Галоўныя спартыўныя героі гэтага тыдня — хакеісты «Дынама-Мінска». Упершыню ў гісторыі каманда выйшла ў другі раўнд плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі. У першым раўндзе, у серыі з маскоўскім ЦСКА, «зубры» змагаліся вельмі рашуча, чым парадавалі ўсю краіну. Наступным сапернікам беларусаў стане чалябінскі «Трактар». Серыя пачнецца 12 красавіка ў Чалябінску. А пакуль на лёдзе «Мінск-арэны» кіпіць работа: дынамаўцы настроены рашуча. Баявога настрою ім дадала і сустрэча з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, які наведаў трэніроўку хакеістаў, сам стаўшы на канькі.
Гэта не афіцыйная праверка падрыхтоўкі каманды кіраўніком дзяржавы, а цёплая сустрэча людзей, якія жывуць хакеем. Напярэдадні ў інтэрв’ю МТРК «Мір» Аляксандр Лукашэнка чарговы раз прызнаўся ў любові да гэтай гульні. Зразумела, што такое дасягненне каманды, якая ўжо стала народнай, па-за яго ўвагай застацца не магло. Ды гэта і немагчыма. Уся краіна абмяркоўвала як мінімум дзве апошнія гульні «Дынама-Мінск» і ЦСКА: матч на «Мінск-арэне», калі «зубры» разабраліся з сапернікам з вынікам 7:0, а потым ужо ў Маскве абыгралі іх з вынікам 6:2. Заканчэнне серыі атрымалася сапраўды неверагодным. Прэзідэнт гэта ацаніў.
«Хлопцы, дзякуй вам вялікі. Найперш дзякуй за тое, што вы падарылі беларусам добры настрой і радасць. Я глядзеў усё, — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да каманды. — І першы раз у жыцці дзякую вам за добрую гульню. Асабліва нават не за 7:0, а за апошнюю гульню — гэта годна было, прыгожа. Перамагчы наймацнейшую, нязручную ў спартыўных адносінах, каманду ў Маскве — гэта палітыка».
Серыя з чалябінскім «Трактарам» абяцае быць не менш цікавай. У мінулым рэгулярным чэмпіянаце каманды абменьваліся выязнымі перамогамі. «Я паглядзеў гульні „Трактара“, гэта адзін у адзін наша гульня, часам без аглядкі. Каманда, з якой можна гуляць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён заўважыў, што ў Сібіры жывуць нашы людзі, нагадаўшы: у свой час туды ссылалі беларусаў, якім там усё стваралі. Але спорт ёсць спорт.
Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што гульня будзе няпростая як для саміх хакеістаў, так і для аматараў (лічы, усёй краіны). «Мы будзем за вас усе перажываць. Справа не ў тым, выйграеце вы ці прайграеце, вы павінны годна згуляць, паказаць прыгожую гульню», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён згадаў нядаўні матч з ЦСКА на «Мінск-арэне», калі армейцы, разумеючы, што ўжо прайгралі, змагаліся дастойна, да апошняга. Гэта было прыгожа.
Кожнаму з хакеістаў кіраўнік дзяржавы сказаў некалькі цёплых слоў, даў карысныя парады. Ён прызнаўся, што вельмі рады за нападаючага Ягора Борыкава, выхаванца жлобінскай хакейнай школы. 19-гадовы хакеіст стаў найлепшым снайперам «Дынама» ў плэй-оф: на яго рахунку пяць галоў у шасці матчах, дублі ў двух матчах запар. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што было б нядрэнна, калі б у нашай краіне «зазямліўся» амерыканскі нападаючы «Дынама» Сэм Энас. Кіраўнік дзяржавы пахваліў і гульню нападаючага Віталя Пінчука. А ў варатара Васіля Дземчанкі з Прэзідэнтам нават атрымалася імправізаваная дуэль, падчас якой кіраўнік дзяржавы закінуў некалькі шайб. «Ну ты скажы, стадыён будзе крычаць: „Вася, Вася?“ — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. — Ты глядзі, на цябе ўся краіна глядзіць. Ты малайчына, ты калі ў настроі, табе немагчыма закінуць». Пытанне зададзена недарэмна, як заўважыў кіраўнік дзяржавы, вынік матча моцна залежыць менавіта ад варатара. Васіль Дземчанка запэўніў, што не падвядзе. Аляксандр Лукашэнка разам з трэнерскім штабам каманды назіраў за трэніроўкай хакеістаў. Нават сустрэча з Прэзідэнтам не парушыла яе ходу, бо часу расслабляцца няма, і ўсе гэта выдатна разумеюць.
На памяць аб гэтай сустрэчы Прэзідэнт падарыў камандзе найлепшы беларускі «допінг» — сала, чорны хлеб і мёд. Хлеб не просты, а хлеб-пераможца. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што некалі аб’явіў конкурс на самы лепшы хлеб у Беларусі. Перамог магілёўскі. Але віцебскія спецыялісты ўспрынялі гэта як выклік і зрабілі свой чорны хлеб, які таксама высока ацанілі. Мёд таксама не звычайны, а горны таджыкскі. Прэзідэнт параіў ужываць мёд ранкам перад трэніроўкай, ён дадае энергіі, а сала з хлебам — пасля, каб аднавіць сілы.
Аляксандр Лукашэнка даў хакеістам яшчэ адну вельмі каштоўную параду, якую асабліва важна пачуць маладым гульцам. «Мая вам парада: ніколі не спяшайцеся. Трапіце вы ў НХЛ, не трапіце... Я тут не магу вам раіць, але ніколі не спяшайцеся, — сказаў ён. — Тут усё можна».
У сваю чаргу хакеісты падарылі на памяць сувенірнае джэрсі каманды з аўтографамі гульцоў, выказаўшы спадзяванне, што яно знойдзе сваё месца сярод падарункаў Прэзідэнту. «Калі „Трактар“ пераможаце, асабіста павешу ў Палацы Незалежнасці», — з гумарам паабяцаў кіраўнік дзяржавы.
Фота: БелТА