Гэту тэму кіраўнік дзяржавы ўзнімаў яшчэ падчас рабочай паездкі ў Шклоў у жніўні. Пытанні, якія абмяркоўваліся на нарадзе па пытаннях эфектыўнага развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці Шклоўскага і Аршанскага раёнаў, датычыліся не толькі гэтых раёнаў, а ў цэлым мясцовай вертыкалі ўсёй краіны. Кажучы аб далейшым рэфармаванні сельскай гаспадаркі, Прэзідэнт адзначаў, што трэба ўдзяліць ўвагу ролі старшынь райвыканкамаў, нарматыўна-прававому рэгуляванню іх дзейнасці, дакладнаму разуменню паўнамоцтваў. Аляксандр Лукашэнка тлумачыў, што гэта неабходна для таго, каб дакладна разумець, што і ад каго могуць патрабаваць старшыні выканкамаў. Акрамя таго, прававое рэгуляванне паўнамоцтваў гэтай катэгорыі службовых асоб, па яго словах, дазволіць пазбегнуць спрэчак наконт ведамаснай падпарадкаванасці і межаў кампетэнцыі.
- Праект Указа, якім рэгулюецца статус старшыні выканкама базавага ўзроўню, быў разгледжаны на пасяджэнні Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу. Аднак замест гэтага дакумента члены Прэзідыума прапанавалі прыняць закон. Аднак, як гэта часта бывае, перш чым прыняць канчатковае рашэнне, Аляксандр Лукашэнка параіўся, выслухаў меркаванні як вышэйшых службовых асоб, заканадаўцаў, так і непасрэдна тых, хто працуе на месцах. У выніку сышліся на тым, што ўсё-такі гэта будзе Указ.
«Узровень выканальніцкай дысцыпліны павінен быць на адпаведнай вышыні»
«Сёння мы павінны канчаткова абмеркаваць усе пытанні, якія датычацца павышэння ролі раённых і гарадскіх выканкамаў так званага базавага ўзроўню, і іх старшынь, — задаў тон размовы, распачынаючы нараду ў Палацы Незалежнасці, кіраўнік дзяржавы. — На пасяджэнні Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу мы нядаўна разгледзелі адпаведны праект Указа. Тады прагучала шмат прапаноў, у тым ліку аб тым, каб не выдаваць Указ Прэзідэнта, а прыняць адпаведны закон. Законапраект падрыхтаваны, прадстаўлены мне для ўнясення ў Палату прадстаўнікоў. Давайце яшчэ раз паглядзім, ці ўсе надзённыя пытанні ў ім адлюстраваны, ці ліквідаваны ўсе прабелы, якія сёння перашкаджаюць эфектыўнаму функцыянаванню старшынь рай-, гарвыканкамаў».
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што не трэба трымацца за паўнамоцтвы і статус наверсе, каб не аддаць пэўныя паўнамоцтвы ўніз. «Гэта абсалютна непрымальна, — падкрэсліў ён. — Мы павінны зыходзіць з пазіцыі інтарэсаў нашай дзяржавы».
Па словах Прэзідэнта, павышэнне статусу старшынь базавага ўзроўню раўназначнае шматразоваму ўзмацненню адказнасці за развіццё горада і раёна. «Я ўжо шмат разоў казаў, што мы значна павысім узровень выканальніцкай дысцыпліны ў краіне, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Я бачу недапрацоўкі ў гэтым плане, пры тым сур’ёзныя недапрацоўкі». У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы папярэдзіў: калі гэтыя недапрацоўкі не будуць ліквідаваны, будзе вельмі складана выканаць пастаўленыя задачы не толькі ў гэтым годзе, але і ўвогуле ў пяцігодцы.
«Таму ўзровень выканальніцкай дысцыпліны павінен быць на адпаведнай вышыні, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Пры гэтым, разумеючы, што без старшынь гар-, райвыканкамаў мы не вырашым ні адной праблемы, патрабаванні да іх узрастуць. Але калі мы павышаем патрабаванні да іх, то трэба даваць і паўнамоцтвы, каб яны маглі працаваць. Усё вельмі проста і зразумела. Вось у сувязі з чым з’явіліся прапановы аб павышэнні ролі старшынь гар-, райвыканкамаў».
Гэтыя прапановы, па словах кіраўніка дзяржавы, павінны пашыраць паўнамоцтвы выканкамаў базавага ўзроўню, іх старшынь для таго, каб істотна перш за ўсё палепшыць эканоміку, узровень жыцця людзей на адпаведнай тэрыторыі.
«Рашэнні выканаўчага камітэта і старшыні выканкама абмеркаванню не падлягаюць»
Пры гэтым Прэзідэнт ставіць пытанне, якое, на яго думку, не адназначна ўспрымецца некаторымі катэгорыямі грамадзян.
«Аб адказнасці старшынь выканкамаў базавага ўзроўню за кіраванне па ўсіх кірунках, у тым ліку і прыватным сектарам, — канкрэтызаваў ён. — А то ў нас атрымліваецца: прыватнік — гэта ўвогуле не дзяржава, гэта „дзяржава ў дзяржаве“. А ў той жа час мы на прыватніка вельмі разлічваем. І іх роля таксама ў вытворчасці, асабліва ў вытворчасці, будзе павышана. Ну дык старшыня райвыканкама павінен кіраваць, і патрабаваць, і несці адказнасць аднолькава як за прыватны, так і дзяржаўны сектар. І гэта датычыцца перш за ўсё кадраў. Гэта жорсткае маё патрабаванне. Ад гэтага ніхто не павінен сыходзіць, разважаючы і балбочучы аб нейкім лібералізме. У нас сёй-той яшчэ не наеўся гэтага лібералізму».
Кажучы аб Годзе добраўпарадкавання і пяцігодцы якасці, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асноўная нагрузка пры рэалізацыі пастаўленых задач кладзецца на рэгіёны і іх кіраўнікоў.
«Ну і што, старшыня райвыканкама будзе кланяцца, хадзіць да кіраўніка прыватнага сектара, каб яны, да прыкладу, гэтыя задачы вырашалі? — удакладніў беларускі лідар і абгрунтаваў: — Рашэнні выканаўчага камітэта і старшыні выканкама павінны быць канчатковымі, абмеркаванню не падлягаць. У плане функцыяналу, які кладзецца на іх».
Таму пры абмеркаванні законапраекта, па словах Прэзідэнта, варта канчаткова вызначыцца па яго форме і змесце, каб старшыні выканкамаў былі яшчэ больш матываваныя на вынік і эфектыўна працавалі.
У гэтай сувязі кіраўнік паставіў перад удзельнікамі нарады пытанні, на якія хацеў пачуць адказы: «Якімі кадравымі, эканамічнымі, іншымі паўнамоцтвамі прапануецца надзяліць мясцовую ўладу, каб даць магчымасць вырашаць надзённыя пытанні і адыгрываць больш прыкметную ролю ў развіцці свайго рэгіёна? Ці патрэбны для гэтага праект закона, або больш эфектыўна будзе працаваць указ, у залежнасці ад практыкі, якая склалася, і настрою людзей? Галоўнае — прынцыпова прыняць актуальныя і запатрабаваныя рашэнні».
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што ролю асноўнага звяна, якое непасрэдна сутыкаецца з работай з людзьмі, трэба павышаць. «Можа быць, і хапае паўнамоцтваў — тады скажыце, — заклікаў ён. — Тут ёсць і старшыня райвыканкама, ёсць і губернатар, і намеснік Старшыні УНС, у тым ліку і парламентарыі».
Прэзідэнт папрасіў прадметна агучыць пытанні, на якія трэба звярнуць увагу. «У якім ключы будзем дзейнічаць, я сказаў, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы. — Не трэба баяцца надзяляць старшынь гар-, райвыканкамаў адпаведнымі функцыямі і паўнамоцтвамі. Спытаем з іх сур’ёзна, ціск будзе на іх вельмі сур’ёзны, але мы павінны даць ім рычагі».
Калегіяльны разгляд і самастойнае прыняцце рашэнняў
Як далажыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый КРУТОЙ, праектам закона прадугледжаны два прынцыповыя моманты. «Ён распаўсюджваецца на выканкамы ўсяго базавага ўзроўню, а не толькі раённыя, як было раней, і іх старшынь, — канкрэтызаваў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — І другі момант — большасць новых паўнамоцтваў перадаецца на калегіяльны разгляд выканкамаў, а не аднаасобна старшыні».
Кажучы аб асноўных новаўвядзеннях, Дзмітрый Крутой паведаміў, што ў рай-, гарвыканкамаў з’явіцца магчымасць уносіць змяненні ў расходы адпаведнага бюджэту па функцыянальнай класіфікацыі ў межах зацверджанага шараговага памеру, ліміту. «Гэта значыць, памер, ліміт для раённага бюджэту ўстанаўліваецца і на працягу года, у залежнасці ад сітуацыі, па даходнай, па расходнай частцы выканкам мае права ўносіць пэўныя змяненні ў адпаведныя рэсурсы, — патлумачыў ён. — Прадугледжана магчымасць распараджацца рэштай сродкаў адпаведнага бюджэту, калі добра спрацавалі, зэканомілі. Гэта права менавіта старшыні выканкама як стымулюючая норма і мера».
Пры гэтым кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта ўдакладніў, што, натуральна, не ўсе раёны гэтым будуць карыстацца. Але у тых, што будуць дасягаць добрых вынікаў, такая магчымасць з’явіцца.
Яшчэ адно новаўвядзенне — прыцягненне суб’ектаў гаспадарання да добраўпарадкавання і ўтрымання тэрыторый. «Згодна з дзеючым заканадаўствам, гэта мера дзейнічае адносна толькі санітарнага стану адпаведных зямельных участкаў, цяпер — добраўпарадкавання ў больш шырокім сэнсе», — канкрэтызаваў ён.
Акрамя таго, на рай-, гарвыканкамы прапаноўваецца ўскласці прыняцце рашэнняў аб зносе аварыйных, закінутых, старых збудаванняў, у тым ліку без праектнай дакументацыі. Прадугледжана дазволіць выканкамам базавага ўзроўню больш шырока выкарыстоўваць карысныя выкапні, якія здабываюцца на тэрыторыі адпаведнага раёна. «Таксама ў законе, каб не было ніякіх злоўжыванняў, у тым ліку карупцыйных, устаноўлена абмежаванне па цане не вышэйшай за сабекошт здабычы гэтых карысных выкапняў», — удакладніў Дзмітрый Крутой.
На рай- і гарвыканкамы прапаноўваецца ўскласці прыняцце рашэнняў аб дзяржаўных закупках, але з адной крыніцы — у арганізацый з доляй дзяржуласнасці. На ўзроўні выканкамаў прадугледжана прыняцце рашэнняў і па самавольна занятых землях. Як удакладніў Дзмітрый Крутой, маюцца на ўвазе тыя рашэнні, якія не патрабуюць узгаднення з Прэзідэнтам, у выпадку, калі адпаведны аблвыканкам такое права ім дэлегуе.
У тэму
«Мы павінны мабілізавацца і працаваць на тое, каб краіна рухалася далей»
Як адзначыў у размове з журналістамі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый КРУТОЙ, па выніках нарады большасцю ўдзельнікаў была ўнесена прапанова вярнуцца да формы Указа, падпісаць яго максімальна хутка.
«Указам № 1 аб’яўлены Год добраўпарадкавання, і цяпер на ўзроўні раёнаў фарміруюцца маштабныя планы, звязаныя з правядзеннем адпаведных мерапрыемстваў, — агучыў ключавыя абгрунтаванні Дзмітрый Крутой. — Для аператыўнасці, натуральна, дакумент патрэбен хутчэй. Улічваючы, што на ўзроўні старшынь райвыканкамаў з’явяцца новыя паўнамоцтвы і новыя магчымасці па ўцягненні абсалютна ўсіх суб’ектаў гаспадарання, нашага насельніцтва да гэтага працэсу, зразумела, нарматыўна трэба аформіць усё гэта значна хутчэй».
Акрамя таго, па яго словах, Указ дазваляе ў канцэнтраваным выглядзе з абсалютна розных сфер і дакументаў імплементаваць адпаведныя нормы, якія датычацца ўзмацнення паўнамоцтваў старшынь выканкамаў базавага ўзроўню. «Калі б мы ўносілі змяненні ў Закон „Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні“, як прапаноўвалася ў мінулы раз, гэта патрабавала б змянення яшчэ дзевяці падзаконных дакументаў, шэрагу кодэксаў, — патлумачыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Натуральна, уключаць туды непрапрацаваныя практыкай нормы было б неразумна. Прэзідэнт з гэтым пагадзіўся, таму канструкцыя наступная: пастараемся да 1 сакавіка падпісаць Указ. Да канца года ён папрацуе».
Карэкціроўкі закрануць і Закон «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», куды будзе ўключана большая колькасць новаўвядзенняў, звязаная не толькі з паўнамоцтвамі старшынь гар-, райвыканкамаў. «Гэта будуць комплексныя змяненні, і Прэзідэнт сёння ўвогуле запатрабаваў выкласці яго (закон. — „Зв“.) у новай рэдакцыі, — удакладніў Дзмітрый Крутой. — З 2010 года туды ўжо ўнесена 14 змяненняў, якія робяць дакумент даволі складаным. Улічваючы, што гэта будзе комплексная праўка нашага закона, нормы Указа аб паўнамоцтвах старшынь гар-, райвыканкамаў, ужо да канца года адпрацаваныя на практыцы, будуць проста імплементаваныя ў наступным годзе або ў канцы гэтага года. Нарматыўная канструкцыя пакуль выбрана такая».
Што датычыцца паўнамоцтваў старшынь выканкамаў, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыў, што ўсе прапановы беларускім лідарам былі падтрыманы. Сярод іх — і тое, што кандыдатуры кіраўнікоў тэрытарыяльных органаў усіх ведамстваў, акрамя Камітэта дзяржбяспекі, ключавых арганізацый раёна ўсіх форм уласнасці будзе ўзгадняць непасрэдна старшыня гар-, райвыканкама.
Старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль ІСАЧАНКА звярнуў увагу на тое, што тэма, якая ўзнімалася падчас нарады ў кіраўніка дзяржавы, абмяркоўваецца ўжо на працягу некалькіх месяцаў. «Напэўна, сам час падштурхнуў да гэтага, — лічыць ён. — У цэлым, падыходы адобраны. Але з улікам асобных дапрацовак работа будзе працягнута — будзе прыняты нарматыўны дакумент».
Анатоль Ісачанка акцэнтаваў увагу на галоўным пасыле кіраўніка дзяржавы: «Разам з тым, што мы ўзмацняем паўнамоцтвы старшынь райвыканкамаў, гарвыканкамаў, трэба ўзмацніць і адказнасць старшынь за іх канкрэтную работу. Мы павінны сёння мабілізавацца і працаваць на тое, каб краіна рухалася далей. А для гэтага патрэбны пэўныя паўнамоцтвы. Гэта галоўны лейтматыў таго, што трэба зрабіць».
Пры гэтым старшыня Магілёўскага аблвыканкама адзначыў, што ўсё для выканання сваіх службовых абавязкаў ёсць. «Але жыццё не стаіць на месцы, яно рухаецца, і, вядома, ёсць пэўныя пытанні, якія трэба карэкціраваць, — лічыць ён. — Як кажа наш Прэзідэнт, бярыце ад зямлі тое, што сёння патрэбна. І тое што неабходна ў першую чаргу для нашых людзей, каб жыццё было больш камфортным і добраўпарадкаваным. Зыходзячы з гэтага і рыхтуецца гэты дакумент. Некаторыя пытанні вырашаліся, але быў зацягнуты час. Трэба скараціць час для вырашэння гэтых пытанняў».
Па словах члена Савета Рэспублікі, старшыні Ваўкавыскага райвыканкама Дзмітрыя ЗАХАРЧУКА, кіраўнік дзяржавы не раз звяртаў увагу на тое, што ўжо пара дэлегаваць функцыі ўлады на месцах. «Старшыня выканкама павінен з’яўляцца прэзідэнтам, бо яму больш бачна, якімі рычагамі на месцы ўздзейнічаць на тыя ці іншыя масы, — заўважыў ён. — Таму лічу правільным, што кіраўнік дзяржавы заклапочаны даным заканадаўчым прадуктам, каб узмацніць ролю старшыні на месцы».
Сенатар звярнуў увагу, што ўсе роўныя перад заканадаўствам. Датычыцца гэта, па яго словах, і прыватнага бізнесу. «У краіне — Год добраўпарадкавання, у нас усюды павінна быць эстэтычна акуратна, як у кожнага дома, — прывёў прыклад Дзмітрый Захарчук. — Чаму прыватнік павінен адрознівацца ад дзяржаўнага прадпрыемства? У асноўнай масе прыватны бізнес падтрымлівае парадак, але ёсць выключэнні, як у любым з правіл. Тады ўключаецца адміністрацыйны рэсурс».
Старшыня Шклоўскага райвыканкама Сяргей БАРТАШ распавёў, што пры падрыхтоўцы комплекснага дакумента аб узмацненні паўнамоцтваў выканкамаў базавага ўзроўню былі разгледжаны і ўлічаны прапановы з месцаў. Па яго словах, абмеркаванню на ўзроўні Прэзідэнта папярэднічаў падрабязны разгляд усіх прапаноў, якія паступілі на ўзроўні спецыялістаў, у тым ліку мясцовых органаў улады.
«Калі будзе прыняты гэты дакумент, у нас будзе больш магчымасцяў, каб даць чарговы штуршок развіццю раёнаў, у тым ліку кадраваму патэнцыялу, і ў далейшым працаваць у гэтым кірунку, — падкрэсліў Сяргей Барташ. — Мы зможам даць большы вынік: і той, які самі ад сябе чакаем, і той, якога ад нас чакае народ. Будзе толькі станоўчы эфект».
Па словах старшыні Шклоўскага райвыканкама, ёсць разуменне таго, што новыя паўнамоцтвы прадугледжваюць і ўзмацненне адказнасці. «Зразумела, што попыт будзе жорсткі, і мы да гэтага гатовы, — сказаў ён. — Мы для таго і ёсць на гэтых пасадах, каб адказваць за ўсе свае дзеянні і за выкананне тых даручэнняў, якія нам даюцца».
Па словах старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра ТУРЧЫНА, у краіне выбудавана сістэма дзяржкіравання. «Зразумела, што любая сістэма не статычная, яна заўсёды патрабуе пэўных змяненняў у сувязі са змяненнямі ў краіне, свеце, — удакладніў ён. — Таму нарада па гэтай тэматыцы ўжо не першая ў кіраўніка дзяржавы».
Аляксандр Турчын перакананы, што цэлы шэраг аспектаў, якія плануецца аформіць заканадаўча, дапамогуць старшыням выканкамаў больш эфектыўна вырашаць пастаўленыя перад імі задачы. «Але не трэба ніколі забываць, што ёсць правы, а ёсць абавязкі, — нагадаў ён. — Таму трэба вельмі ўзважана падыходзіць да сваіх правоў, бо любое тваё рашэнне цягне за сабой тыя ці іншыя наступствы».
Па словах старшыні Мінаблвыканкама, ёсць агульнакраінавыя задачы, якія павінны вырашаць усе разам, няважна, якой формы ўласнасці суб’ект гаспадарання. «Патрэбен будзе час, каб паглядзець, як нормы, закладзеныя ў гэтым дакуменце, будуць працаваць на практыцы, — лічыць кіраўнік Мінскай вобласці. — Ёсць цэлы шэраг момантаў, якія дазволяць палепшыць работу старшынь выканкамаў. Вядома, усё залежыць і ад асобы кіраўніка».
Фота БелТА.