Top.Mail.Ru

Прэзiдэнт правёў сустрэчу з намеснiкам Дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Сяргеем Глазьевым

Як праiнфармаваў Аляксандр Лукашэнка, рашэннем кiраўнiкоў Беларусi i Расii Сяргей Глазьеў зменiць Дзмiтрыя Мезенцава на пасадзе Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы.


«Думаю, што эфект будзе добры»

«Мы дамовiлiся з Уладзiмiрам Уладзiмiравiчам Пуцiным, што ваш унёсак у будаўнiцтва Саюзнай дзяржавы павiнен быць важкiм, — адзначыў беларускi лiдар. — Ён добрай думкi аб вас. Маё меркаванне вы даўно ведаеце. Таму мы вызначылiся. У сувязi з тым, што заканчваецца тэрмiн знаходжання на гэтай пасадзе Дзмiтрыя Фёдаравiча Мезенцава i ён сыходзiць на iншую работу» (Дзмiтрый Мезенцаў прызначаны паўнамоцным прадстаўнiком Прэзiдэнта Расiйскай Федэрацыi ў Канстытуцыйным судзе РФ).

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што рух да больш цеснага саюза памiж Беларуссю i Расiяй павiнен грунтавацца перш за ўсё на эканомiцы. «Вы — эканамiст, я лiчу, ад Бога, — звяртаючыся да Сяргея Глазьева, адзначыў Прэзiдэнт. — Многае ў вас (ёсць у плане прафесiйных навыкаў i вопыту. — „Зв.“) насуперак тым, хто думае iнакш у нас або асаблiва ў Расiйскай Федэрацыi. Мы прынялi такое рашэнне аб прызначэннi вас кiраўнiком i „маторам“ нашай саюзнай iнтэграцыi ў плане кiраўнiцтва ўсiм апаратам Саюзнай дзяржавы. Думаю, што эфект будзе добры».

Такога ж меркавання, па словах беларускага лiдара, прытрымлiваецца i кiраўнiк Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Дзмiтрый Крутой. «Паколькi ён служыў да нядаўняга часу паслом у Расiйскай Федэрацыi i за гэты час вельмi добра засвоiў асноўныя кiрункi нашай дзейнасцi», — патлумачыў Прэзiдэнт.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў перспектыве Сяргей Глазьеў азнаёмiць яго як Старшыню Вышэйшага Дзяржсавета са сваiм бачаннем, прапановамi, якiя датычацца развiцця Саюзнай дзяржавы. «Вы ведаеце, што ў нас кансенсусам прымаюцца рашэннi, — удакладнiў беларускi лiдар. — Многае залежыць i ад таго, як мы „зварым гэту кашу“ i прапануем расiйскаму боку i Прэзiдэнту Расiйскай Федэрацыi. Ён накiраваны на тое, каб мы падтрымлiвалi самыя цесныя адносiны».

Кiраўнiк дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што формула «Адзiная Айчына — дзве дзяржавы» — iдэя, якая рэалiзуецца на справе. «У нас Айчына адна — ад Брэста да Уладзiвастока, гэта падкрэслiваю яшчэ з тых часоў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Так адбылося, што ў нас дзве дзяржавы iснуюць. Будзем выбудоўваць адносiны. Я часта кажу: мы дастаткова разумныя людзi, каб выбудаваць адзiную сiстэму ўзаемадзеяння, будаваць нашы адносiны нават больш цесна, чым ва ўнiтарнай дзяржаве. Можа, занадта амбiцыйна, але, тым не менш, гэту задачу павiнны вырашыць. У адваротным выпадку (вы бачыце, што адбываецца вакол нас) нам не быць i не iснаваць».

Прэзiдэнт падкрэслiў, што гэта папярэдняя размова з Сяргеем Глазьевым. «Мы з вамi сустрэнемся i грунтоўна яшчэ пагаворым, як нам дзейнiчаць, — канкрэтызаваў ён. — Я на вас вельмi разлiчваю. Чаго ўтойваць: ад вас будзе многае залежаць. I ад тых людзей, якiя будуць з вамi працаваць у апараце нашага саюзнага будаўнiцтва».

Сяргей Глазьеў, у сваю чаргу, выказаў удзячнасць за давер. «Прыкладу ўсе сiлы i свае веды, квалiфiкацыю для таго, каб тыя iдэi, якiя былi закладзены ў аснову стварэння Саюзнай дзяржавы (роўныя ўмовы гаспадарання, роўныя правы грамадзян, агульныя механiзмы развiцця, пашырэнне кааперацыi, супрацоўнiцтва, стварэнне высокаканкурэнтаздольнай эканомiкi, якая магла б развiвацца апераджальнымi тэмпамi), былi рэалiзаваны, што называецца, па апошнiм слове эканамiчнай навукi», — сказаў ён.

«Калi размаўлялi з Уладзiмiрам Уладзiмiравiчам, мы сышлiся на тым, што вы са сваiмi iдэямi былi каля вытокаў першых крокаў нашага саюза з Расiяй, яшчэ ў часы першага Прэзiдэнта Расiйскай Федэрацыi, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Таму нам вельмi важна, што вы гэта не проста памятаеце, а вы, можна сказаць, былi побач з гэтымi iдэямi, а можа быць, камусьцi i падказвалi, як трэба дзейнiчаць. Прынамсi, з вамi мы часта абмяркоўвалi многiя пытаннi».

«Саюзная дзяржава — наша вялiзная канкурэнтная перавага»

У размове з журналiстамi Сяргей Глазьеў звярнуў увагу на тое, што Саюзная дзяржава функцыянуе ўжо чвэрць стагоддзя i за гэты час многае ўжо зроблена. «Фактычна гэта ядро iнтэграцыйнага працэсу, дзе адпрацоўваюцца найбольш цесныя, тонкiя i складаныя механiзмы iнтэграцыi, — адзначыў ён. — У нас не толькi агульная эканамiчная прастора, але i агульныя праграмы развiцця. Рэалiзаваны дзясяткi навукова-тэхнiчных праграм, шмат праектаў у самых розных сферах. Можна сказаць, Саюзная дзяржава iдзе па той траекторыi, якая паслядоўна закладзена на працягу 25 гадоў».

Новыя рубяжы саюзнай iнтэграцыi, па словах Сяргея Глазьева, вызначаюцца задачамi сучаснага этапу. «Гэта павышэнне эфектыўнасцi работы, павелiчэнне маштабу дзейнасцi, стварэнне новых iнтэграцыйных механiзмаў, фармiраванне агульных iнстытутаў i стратэгiй развiцця, пашырэнне i паглыбленне кааперацыi, спалучэнне канкурэнтных пераваг, — канкрэтызаваў ён. — Шмат канкрэтных практычных задач, дзе мы маглi б аб’ядноўваць нашы магчымасцi, пашыраць i паглыбляць наш навукова-тэхнiчны патэнцыял i выходзiць на перадавыя рубяжы, рэалiзоўваць стратэгiю апераджальнага развiцця, поўнасцю мабiлiзоўваючы нашы магчымасцi».

Намеснiк Дзяржсакратара звярнуў увагу на тое, што ўсе задачы i ўстаноўкi Пастаяннага камiтэта Саюзнай дзяржавы арыентаваны на выкананне асноўных кiрункаў у рэалiзацыi Дагавора аб стварэннi Саюзнай дзяржавы. «Гэтыя кiрункi ахоплiваюць галiны навукова-тэхнiчнага супрацоўнiцтва, макраэканамiчнай палiтыкi, гарманiзацыi заканадаўства, абароны правоў спажыўцоў, антыманапольнага рэгуляванння, фармiравання агульных стратэгiчных планаў развiцця па галiнах прамысловасцi — у нас вельмi прадметная i канкрэтная работа, — падкрэслiў ён. — Задачы, якiя ставяцца нашымi ўрадамi, будуць паспяхова вырашацца».

Сяргей Глазьеў канстатаваў, што найважнейшым элементам супрацоўнiцтва становiцца кааперацыя. «У сусветнай эканомiцы — турбулентнасць: разбураюцца тэхналагiчныя ланцужкi, кожны iмкнецца стварыць у сябе свае цэнтры кампетэнцый, — удакладнiў ён. — Тое, што ў нас ёсць Саюзная дзяржава, якая можа аб’яднаць тысячы прадпрыемстваў для вырашэння амбiцыйных, маштабных задач, — наша вялiзная канкурэнтная перавага».

Беларуская эканомiка, па словах намеснiка Дзяржсакратара, вельмi адкрытая. «Яна жыве ва ўмовах мiжнароднай канкурэнцыi, дзе лiберальнае атачэнне на Захадзе дэманструе зусiм нелiберальныя сёння тэндэнцыi i памкненнi, — сказаў ён. — Таму нам трэба быць на вышынi, парыраваць гэтыя выклiкi сучаснасцi i абапiрацца на перадавыя тэхналогii, дзе дзяржава павiнна працаваць разам з рынкам. Калi ўсё выбудавана аптымальна, то рынак працуе на павышэнне грамадскага дабрабыту».

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю