Пасля алімпійскага 2024 года яго «зменшчык» у спартыўным плане здаецца спакойным для НАК Беларусі — наступная, ужо зімовая Алімпіяда — адбудзецца ў 2026-м. Аднак нядаўна адбылася знакавая падзея — новым прэзідэнтам Міжнароднага алімпійскага камітэта ўпершыню абрана жанчына. Томаса Баха на пасадзе кіраўніка МАК змяняе вядомая ў мінулым плыўчыха, двухразовая алімпійская чэмпіёнка Кірсці Ковентры з Зімбабвэ. У сувязі з гэтым ці можна беларускім спартсменам чакаць хуткага поўнага вяртання на міжнародную арэну? Пра гэта і многае іншае расказвае прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь Віктар Лукашэнка.
— Віктар Аляксандравіч, як вы лічыце, ці будуць рэальныя зрухі ў вяртанні беларусаў на міжнародную арэну з 24 чэрвеня, калі Кірсці Ковентры афіцыйна ўступіць на пасаду?
— Узаемаадносіны НАК Беларусі і МАК істотна палепшыліся за апошні год. Паступовыя пазітыўныя змяненні адбываюцца пастаянна. У многіх летніх відах спорту нашы вядучыя спартсмены ўжо ўдзельнічаюць у чэмпіянатах свету і Еўропы, Кубка свету і іншых міжнародных турнірах. Свежы прыклад — рашучы крок Міжнароднай федэрацыі дзюдо, якая дапусціла беларусаў да спаборніцтваў са сцягам і гімнам. Нашы атлеты ў шэрагу відаў спорту вяртаюцца да спаборніцтваў і ў камандных дысцыплінах: у фехтаванні, сінхронных скачках у ваду, сінхронным плаванні. У барацьбе, тхэквандо, плаванні, сучасным пяцібор’і, цяжкай атлетыцы, настольным тэнісе беларускія спартсмены выступаюць без якіх-небудзь дадатковых умоў і крытэрыяў ва ўсіх міжнародных турнірах, але ўсё яшчэ ў нейтральным статусе. Адзначу таксама, што пасля доўгага перапынку на Еўрапейскім летнім юнацкім фестывалі 2025 года ў Паўночнай Македоніі каманда НАК Беларусі будзе прадстаўлена 48 юнымі спартсменамі ў 7 відах спорту, агульны склад дэлегацыі — 70 чалавек, якія змогуць выступаць у форме свайго НАК.
Усе гэтыя прыклады — вынік сумеснай карпатлівай і паступальнай работы НАК Беларусі, федэрацый па відах спорту з калегамі з МАК і міжнародных арганізацый, якія і вядуць да паступовага прагрэсу.
Што датычыцца сустрэчы з новым кіраўніком МАК Кірсці Ковентры, то мы прадаўжаем рабочыя кантакты з МАК і разлічваем на сустрэчу з ёй ужо ў бліжэйшы час, каб абмеркаваць нашы крокі і распрацаваць стратэгію далейшых узаемадзеянняў па пытанні поўнага вяртання беларускіх спартсменаў на міжнародную арэну.
— Летам 2024 года ў час Алімпіяды прадстаўнікі НАК Беларусі кантактавалі з кіраўніцтвам Міжнароднага алімпійскага камітэта, з калегамі з іншых краін. Як яны ўзаемадзейнічаюць з беларусамі ў існуючых вельмі няпростых умовах, што гаварылі, так сказаць, «не для друку»?
— Пасля Алімпіяды ў Парыжы ўжо было сказана нямала, што ўзаемадзеянне з прадстаўнікамі Беларусі — не проста нармальнае, а добразычлівае. Так, у час нядаўняга візіту нашага генеральнага сакратара Ксеніі Санковіч у г. Доха (Катар) у рамках чэмпіянату свету па настольным тэнісе адбылася чарговая сустрэча з прэзідэнтам Міжнароднага алімпійскага камітэта Томасам Бахам і спартыўным дырэктарам арганізацыі Кітам Макконелам. Адносіны да беларусаў у МАК добразычлівыя і пазітыўныя. Прадстаўнікі нашых арганізацый пастаянна на сувязі, па пытаннях, якія ўзнікаюць, так ці інакш знаходзяцца рашэнні. Не ўсё так хутка, гладка і лёгка, як нам хацелася, але разуменне і жаданне рухацца ў стваральным напрамку ёсць. У той жа час такога разумення і дыялогу не хапае ва ўзаемаадносінах з некаторымі міжнароднымі федэрацыямі, чый падыход нельга назваць адэкватным. Напрыклад, Міжнароднай федэрацыяй лёгкай атлетыкі...
У цэлым, як я ўжо гаварыў, камунікацыяй і ўзроўнем супрацоўніцтва з МАК сёння мы задаволены, спадзяёмся, што гэта выльецца ў рэальныя вынікі. Удзячны за фінансавую падтрымку па лініі Алімпійскай салідарнасці, але ў той жа час хочацца звярнуць увагу і на некаторыя складанасці, напрыклад, звязаныя з забаронай урадаў некаторых краін дапускаць беларускіх спартсменаў да ўдзелу ў спаборніцтвах на іх тэрыторыі, з праблемамі атрымання віз. Гэты момант і многія іншыя праблемныя пытанні ўзнімаліся на мінулай сустрэчы з прэзідэнтам МАК.
— У лютым 2026 года Мілан/Карціна прымуць XXV зімовую Алімпіяду. Што ўдалося ўбачыць прадстаўнікам нашага НАК у час наведвання, як ідзе падрыхтоўка да баталій?
— Арганізатары, вядома, стараюцца. Яшчэ наперадзе вялікая работа, але вопыт італьянскага боку дазваляе ім з аптымізмам глядзець на будучы старты. Паводле слоў кіраўніцтва МАК, арганізацыя зацікаўлена, каб беларускія спартсмены прынялі ўдзел у зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 года. Але вось тут аддаюць вельмі шмат на водкуп міжнародным федэрацыям, давяраючы іх рашэнням, хоць маглі б уплываць больш і вынік быў бы хутчэй.
— У якіх відах спорту нашы спартсмены змогуць пазмагацца за алімпійскія ліцэнзіі на будучыя зімовыя старты?
— Мы вельмі заклапочаны пытаннем удзелу беларусаў у зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 года. Менавіта яно для нас цяпер з’яўляецца прыярытэтным, і ў гэтым напрамку кінуты ўсе нашы сілы, праводзіцца сур’ёзная работа і робіцца максімальна магчымае. У зімовых відах спорту пакуль да ліцэнзійных турніраў дапушчаны толькі прадстаўнікі фігурнага катання, шорт-трэка і канькабежнага спорту. На жаль, лідары ў камандзе па скорасным бегу на каньках не трапілі ў спіс, які быў апублікаваны Міжнародным саюзам канькабежцаў у маі. Мы катэгарычна не згодны з гэтым рашэннем, прадаўжаем работу і дыялог з міжнароднымі спартыўнымі структурамі і будзем змагацца да канца за кожнага атлета, які незаслужана адхілены і чые інтарэсы ўшчэмлены. Цяпер рыхтуюцца ўсе адпаведныя дакументы.

Што ж датычыцца іншых відаў спорту, то пакуль пытанне застаецца адкрытым. Усё складана з улікам засілля прадстаўнікоў скандынаўскіх краін у кіруючых органах міжнародных спартыўных федэрацый. Але спадзяёмся, што сітуацыя зменіцца ў лепшы бок. У любым выпадку нашы спартсмены трэніруюцца і рыхтуюцца, а мы зробім усё, каб максімальна падтрымаць атлетаў, і гатовы працаваць у самыя сціслыя тэрміны.
— Беларускія спартсмены паступова вяртаюцца на буйнейшыя турніры, але пакуль далёка не ўсе міжнародныя федэрацыі робяць крокі насустрач. На шчасце, у існуючай сітуацыі беларусам вельмі дапамаглі расійскія калегі, якія апынуліся ў яшчэ больш складаным становішчы. За апошнія гады супрацоўніцтва паміж атлетамі і спартыўнымі структурамі Беларусі і Расіі значна ўмацавалася. Мінулай зімой упершыню прайшлі спаборніцтвы мацнейшых па біятлоне, канькабежным спорце... Чаго ў гэтым плане чакаць у летнім сезоне?
— Для беларускіх атлетаў сумесныя турніры з мацнейшымі расійскімі спартсменамі, вядома ж, ідуць на карысць. За апошнія гады мы маем ужо стабільны, прапрацаваны каляндар. Нягледзячы на санкцыі і абмежаванні, спорт у нашых краінах дынамічна развіваецца. Мяркуйце самі: у перыяд з 2022 па 2025 год праведзена 1575 сумесных спаборніцтваў па 48 відах спорту, і большасць гэтых мерапрыемстваў прайшло з удзелам спартсменаў з дружалюбных дзяржаў.

Як і ў зімовых відах спорту, у летніх дысцыплінах праходзіць маштабная міжнародная серыя спартыўных мерапрыемстваў — «Кубак мацнейшых спартсменаў». Па зімовых відах спаборніцтвы ўжо былі праведзены ў біятлоне, канькабежным спорце і фігурным катанні. Па летніх на гэты год запланаваны турніры ў 15 відах спорту. У маі ў Сочы нашы батутысты даказалі сваё майстэрства і занялі ўвесь п’едэстал гонару ў мужчын. Чакаюцца цікавыя турніры ў веславанні акадэмічным і веславанні на байдарках і каноэ, лёгкай і цяжкай атлетыцы, веласпорце, сучасным пяцібор’і, мастацкай і спартыўнай гімнастыцы, барацьбе, пляжным футболе і іншых відах спорту. Гэтыя турніры часта не ўступаюць узроўню спаборніцтваў пад эгідай міжнародных і еўрапейскіх федэрацый.
Узаемадзеянне нашых краін у спартыўнай галіне не абмяжоўваецца толькі правядзеннем спаборніцтваў. Блізка кантактуюць нацыянальныя спартыўныя федэрацыі, камісіі спартсменаў НАК Беларусі і АКР у частцы арганізацыі і правядзення самых розных мерапрыемстваў. Гэта сумесныя вучэбна-трэніровачныя зборы, майстар-класы для юных спартсменаў, навукова-практычныя канферэнцыі, адукацыйныя семінары і шмат іншага. Мы ўдзячны калегам з Расіі за магчымасць такога цеснага супрацоўніцтва.
Паводле БелТА