Top.Mail.Ru

Прэзідэнт прыняў даверчыя граматы ад кіраўнікоў дыпламатычных місій

«Мы адкрытыя для вашых ініцыятыў па развіцці двухбаковых адносін»

Паслы дзесяці дзяржаў пачынаюць дыпламатычную службу ў Беларусі. Яны прадстаўляюць Японію, Шры-Ланку, Танзанію, Самалі, Палесціну, Карэйскую Народна-Дэмакратычную Рэспубліку, Егіпет, Гану, Бангладэш, Алжыр. Кіраўнік дзяржавы выказаў сваё бачанне развіцця адносін Беларусі з кожнай з краін, якія прадстаўляюць паслы. Да кожнага з дыпламатаў Аляксандр Лукашэнка звярнуўся асабіста, пажадаўшы паспяховай і плённай працы ў Беларусі на карысць дзвюх краін.

«Мы зноў бачым, наколькі крохкі і ўразлівы наш свет»

Віншуючы паслоў з афіцыйным пачаткам дыпламатычнай місіі ў Беларусі, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што наперадзе іх чакае цікавая і патрэбная работа, ад якой у многім будзе залежаць, як складуцца адносіны гэтых краін з Беларуссю. «І няхай нашы дзяржавы падзяляе вялікая адлегласць, я ўпэўнены, гэта не будзе перашкодай», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што Беларусь — краіна з багатай і самабытнай гісторыяй. «Яе лёсавызначальныя павароты былі часта звязаны з ключавым знаходжаннем у самым сэрцы Еўрапейскага кантынента, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — З аднаго боку, гэта бясспрэчная перавага. У той жа час, знаходзячыся ў эпіцэнтры шматвекавога саперніцтва Захаду і Усходу, беларуская зямля не раз станавілася арэнай жорсткіх бітваў. Памяць пра гэта перадаецца ў нас з пакалення ў пакаленне, дапамагае берагчы мір і жыць у згодзе».

Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, чаму ён пра гэта гаворыць. «Сёння мы зноў бачым, наколькі крохкі і ўразлівы наш свет, — канкрэтызаваў ён. — Наколькі „права моцнага“ замяніла міжнароднае права. Наколькі страчаны давер і ўзрос канфліктны патэнцыял».

У гэтай сувязі кіраўнік дзяржавы прывёў канкрэтныя лічбы. «Калі ў Першай сусветнай вайне прымалі ўдзел 38 дзяржаў, то ў Другой сусветнай вайне — каля 60, — канстатаваў ён. — У бягучыя канфлікты ўжо ўцягнута каля 90 краін — без малога палова ўсіх дзяржаў свету, у тым ліку і буйныя ядзерныя дзяржавы».

Адзін з буйных канфліктаў, як звярнуў увагу беларускі лідар, палае каля нашых паўднёвых граніц. Другі канфлікт, па яго словах, сее незлічоныя ахвяры і разбурэнні на Блізкім Усходзе. «Тым самым ствараюць гуманітарныя праблемы, ціск на сусветную эканоміку, пагрозу энергетычнага і воднага крызісаў, перадумовы для новых хваляў бежанцаў, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Што гэта? Трывожны звон набліжэння чарговай глабальнай вайны ці ўжо яе праява? Хочацца верыць, што чалавецтву хопіць мудрасці своечасова спыніцца і накіраваць сілы на стваральныя мэты на зямлі і ў небе».

«Мэтанакіравана нарошчваем інтэнсіўнасць супрацоўніцтва з гэтым кантынентам будучыні»

Прэзідэнт агучыў, як беларускі бок бачыць адносіны з кожнай з дзяржаў, якую прадстаўляюць паслы.

«Не ўтойваю, мы ўдзяляем Афрыцы, як вы ведаеце, асаблівую ўвагу і мэтанакіравана нарошчваем інтэнсіўнасць супрацоўніцтва з гэтым кантынентам будучыні, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Натуральна, у інтарэсах афрыканскіх народаў». 

Гэты кантынент прадстаўляюць кіраўнікі дыпмісій пяці дзяржаў, якія па сумяшчальніцтве будуць працаваць у Расіі і Беларусі. Туфік Джуама — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі. Кома Сцім Джэху-Ап’ях — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Гана. Хамдзі Шаабан Абдэльхалім Махамед — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Арабскай Рэспублікі Егіпет. Махамед Абукар Зубейр — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Самалі. Фрэдрык Ібрагім Кібута — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Аб’яднанай Рэспублікі Танзанія. 

Беларускі лідар нагадаў, што ў снежні мінулага года ён упершыню наведаў Алжыр. «Дамовіліся з Прэзідэнтам Тэбунам вывесці да канца 2027 года двухбаковы тавараабарот на адзнаку ў 500 мільёнаў долараў, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Гэта амбіцыйная, але выканальная задача. Акрамя таго, ідзе работа па стварэнні ў Алжыры сумесных вытворчасцяў беларускай тэхнікі, дзіцячага харчавання, мінеральных угнаенняў і іншага».


У Гане Беларусь бачыць важнага і перспектыўнага партнёра. Прэзідэнта гэтай краіны ў чэрвені чакаюць у Мінску. «Нам ёсць што прапанаваць для супрацоўніцтва, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Гэта не проста запатрабаваная сельгастэхніка, але і комплексныя рашэнні па забеспячэнні харчовай бяспекі, якія адаптуюцца спецыяльна пад патрэбнасці вашай краіны. Настроены на доўгатэрміновую сумесную работу, уключаючы стварэнне сэрвісных цэнтраў і складоў запасных частак, навучанне мясцовых спецыялістаў».

Беларусь і Егіпет, па словах Прэзідэнта, традыцыйна звязваюць дружалюбныя адносіны. «Склаліся даверлівыя кантакты на самым высокім узроўні, — удакладніў ён. — Чакаю ад вас актыўнага садзейнічання ў развіцці дзелавых сувязяў і нарошчванні тавараабароту. Для гэтага ёсць і патэнцыял, інструменты, уключаючы сумесную гандлёвую камісію».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што новы перыяд сваёй гісторыі цяпер перажывае Самалі. «Пасля дзесяцігоддзяў канфліктаў аднаўляецца структура дзяржаўнай улады, прымаюцца меры па павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Гатовы падставіць плячо ў гэтай важнай рабоце. У нас вырабляецца тое, што трэба народу Самалі і можа забяспечыць вашу харчовую бяспеку».

У Танзаніі Беларусь бачыць надзейнага перспектыўнага партнёра ў рэгіёне Усходняй Афрыкі. «Асновай нашага ўзаемадзеяння можа і павінна стаць эканоміка, — перакананы кіраўнік дзяржавы. — Давайце разам нарошчваць гандаль, аб’ёмы якога пакуль зусім невысокія. Гатовы ў найкарацейшыя тэрміны завяршыць работу над стварэннем Сумеснага камітэта па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Чакаем у Беларусі Старшыню Нацыянальнай асамблеі вашай краіны».

«Вы прыехалі да сапраўдных сяброў, якія вас ніколі не падвядуць»

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ўвага ўсяго свету гэтымі днямі прыкавана, натуральна, да Блізкага Усходу, да Персідскага заліва. «Займаючыся пошукам урэгулявання канфлікту вакол Ірана, важна не забываць і палесцінскае пытанне», — лічыць беларускі лідар. 

Гэту краіну ў нас будзе прадстаўляць Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Палесціна ў Рэспубліцы Беларусь Камаль Ал-Шахра.

«На працягу многіх гадоў Беларусь і Палесціна падтрымліваюць дружалюбны дыялог, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Мы з болем у сэрцы назіралі за падзеямі ў сектары Газа, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч палесцінцаў, у тым ліку дзяцей. Неабходна дабіцца поўнага спынення насілля і пашырыць магчымасці для дастаўкі ў рэгіён гуманітарнай дапамогі».

Галоўным лакаматывам сусветнай эканомікі, па словах кіраўніка дзяржавы, сёння з’яўляецца Азія, якая забяспечвае каля 60 % росту глабальнага ВУП.

Звяртаючыся да Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Народнай Рэспублікі Бангладэш у Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтве Махамада Назрул Іслама, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Бангладэш з’яўляецца нашым даўнім партнёрам у гэтым рэгіёне. «Вялікі вопыт двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва павінен стаць зыходным пунктам для новых узаемавыгадных праектаў, — лічыць беларускі лідар. — Гатовы дзяліцца перадавымі тэхналогіямі ў сельскай гаспадарцы, сферах аховы водных рэсурсаў, перапрацоўкі адходаў і па іншых цікавых для вас кірунках».


Дыпламатычную місію ў нашай краіне пачынае Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чы Гён Су. «У ходзе майго нядаўняга візіту ў Пхеньян мы адкрылі прынцыпова новы этап у адносінах з Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Можаце быць упэўнены, што вы прыехалі да сапраўдных сяброў, якія вас ніколі не падвядуць. Мы гатовы развіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва ў інтарэсах нашых народаў і цвёрда маем намер рэалізоўваць дасягнутыя на вышэйшым узроўні дамоўленасці. Прашу, перадайце гэта Старшыні КНДР». 

Звяртаючыся да Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікі Шры-Ланка ў Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтве Шабіні Каушала Гунасекера, Прэзідэнт адзначыў, што адносіны са Шры-Ланкай — прыклад таго, што краінам можа даць супрацоўніцтва з Беларуссю ў адукацыйнай сферы. «Кожны пяты ўрач на Шры-Ланцы скончыў беларускую ВНУ, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — З улікам гэтага паспяховага досведу запрашаем на вучобу да нас не толькі па медыцынскіх, але і па інжынерных, аграрных, гуманітарных і іншых спецыяльнасцях».


Беларусь заўсёды была і застаецца зацікаўленай у развіцці канструктыўных, узаемавыгадных адносін з Японіяй. І ўсё тут, па словах Прэзідэнта, залежыць толькі ад Японіі. Гэту краіну прадстаўляе Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Японіі ў Рэспубліцы Беларусь Кадзухіра Куна. «Росту даверу паміж нашымі краінамі традыцыйна садзейнічала рэалізацыя праектаў у гуманітарнай сферы, — праінфармаваў Аляксандр Лукашэнка. — Пасля аварыі на Фукусіме мы накіроўвалі гуманітарную дапамогу, а вашы дзеці прыязджалі да нас на аздараўленне. Беларусь наведалі больш за 400 японскіх экспертаў, якія вывучылі вопыт пераадолення наступстваў Чарнобыля. Прапаную прадоўжыць узаемавыгаднае супрацоўніцтва, у першую чаргу ў сферы аховы здароўя».

Звяртаючыся да новых кіраўнікоў дыпламатычных місій у нашай краіне, Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь адкрытая для іх ініцыятыў па развіцці двухбаковых адносін. «Няхай гэта будзе гандаль, інвестыцыі, навука, культура, адукацыя, спорт або народная дыпламатыя, — удакладніў ён. — Можаце разлічваць на падтрымку на ўсіх узроўнях. Я запрашаю вас больш шчыльна пазнаёміцца не толькі з нашай культурай, але і з нашымі магчымасцямі. Кожнай з вашых краін у нас ёсць што прапанаваць. Дзверы для вас у Беларусі адкрыты. Жадаю вам паспяховай і плённай працы на вашай адказнай пасадзе ў Беларусі».

Даслоўна

«У нас асаблівыя адносіны з Беларуссю»

У размове з журналістамі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Палесціна ў Рэспубліцы Беларусь Камаль АЛ-ШАХРА выказаў удзячнасць беларускаму народу і яе лідару за тое, што заўсёды падтрымліваюць палесцінскі народ. «Палесціна таксама заўсёды падтрымлівае беларусаў», — удакладніў ён. Па словах пасла, знаходзячыся ў Беларусі, ён адчувае сябе як дома. 

У сваёй дзейнасці дыпламат будзе арыентавацца найперш на вывядзенне адносін з нашай краінай на новы эканамічны ўзровень. Найперш палесцінскі бок цікавіць узаемадзеянне ў сельскай гаспадарцы, а таксама ў сферах аховы здароўя і адукацыі. У бліжэйшы час, па словах пасла, у Беларусь прыбудзе бізнес-місія з Палесціны. У выніку будуць заключаны канкрэтныя кантракты.

«Мы ўзнімаем пытанне і аб тым, што ў Палесціне няма пасольства Рэспублікі Беларусь, — канстатаваў Камаль Ал-Шахра. — Наяўнасць пасольства дазволіла б вырашыць многія праблемы».

У планах пасла — сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх ВНУ. Наша адукацыя бачыцца перспектыўнай для палесцінцаў, таму ёсць планы павялічыць колькасць палесцінскіх студэнтаў, якія будуць атрымліваць адукацыю ў Беларусі. 

Як расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Гана ў Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтве Кома Сцім ДЖЭХУ-АП’ЯХ, у савецкі час ён вучыўся ў Маскве, а тады Расія і Беларусь былі адной краінай. «У нас асаблівыя адносіны з Беларуссю, — падкрэсліў пасол. — У нашай краіне выкарыстоўваюцца вашы машыны».


Па словах пасла, той факт, што на чэрвень запланаваны візіт Прэзідэнта Ганы ў Беларусь, сведчыць аб высокім узроўні адносін дзвюх краін. «Я люблю Мінск, — падзяліўся дыпламат. — Беларусь спакойная, ціхая краіна, тут жывуць гасцінныя і добрыя людзі. Такія ж дружалюбныя адносіны і паміж нашымі краінамі».

Кома Сцім Джэху-Ап’ях указаў на высокую якасць беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі. «У Гане ўжо 3 тысячы машын з Беларусі, — удакладніў ён. — Гэта самая лепшая сельскагаспадарчая тэхніка ў свеце».

Пасол выказаў упэўненасць, што адносіны Беларусі і Ганы стануць яшчэ лепшымі. 

Па словах Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікі Шры-Ланка ў Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтве Шабіні Каушала ГУНАСЕКЕРА, нашу краіну збіраецца наведаць з візітам міністр замежных спраў Шры-Ланкі. «Упэўнена, што гэта стане добрым імпульсам для далейшага развіцця двухбаковых адносін», — лічыць дыпламат. 

Пасол заўважыла, што летась Беларусь і Шры-Ланка адзначылі 25-годдзе з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін. «Адносіны паміж нашымі краінамі вельмі цесныя і цёплыя», — падкрэсліла яна. 

Перспектыўным кірункам супрацоўніцтва Шабіні Каушала Гунасекера лічыць адукацыю. «Многія нашы спецыялісты, асабліва медыкі, атрымалі выдатную адукацыю ў беларускіх універсітэтах», — удакладніла пасол.

Яшчэ адным перспектыўным кірункам узаемадзеяння, па словах кіраўніка дыпламатычнай місіі, бачыцца супрацоўніцтва ў сферы турызму. «Як вы ведаеце, авіякампанія „Белавія“ запусціла сезонныя рэйсы на Шры-Ланку, і для беларусаў гэта даволі папулярны напрамак», — заўважыла пасол.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю