага лідара, кітайцы вельмі шмат інвесціруюць у парк. Яны фінансавалі і фінансуюць будаўніцтва некаторых аб’ектаў, у тым ліку будуюць жыллё для тых людзей, якія там працуюць.
«Мы стварылі з Сі Цзіньпінам добрае месца для вашага руху па „Поясе і шляху“ ў Еўропу і назад, для супрацоўніцтва з Беларуссю, Расіяй, — рэзюмаваў Прэзідэнт. — Гэта добры шлях для развіцця Кітая. І нам вельмі карысна».
«Калі мы памятаем, то гэта не паўторыцца»
Адказваючы на пытанне, якія чаканні ад кітайскага параду ў гонар Перамогі над японскімі мілітарыстамі і заканчэння Другой сусветнай вайны, Аляксандр Лукашэнка, які прысутнічаў на падобным мерапрыемстве ў Кітаі 10 гадоў таму, падзяліўся, што з вялікай цікавасцю хацеў бы паглядзець на тое, што будзе прадэманстравана Кітаем і яго народам на парадзе.
«Я хачу праз 10 гадоў убачыць, чаго вы дасягнулі ў ваенных адносінах, абараназдольнасці Кітая і параўнаць з тым, што было 10 гадоў таму, — падзяліўся Прэзідэнт. — Тады было вельмі моцна, вельмі магутна. Сама арганізацыя. Вы паказалі самую перадавую зброю. Думаю, што нашы чаканні Сі Цзіньпін задаволіць і не падвядзе нас. Ён пакажа ўсё самае перадавое, што вы маеце сёння ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы».
Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць кітайскаму народу за тое, што яны заўсёды адпраўляюць сваіх ваеннаслужачых у Беларусь для ўдзелу ў парадзе з нагоды Дня Незалежнасці нашай краіны або юбілею Вялікай Перамогі. Асобныя словы падзякі прагучалі за запрашэнне беларускай дэлегацыі для ўдзелу ў маючым адбыцца парадзе ў Пекіне.
Журналіст адзначыла, што ў Беларусі і Кітая падобны вопыт барацьбы ў Другой сусветнай вайне, і пацікавілася ў Прэзідэнта, якое значэнне для сучаснага свету мае захаванне гістарычнай памяці.
«Мы і вы страцілі вялікую колькасць людзей, — кажучы аб тых падзеях, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — На алтар Перамогі мы паклалі 30 мільёнаў чалавек. Столькі ж загінула кітайскіх людзей у гэты страшны час. Японскія мілітарысты забівалі ўсіх, каго маглі. Знішчалі проста народ. І калі мы памятаем, то гэта не паўторыцца. Дакладна не паўторыцца. Забудзем — гэта прыйдзе зноў да нас. Таму мы разам з кітайскім народам, вашай дзяржавай свята захоўваем тую памяць аб нашай Перамозе».
Прэзідэнт падкрэсліў, што калі б мы прайгралі, то абсалютна па іншых крытэрыях развіваліся б сёння нашы краіны. «Мы захавалі мір, гэтым самым захавалі магчымасць і вам, і нам, і іншым краінам жыць па сваіх законах і развівацца настолькі, наколькі гэтыя краіны здольныя», — акцэнтаваў увагу беларускі лідар.
«Я не павінен падвесці мой народ»
Карэспандэнт звярнула ўвагу на тое, што Аляксандр Лукашэнка за гады свайго прэзідэнцтва ніколі не праводзіў у Беларусі «шокавую тэрапію», а выбраў паступальны шлях развіцця. Яна ўдакладніла, якімі прынцыпамі беларускі лідар кіруецца пры прыняцці рашэнняў, якой краінай хоча бачыць Беларусь.
«Наша краіна павінна развівацца ціха, спакойна, без усялякіх рыўкоў, без рэвалюцый, як я казаў, эвалюцыйна, — я гэтага хачу, — адзначыў беларускі лідар. — Я хачу, каб новы Прэзідэнт, які прыйдзе пасля мяне, нічога не ламаў. Спакойна, па-кітайску, вытрымана ацаніў усё і павёў сваю краіну, беларускае грамадства туды, куды трэба».
Па словах кіраўніка дзяржавы, у свеце няма больш такой краіны, якая б знаходзілася ў такім складаным становішчы, як Беларусь. У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка прывёў словы Дональда Трампа, сказаныя ім падчас размовы з яго беларускім калегам. «Ён мне сказаў такую фразу: „Я табе жадаю поспехаў, твая краіна знаходзіцца ў такім складаным месцы і ў такі складаны перыяд, што справіцца з гэтым можа толькі моцны лідар“, — расказаў Прэзідэнт. — Напэўна, калі ён вывучаў сітуацыю, пазнаёміўся з Беларуссю, бачыў, што ў нас няпроста: і на ўсходзе, і на захадзе, і на поўдні... І на поўначы хапае нашых гэтых балтыйскіх суседзяў адурэлых. Ён пагадзіўся з гэтым і сказаў аб тым, што ў вельмі складанай сітуацыі знаходзіцца Беларусь. Пажадаў нам поспехаў».
Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў кітайскага карэспандэнта, што пасля распаду Савецкага Саюза Беларусь была самай савецкай рэспублікай. «Яна была самай адданай рэспублікай у складзе Савецкага Саюза, адданай нашаму саюзу, — падкрэсліў ён. — Нідзе такога народа не было, як наш. Наш народ інтэрнацыянальны, ён прывык жыць у сяброўстве, згодзе. Гэта кітайцы могуць самі па сабе існаваць, ім ніхто не патрэбны. А мы прызвычаіліся жыць калектыўна».
Пасля распаду Савецкага Саюза, як канстатаваў кіраўнік дзяржавы, беларуская эканоміка апынулася ў складаным становішчы. «У сілу таго, што кааперацыйныя сувязі былі вельмі шырокія, — патлумачыў Прэзідэнт. — Адкуль мы толькі ні атрымлівалі (і з Расіі, і з Казахстана, і з Украіны, і з Прыбалтыкі) камплектуючыя, запчасткі, рэсурсы і іншае. І тут мы стваралі канчатковы прадукт для продажу ўнутры Савецкага Саюза, за межамі Савецкага Саюза. Дарэчы, гэтым тлумачыцца высокі ўзровень інтэлектуальнага, адукацыйнага развіцця нашага народа».
У Беларусі ствараўся канчатковы прадукт: трактары, аўтамабілі, сельскагаспадарчая тэхніка, прадукцыя хіміі, нафтахіміі, адзенне, абутак і іншае. «Тавар, сыравіна ішлі з Усходу на Захад (на Захадзе не прадасі дрэннае), нешта мы прадавалі на Захадзе, але гэта было самае лепшае, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — І мы сваімі рукамі гэта стваралі. Часткова ў Прыбалтыцы гэта рабілі, нешта ва Украіне (Украіна вельмі шмат працавала на ўнутраныя патрэбы, абаронны сектар быў вялікі, тыя ж ракеты рабілі), а мы ўсё-такі выраблялі тавары народнага спажывання і машынабудаўнічую прадукцыю і прадавалі гэта на Захадзе».
Па словах Прэзідэнта, для Беларусі распад СССР быў вельмі балючым. «Нам трэба было гэта ўсё захаваць — адсюль наша палітыка, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Нацыяналісты нашы крычалі, якія прывялі Украіну да вайны, дарэчы, „ды нам не патрэбен Кітай, нам не патрэбна Расія, патрэбен свой шлях, а калі што, то з палякамі або з амерыканцамі“. Калі б мы тады паступілі не па-кітайску (рванулі б на Захад), мы б краіны не мелі. Яна проста развалілася б, у нас не было б эканомікі. І ў нас, як у некаторых постсавецкіх рэспубліках, перманентна былі б гэтыя „каляровыя“ рэвалюцыі. Гэта быў бы падарунак Захаду. Але мы па-кітайску паступілі: супакоіўшыся, зразумелі — тое, што ёсць, кідаць не трэба. Трэба гэта развіваць, удасканальваць, мадэрнізаваць».

Было разуменне, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, што не трэба страчваць сяброў, якія пастаўлялі нам сыравіну і рэсурсы, а таксама не варта страчваць нашы рынкі, дзе мы прадавалі гэту прадукцыю. «Таму сказаць, што я тады, калі мне яшчэ і 40 не было, гэта ўсё разумеў, не скажаш, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Напэўна, Гасподзь дапамог. Я часта кажу пра гэта, хоць мае калегі мне кажуць і тыя, хто побач працуе, не гаварыць гэта — што я выпадковы Прэзідэнт. Гэта сапраўды. Я пачынаю ўспамінаць, што было, усё гэта ацэньваць і думаю, як народ рызыкнуў мяне, увогуле нявопытнага чалавека, у той час выбраць Прэзідэнтам. Я гэта, вядома, цаню. І для мяне гэта галоўны стымул у рабоце. Я не павінен падвесці тых, хто са мной побач сёння, і мой народ. Вось гэта пачуццё адказнасці, напэўна, павінна быць у кожнага Прэзідэнта, але ў мяне яно асаблівае, бо народ рызыкнуў, выбраў мяне, я павінен гэтаму народу вельмі многае. Напэўна, яшчэ ўсё і не аддаў, што яму павінен. Буду, пакуль жывы, гэта рабіць».
Акрамя таго, па словах кіраўніка дзяржавы, прымаць важныя рашэнні ў пачатку прэзідэнцтва беларускаму лідару дапамагаў вопыт калег. «Вучыўся ў іншых прэзідэнтаў: тое, што патрэбна было, убіраў у сябе і спрабаваў рэалізоўваць у нашай краіне, — канкрэтызаваў ён. — Трэба любіць сваіх людзей, свой народ. Іх нельга падвесці. Калі ў цябе будзе гэтая адказнасць, адказнасць кіраўніка, тады табе і Гасподзь дапаможа. Калі ты будзеш зладзюгам і ты прыйшоў для таго, каб стварыць свой дабрабыт і сваіх прыбліжаных, родных, блізкіх, тады ў цябе нічога не атрымаецца і Бог табе не дапаможа. Ён, напэўна, усё-такі мне дапамог».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА