Top.Mail.Ru

Прэзідэнт заслухаў даклад аб сітуацыі ў сельскай гаспадарцы

«Гасподзь нас сур’ёзна праверыў»

Звяртаючыся да міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што з кіраўніком ведамства яны сустракаюцца і размаўляюць часта. Асабліва гэта датычыцца сёлетняй зімы.

«Як бачыш, недарэмна напружваў я і вобласці, і краіну, і вас, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Асабліва з зімоўкай жывёлы. І Гасподзь нас сур’ёзна праверыў. Таму першае пытанне — якая сітуацыя цяпер у сельскай гаспадарцы? Асабліва з захаванасцю жывёлы. Што насцярожвае? Гэта самае важнае пытанне. Якія рэгіёны ў нас наперадзе, а якія адстаюць? І самае галоўнае — прычына таго, што мы дзесьці не спрацоўваем?» 

Акрамя таго, беларускі лідар удакладніў, як вырашаюцца задачы, пастаўленыя ім па аднаўленні райаграсэрвісаў, сельгасхімій, будаўнічых арганізацый у кожным раёне. 

«Каб у старшыні райвыканкама (ты працаваў старшынёй райвыканкама, ведаеш, што гэта такое) у руках быў пэўны інструмент для таго, каб не проста сядзець у кабінеце і «рукамі вадзіць» — кіраваць кімсьці, — патлумачыў важнасць гэтага пытання Прэзідэнт. — А каб у яго быў інструмент, каб на нешта ўплываць і аказваць дапамогу, падтрымку».

Па словах кіраўніка дзяржавы, шэраг раёнаў гэтыя задачы вырашылі. «І па вясне, вядома, мы паедзем туды і запросім адпаведных службовых асоб, каб яны разумелі, як трэба зрабіць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Краіну, дзе патрэбна, трэба аднавіць. Гэта датычыцца прадпрыемстваў. А дзе трэба — наноў стварыць. Якая абстаноўка ў гэтым плане?» 

Даслоўна

«Захаваць жывёлу мы абавязаны»

У размове з журналістамі міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый ГОРЛАЎ звярнуў увагу на тое, што такая зіма, як сёлета, павінна быць у Беларусі кожны год. Па яго словах, марознае снежнае надвор’е вельмі пазітыўна ўплывае на захаванасць пасеваў. 

«Вядома, мы павінны быць гатовы ў любы час і да захаванасці жывёлы, — дадаў кіраўнік ведамства. — Па выніках 2025 года мы знізілі падзеж буйной рагатай жывёлы. Няхай нязначна, але ідзе тэндэнцыя да зніжэння. Бягучыя замаразкі ўнеслі невялікую карэктыву, але мы зрабілі высновы з першых моцных маразоў. Цяпер зноў чакаецца паніжэнне тэмпературы. Ва ўсіх рэгіёнах, ва ўсіх абласцях краіны мы правялі работу над памылкамі».

Па словах міністра, адносна да ўзроўню мінулага года адзначаецца павелічэнне падзяжу жывёлы ў Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцях, у іншых абласцях таксама гэта праблема існуе. «Упэўнены, што на працягу года мы дадзеную сітуацыю выправім, — падкрэсліў Юрый Горлаў. — Але на гэта патрэбен час. Патрэбен час, каб уся краіна перайшла на новы метад утрымання цялят».

Новы метад, па словах кіраўніка Мінсельгасхарча, заключаецца ў стварэнні камфортных умоў знаходжання для маладняку. «Калі восенню 70 тысяч цялят знаходзіліся ў індывідуальных хатках па метадзе халоднага вырошчвання, то цяпер амаль уся жывёла пераведзена ў будынкі, як таго патрабаваў кіраўнік дзяржавы, — канкрэтызаваў ён. —Засталася невялікая частка маладняку, якую немагчыма было перавесці ў памяшканні. Мы ўцяплілі гэтыя домікі, стварылі камфортныя ўмовы». 

Адпаведныя ўмовы, па яго словах, былі створаны і для працы людзей. «Мы бачым, што ў гэты перыяд нагрузка на аднаго аператара па абслугоўванні цялят высокая, — канстатаваў Юрый Горлаў. — Таму мы дадаткова прыцягваем работнікаў менавіта на паенне цялят, каб у такіх суровых зімовых умовах мінімізаваць усялякія негатыўныя наступствы. Кожны чалавек разумее, якую адказнасць ён нясе і якога выніку неабходна дасягнуць. Няхай мы, магчыма, менш атрымаем сярэднясутачнай прывагі, але захаваць жывёлу мы абавязаны».

Пры гэтым, як заўважыў міністр, ёсць і пэўныя парушэнні. «Але на тое ёсць спецыялісты, і Мінсельгасхарча ў тым ліку, — удакладніў ён. — Мы кожны тыдзень маніторым гэтыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і аператыўна ўносім тыя ці іншыя змяненні».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю