Вынікі праверкі Узброеных Сіл і кадравае пытанне
Адной з тэм размовы Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Хрэніна сталі вынікі маштабнай праверкі Узброеных Сіл, якая ў пачатку года адбылася па даручэнні Галоўнакамандуючага. Прэзідэнт удакладніў, якія недахопы былі выяўлены падчас праверкі і як іх плануецца выпраўляць. Акрамя таго, у кабінеце беларускага лідара абмяркоўвалася кадравае пытанне ва Узброеных Сілах.
Гаворачы аб нядаўняй маштабнай праверцы Узброеных Сіл, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што па выніках гэтай праверкі ў Міністэрстве абароны адбылася сур’ёзная размова.
«Я чакаў, калі вы там самі разберацеся ва ўсім — і добрых рэчах, і недахопах (іх заўсёды хапае), — канстатаваў Прэзідэнт. — Мы асабліва і не хавалі тыя недахопы, якія ў арміі бываюць. Іх усюды хапае. Я вырашыў, што нам хаваць не трэба гэтыя недахопы. Ну і напаказ мы асабліва іх не выстаўлялі, бо не бывае так, што аб Узброеных Сілах дзесьці дрэнна гавораць. Але мы больш адкрыта гэта рабілі, чым іншыя краіны, кіраўніцтва краін. Напэўна, гэта і правільна. Людзі павінны бачыць, што мы нічога хаваць не будзем. Таму, я так разумею, вы там разбіраліся: дзесьці прынцыпова, а дзесьці так...»

Кіраўнік дзяржавы разлічвае, што работа над устараненнем і выпраўленнем выяўленых у ходзе маштабнай праверкі Узброеных Сіл недахопаў будзе весціся пастаянна. Разлічвае Аляксандр Лукашэнка і на тое, што кіраўніцтва арміі, і перш за ўсё міністр абароны, будуць удзяляць самую сур’ёзную ўвагу тым недахопам, якія былі выяўлены пасля гэтай праверкі.
«Далей, як я абяцаў, мы кропкава будзем адмабілізоўваць часці для таго, каб рыхтаваць іх да вайны, — адзначыў Прэзідэнт. — Дай бог, каб яе ўдалося пазбегнуць».
Вельмі важным і асноўным пытаннем, якое абмяркоўвалася падчас размовы, Аляксандр Лукашэнка назваў кадравае. «Калі на канкрэтным участку (мы гэта ведаем з вопыту) нармальны чалавек — значыць, там і сітуацыя будзе нармальная, — патлумачыў беларускі лідар. — Калі не той чалавек — бяда. Мы з вамі дамаўляліся, што вы сур’ёзна падумаеце, з кім вы будзеце далей служыць. Гэта прычына нашай сустрэчы і размовы. А потым падумаем разам, якім чынам я буду размаўляць напрамую з генераламі і афіцэрамі, якія служаць у нашых Узброеных Сілах. І перш за ўсё — у нашай арміі».
Даслоўна
«На нашых плячах — суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльная цэласнасць дзяржавы»
Як паведаміў у размове з журналістамі міністр абароны Віктар ХРЭНІН, у ходзе даклада абмяркоўвалася праверка боегатоўнасці Узброеных Сіл, якая праводзілася па даручэнні Прэзідэнта. Акрамя таго, па яго словах, размова ішла і аб праверцы Узброеных Сіл, якая ажыццяўлялася згодна з планам Міністэрства абароны і Генеральнага штаба.

Кіраўнік абароннага ведамства адзначыў, што па выніках гэтых мерапрыемстваў быў праведзены падрабязны аналіз, зроблены сур’ёзныя высновы. «Мы разумеем, што нам ёсць над чым працаваць, — канстатаваў Віктар Хрэнін. — І самае важнае з гэтай праверкі — можна зрабіць выснову, што нашы людзі гатовы абараняць Радзіму. Гэта мы бачылі вельмі дакладна. Асабліва па тых людзях, якія прызываліся, выходзілі з зоны камфорту, адрываліся ад сем’яў, ад работы — а гэта больш як 6 тысяч чалавек. У той абстаноўцы, у якой мы знаходзімся, на нашых плячах ляжыць вялікая адказнасць. Мы будзем рабіць адпаведныя высновы і рухацца наперад».
Міністр абароны нагадаў, што напярэдадні падчас нарады ў Прэзідэнта разглядаўся праект Дзяржаўнай праграмы ўзбраення на 2026–2030 гады. «На Узброеныя Сілы плануецца выдзяляць сур’ёзныя сродкі, — заўважыў ён. — Мы не павінны проста так быць на шыі ў свайго народа, а павінны забяспечваць ваенную бяспеку. На нашых плячах — суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльная цэласнасць дзяржавы».
Гаворачы аб кадравым пытанні, аб якім таксама ішла размова ў кабінеце беларускага лідара, Віктар Хрэнін паведаміў, што Аляксандр Лукашэнка паставіў перад міністрам задачу — прынцыпова далажыць па ўсіх перспектыўных кадрах у Міністэрстве абароны. «Рашэнні будзе прымаць Прэзідэнт, мы толькі рыхтуем прапановы», — удакладніў кіраўнік абароннага ведамства.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА