Заканатворчая дзейнасць, работа з Саветамі, зваротамі грамадзян і моладдзю
Прэзідэнт пацікавіўся ў Наталлі Качанавай уражаннямі аб рабоце вышэйшага заканадаўчага органа ўлады. «Па законапраектах я азнаёміўся. Вы робіце тое, што і павінен рабіць Савет Рэспублікі. Але мяне больш цікавіць ваша работа з ніжэйстаячымі Саветамі (дэпутатаў. — Заўв. БелТА). Мы пра гэта дамаўляліся, што гэта зона вашай адказнасці. Усё астатняе — потым», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адно пытанне, якое цікавіла кіраўніка дзяржавы, — удасканаленне работы з грамадзянамі. «Заявы, кантроль за выкананнем... Ну і іншыя пытанні, якія вы лічыце патрэбным абмеркаваць», — адзначыў ён.
Наталля Качанава праінфармавала кіраўніка дзяржавы аб заканатворчай дзейнасці, рабоце з мясцовымі Саветамі дэпутатаў, са зваротамі грамадзян, якую вядзе Савет Рэспублікі. Асобна закраналася тэма ўзаемадзення парламентарыяў з моладдзю.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў Наталлі Качанавай уражаннямі аб рабоце вышэйшага заканадаўчага органа ўлады. «Як там сенатары сябе адчуваюць? — удакладніў Прэзідэнт. — Ці апраўдваюць тыя надзеі і чаканні, якія ўскладалі на іх? Што не атрымліваецца? Можа, пэўная патрэбна дапамога і падтрымка?»
Прэзідэнт адзначыў, што ў плане заканатворчай дзейнасці Савет Рэспублікі робіць усё тое, што павінен рабіць. «Але мяне больш цікавіць ваша работа з ніжэйстаячымі саветамі, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы дамаўляліся, што гэта зона вашай адказнасці. Усё астатняе — гэта потым».
Другое пытанне, на якое звярнуў увагу беларускі лідар, звязана з удасканаленнем работы членаў Савета Рэспублікі са зваротамі грамадзян. «Заявы, кантроль за выкананнем і іншыя пытанні, якія вы лічыце патрэбным абмеркаваць», — удакладніў кіраўнік дзяржавы.

Наталля Качанава адзначыла, што Савет Рэспублікі сёння працуе ў адпаведнасці з даручэннямі Прэзідэнта і заканадаўчымі актамі, якія ёсць у краіне. «Гэта Канстытуцыя і Закон „Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь“, — канкрэтызавала спікер. — Усе тыя задачы, якія стаяць перад Саветам Рэспублікі, мы выконваем у поўным аб’ёме».
Перш за ўсё, па словах Старшыні Савета Рэспублікі, гэта заканатворчая дзейнасць. Наталля Качанава адзначыла, што члены Савета Рэспублікі пачынаюць працаваць над законапраектамі з самага пачатку. «Уключаемся разам з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у работу над законапраектамі, — патлумачыла яна. — І таксама разглядаем гэтыя пытанні на экспертным савеце».
Вераніка КАНЮТА
Даслоўна
«Прэзідэнт яшчэ раз акцэнтаваў, што дэпутацкі корпус краіны павінен вельмі актыўна працаваць з людзьмі»
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА ў размове з журналістамі падкрэсліла, што Савет Рэспублікі працуе ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам і тымі даручэннямі, якія дадзены кіраўніком дзяржавы. «Перш за ўсё, законы павінны ісці ад жыцця, — канстатавала спікер. — Для таго, каб гэтыя законы былі актуальныя і сапраўды неабходныя ў дадзены момант развіцця нашай краіны, мы павінны вельмі шчыльна і сур’ёзна працаваць з людзьмі, бачачы, што адбываецца ў нашых рэгіёнах, як рэалізоўваюцца тыя задачы, якія ставяцца кіраўніком дзяржавы».
Усё вышэйпералічанае, па словах Наталлі Качанавай, сур’ёзна ўлічваецца парламентарыямі пры рабоце над планам заканатворчай дзейнасці. «Сёння акурат фарміруем план работы на наступны год і працягваем актыўна працаваць над тымі законапраектамі, якія цяпер у нас у рабоце, — канкрэтызавала спікер. — Прэзідэнт яшчэ раз акцэнтаваў, што дэпутацкі корпус краіны павінен вельмі актыўна працаваць з людзьмі, выяўляць праблемныя пытанні. Гэта ўсё павінна знаходзіць сваё адлюстраванне ў тых нарматыўна-прававых актах, якія дзейнічаюць у нашай краіне. Мы сур’ёзна працуем над гэтымі пытаннямі, разумеючы, што мы ажыццяўляем і каардынуючую ролю ў дзейнасці дэпутацкага корпуса ўсёй краіны».

Спікер таксама адзначыла важнасць работы экспертнага савета пры Савеце Рэспублікі. «Пры разглядзе закона або іншага нарматыўнага прававога акта запрашаем для ўдзелу ў экспертным савеце тых, хто непасрэдна займаецца гэтым пытаннем, — удакладніла Наталля Качанава. — Калі гэта датычыцца адукацыі, значыць, настаўнік, дырэктар школы, выхавальнік — усе тыя, хто сёння непасрэдна працуе і сутыкаецца з гэтымі пытаннямі. Пры разглядзе на экспертным савеце прадстаўленых нам матэрыялаў нарматыўных прававых актаў мы адразу падтрымалі толькі 16 %. Усе астатнія ідуць на дапрацоўку. Альбо мы лічым, што гэта немэтазгодна, бо ўжо ўрэгулявана ў дзеючым заканадаўстве».
Гаворачы аб планах на будучыню, Старшыня Савета Рэспублікі анансавала работу над законапраектамі, якія будуць датычыцца бюджэту, а таксама змяненняў у Закон «Аб Усебеларускім народным сходзе», магчымых змяненняў і дапаўненняў у Крымінальны кодэкс, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Закранаючы тэму работы са зваротамі грамадзян, спікер Савета Рэспублікі адзначыла, што многія заяўнікі сёння звяртаюцца з прапановамі, якія трэба ўрэгуляваць на заканадаўчым узроўні. «І мы бачым, калі прымаюцца рашэнні на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, яны абсалютна апраўданыя, бо пра гэта гаварылі людзі», — удакладніла яна. У якасці прыкладу Наталля Качанава прывяла падпісаны Прэзідэнтам 23 сакавіка Указ № 100 «Аб правядзенні экстракарпаральнага апладнення», які прадастаўляе другую бясплатную спробу ЭКА. На гэту тэму, па словах Наталлі Качанавай, раней было шмат зваротаў і прапаноў.
«Акрамя таго, працуючы з людзьмі, мы трымаем на кантролі тыя пытанні і тыя прапановы, якія паступілі ад нашых грамадзян падчас выбарчай кампаніі. На сёння ў нас засталося толькі 5 % з тых пытанняў, якія паступілі. Яны знаходзяцца ў стадыі вырашэння. Увогуле гэта работа досыць эфектыўна праводзіцца, і мы вельмі сур’ёзна ставімся да тых дадзеных абяцанняў, якія былі агучаны нашым людзям падчас электаральнай кампаніі», — рэзюмавала Наталля Качанава.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ