Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка днямі падпісаў указы, накіраваныя на ўдасканаленне падыходаў да парадку будаўніцтва і крэдытавання жылля.
Сутнасць змяненняў у жыллёвым будаўніцтве і атрыманні «жыллёвых» крэдытаў на брыфінгу растлумачыў намеснік міністра будаўніцтва і архітэктуры Аляксандр Шваюноў.
Максімальныя прэферэнцыі малым гарадам
Указ № 95 «Аб дзяржаўнай падтрымцы пры жыллёвым будаўніцтве» быў прыняты ў мэтах стварэння адзінага нарматыўнага дакумента па аказанні грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры паляпшэнні жыллёвых умоў. У ім аб’яднаны ўсе формы такой падтрымкі, якія існуюць у краіне.
У дакуменце падкрэсліваецца, што памеры дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве жылля не памяншаюцца. Таксама колькасць катэгорый асоб, якія маюць на гэта права, не скарачаецца, запэўніў намеснік міністра.
Указ прадугледжвае тры формы дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве або набыцці жылля:
- — ільготныя крэдыты на будаўніцтва аднакватэрных жылых дамоў, кватэр у блакіраваных жылых дамах, а таксама на набыццё аднакватэрных жылых дамоў, кватэр у шматкватэрных або блакіраваных жылых дамах, пабудаваных па дзяржзаказе;
- — аднаразовыя субсідыі на будаўніцтва або набыццё жылля;
- — фінансавая дапамога дзяржавы ў вяртанні запазычанасці па льготных крэдытах (для шматдзетных і маладых сем’яў, пры нараджэнні дзяцей).
А асобныя катэгорыі грамадзян могуць мець права на ўсе формы дзяржаўнай падтрымкі.
Галоўная навіна гэтага ўказа — адыход ад долевага будаўніцтва з дзяржаўнай падтрымкай. Не, долевае будаўніцтва цалкам не забаранілі, але цяпер атрыманне льготных крэдытаў магчыма толькі на куплю кватэр у шматкватэрных жылых дамах, пабудаваных па дзяржаўным заказе (пры гэтым па індывідуальных жылых дамах захоўваецца крэдытаванне на будаўніцтва і куплю). Акрамя таго, субсідыі на пагашэнне доўгу і працэнтаў па камерцыйных крэдытах на будаўніцтва жылля замяшчаюцца льготнымі крэдытамі.
Яшчэ адна навацыя звязаная з палітыкай дэўрбанізацыі. У населеных пунктах з колькасцю да 20 тысяч чалавек ільготныя крэдыты будуць выдзяляцца для куплі жылля як на першасным рынку (пабудаванага па дзяржаўным заказе), так і на другасным (пры куплі ўжо гатовага жылля).
Акрамя таго, ільготны крэдыт на куплю гатовага жылля ў сярэдніх або вялікіх гарадах будзе выдавацца толькі шматдзетным сем’ям. А яшчэ льготныя крэдыты будуць давацца людзям, якія ўзводзяць або рэканструююць жылы дом шляхам заключэння дагавора падраду альбо гаспадарчым спосабам.
Падтрымаць будаўніцтва ў малых гарадах вырашылі яшчэ адным спосабам. Прынята пастанова ўрада на гэты год па будаўніцтве і фінансаванні жылля, якая прадугледжвае павялічаны гранічны нарматыў кошту крэдытаванага квадратнага метра ў памеры 1968 рублёў. Гэты нарматыў набліжаецца да 90 % кошту рэальнага квадратнага метра жылля.
Аформіць ільготны крэдыт на гатовую кватэру будзе прасцей
Указам № 94 у новай рэдакцыі выкладаецца Указ ад 8 мая 2013 года № 215, якім уведзены механізм дзяржаўнага заказу на будаўніцтва жылля.
Сутнасць дзяржзаказу ў тым, што цяпер узвядзенне жылых дамоў ажыццяўляецца дзяржаўнымі заказчыкамі (УКБ і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі) без прыцягнення насельніцтва на этапе будаўніцтва. Аб’ёмны льготны крэдыт на будаўніцтва жылога дома выдзяляецца арганізацыі-заказчыку. Дом будуецца з дапамогай гэтага фінансавання і здаецца ў эксплуатацыю. Пасля ўводу дома ў эксплуатацыю і заключэння дагавораў куплі-продажу з грамадзянамі запазычанасць па льготных крэдытах пераафармляецца на грамадзян.
Гэты механізм дае магчымасць набыцця такога жылля дзяржаўнымі прадпрыемствамі і іншымі арганізацыямі для далейшага выдзялення сваім работнікам у якасці арэнднага жылля.
Прадугледжана таксама магчымасць набыцця жылля, якое пабудавана па дзяржзаказе, тымі чаргавікамі, што не маюць права на дзяржаўную падтрымку. Такім чынам, дзяржава дае рэальны механізм даступнага будаўніцтва жылля тым людзям, якія не могуць разлічваць на дзяржпадтрымку. Гэта катэгорыя насельніцтва досыць масавая, а яна апошнім часам была злёгку забыта. Гэта маладыя сем’і без дзяцей або з адным дзіцем. Такіх сем’яў на пачатак года было практычна 250 тысяч.
Пераафармленне запазычанасці па льготных крэдытах толькі на першы погляд здаецца складаным механізмам, адзначае Аляксандр Шваюноў.
Пакуль дзяржзабудоўшчык узводзіць жыллё (адзін або некалькі дамоў), мясцовыя выканкамы фарміруюць спіс з людзей, якія стаяць у жыллёвай чарзе, тых спажыўцоў, хто можа здзейсніць куплю дадзеных кватэр. За кошт ільготных крэдытаў гэты механізм спросціцца. Калі раней кліент заключаў дагавор з банкам, папярэдне збіраў дзясяткі даведак і іншых паперак на працягу ўсяго будаўніцтва, то цяпер стане ўсё нашмат прасцей. Спажывец адзін раз збярэ неабходны пакет дакументаў, і ўсё. Далей неабходна будзе выплачваць пэўную суму за жыллё і фіксаваную суму за працэнты.
І яшчэ. Адказны спажывец у нас дастаткова інфармаваны. Ён ведае, што кошт квадратнага метра ў доме, які будуецца на стадыі катлавана, значна таннейшы ў дольшчыкаў, чым «квадрат» ужо пабудаванага дома.
Так, гэта сапраўды практыкуецца пры долевым будаўніцтве ў камерцыйных схемах узвядзення жылля. Але пры дзяржзаказе кошт квадратнага метра разлічваецца зыходзячы з дакладнага кошту самога будаўніцтва плюс мінімальны працэнт прыбытку. Цана «квадрата» на стадыі катлавана практычна не адрозніваецца ад фінальнага цэнніка, упэўнены Аляксандр Шваюноў. З гэтага ўсяго і складваюцца плюсы механізму дзяржзаказу.
Усе змяненні ўступаюць у сілу з 1 чэрвеня 2025 года. Многіх хвалюе пытанне, як новыя нормы могуць закрануць аб’екты будучага жылля, будаўніцтва якіх ужо распачата да прыняцця ўказаў. Аляксандр Шваюноў адзначыў, што ўказы зваротнай сілы не маюць. Усе аб’екты, якія ўжо пачалі будаўніцтва або пачнуць яго да першага чэрвеня гэтага года, будуць завяршаць узвядзенне жылля на стартавых умовах.
Сяргей КУРКАЧ.
Кампетэнтна
Выданне ўказаў Прэзідэнта, якія мяняюць парадак будаўніцтва і атрымання жылля, стала вынікам маштабнай работы створанай урадам міжведамаснай рабочай групы з удзелам дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў па выпрацоўцы стратэгіі забеспячэння грамадзян жыллём. Аб гэтым расказаў старшыня Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Юрый Наркевіч.
Навацыі павінны зрабіць працэс атрымання жылля больш зразумелым і даступным для беларусаў, у першую чаргу для маладых і шматдзетных сем’яў, адзначыў парламентарый.
«Цяпер грамадзянам не давядзецца разбірацца з мноствам нарматыўных прадпісанняў, якія змяшчаюцца ў некалькіх аб’ёмных актах, каб палепшыць свае жыллёвыя ўмовы. Указам № 95 «Аб дзяржаўнай падтрымцы пры жыллёвым будаўніцтве» аб’яднаны ўсе існуючыя ў краіне формы такой падтрымкі. Цяпер гэта адзіны дакумент, які спрашчае разуменне, хто і як можа атрымаць падтрымку, — патлумачыў навацыі Юрый Наркевіч. — Акрамя таго, сыходзіць у мінулае долевае будаўніцтва. Цяпер ільготныя крэдыты можна будзе атрымаць толькі на кватэры ў дамах, якія будаваліся па дзяржзаказе. Аднак для прыватных дамоў крэдыты на будаўніцтва і куплю застаюцца».
Дэпутат дадаў, што, набываючы ўжо пабудаванае жыллё, грамадзяне пазбаўляюцца мноства праблем, з якімі сутыкаліся дольшчыкі ў працэсе ўзвядзення дамоў. І найперш гэта абарона людзей ад даўгабудаў. У гарадах і пасёлках з колькасцю да 20 тысяч чалавек ільготныя крэдыты будуць выдзяляцца для куплі жылля як на першасным рынку (пабудаванага па дзяржзаказе), так і на другасным.