Top.Mail.Ru

Мінск-Харарэ: стратэгія развіцця. Новы імпульс узаемаедзення Беларусі і Зімбабвэ надалі перагаворы двух лідараў

Новыя вектары супрацоўніцтва і магчымасці ў супрацоўніцтве Беларусі і Зімбабвэ адкрыліся пасля перагавораў лідараў краін. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва правялі перагаворы ў Палацы Незалежнасці. Лідар Зімбабвэ прыбыў ў Беларусь 11 мая. Ён наведаў мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», азнаёміўся з тэхналогіямі перапрацоўкі малака на прадпрыемстве «Савушкін прадукт». Члены дэлегацыі правялі шэраг двухбаковых мерапрыемстваў на ведамасным узроўні, па лініі арганізацый і прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый, дзелавых колаў. Кульмінацыяй візіту сталі перагаворы Прэзідэнтаў у Палацы Незалежнасці. 


Што звязвае Беларусь і Зімбабвэ

Адносіны краін развіваюцца дынамічна, з павагай адно да аднаго і з супадзеннем пазіцый па шэрагу пытанняў. Прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва наведваў Беларусь у ліпені 2015 года ў якасці віцэ-прэзідэнта і ў студзені 2019 года ўжо як кіраўнік дзяржавы. Візіт беларускага лідара ў афрыканскую краіну ў пачатку 2023 года надаў супрацоўніцтву Беларусі і Зімбабвэ новы імпульс. Па выніках таго візіту быў падпісаны пакет дакументаў, якія рэгулююць супрацоўніцтва ў розных сферах. Дасягнутыя дамоўленасці не засталіся на паперы, а хутка атрымалі практычнае ўвасабленне. Пацверджанне таму — праграма механізацыі сельскай гаспадаркі Зімбабвэ, у рамках якой беларускі бок паставіў афрыканскай краіне сваю якасную сельскагаспадарчую тэхніку. 

Бакі актыўна абменьваюцца візітамі на розных узроўнях. Некалькі разоў Беларусь наведвала першая ледзі Зімбабвэ Аксілія Мнангагва — на яе сустрэчах з беларускім лідарам абмяркоўвалася супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. Аксілія Мнангагва шчыра дзякавала беларускім партнёрам за перадачу пераноснага медыцынскага комплексу з рэнтген-апаратам. Яна адзначала, што гэтая мабільная клініка станоўча паўплывала на здароўе насельніцтва, асабліва жанчын. 

Наладжана супрацоўніцтва і паміж дзелавымі коламі Зімбабвэ і Беларусі. У красавіку гэтага года Зімбабвэ наведала беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам прэм’ер-міністра Віктарам Каранкевічам. Бакі абмеркавалі далейшае супрацоўніцтва, уключаючы рэалізацыю трэцяй фазы праграмы механізацыі сельскай гаспадаркі Зімбабвэ з выкарыстаннем беларускай тэхнікі. Па выніках візіту беларускай дэлегацыі таксама паведамлялася аб планах краін распрацаваць новую ўсеабдымную дарожную карту супрацоўніцтва на 2026-2030 гады. 

Што зроблена для ўмацавання двухбаковых адносін

У Палацы Незалежнасці Прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Эмерсан Мнангагва акрэслілі новыя гарызонты супрацоўніцтва, якія Беларусь і Зімбабвэ адкрыюць разам. «Мы высока цэнім сяброўства з вашай краінай, з вашым народам. Нас аб’ядноўвае агульнасць падыходаў да фарміравання справядлівага светапарадку, заснаванага на суверэннай роўнасці ўсіх дзяржаў, шматбаковасці, павазе Статута ААН і міжнароднага права. — прывітаў гасцей Аляксандр Лукашэнка. — Наша двухбаковае супрацоўніцтва гэта новы стандарт у працы з краінамі Афрыкі». Прэзідэнт падкрэсліў, што ўлічваючы такую высокую планку, беларускі бок пастараўся забяспечыць членам дэлегацыі насычаную праграму. «Я абсалютна ўпэўнены, што вынікі візіту нададуць магутны імпульс адносінам братэрства і партнёрства паміж народамі Беларусі і Зімбабвэ», — канстатаваў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што за апошнія гады нашы краіны вывелі на новы ўзровень палітычныя адносіны, значна пашырылі гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне, сфарміравалі трывалую дагаворна-прававую базу супрацоўніцтва. З моманту гістарычных перагавораў прэзідэнтаў у Харарэ ў 2023 годзе зроблена многае. Створана сумесная камісія, наладжаны прамы дыялог паміж профільнымі міністэрствамі і кампаніямі, пашыраюцца гуманітарныя і культурныя кантакты паміж Беларуссю і Зімбабвэ. «Разам нашы краіны дасягаюць адчувальных практычных вынікаў. Сумесная праграма механізацыі сельскай гаспадаркі Зімбабвэ стала сапраўдным узорам сумленнага, адкрытага і прадуктыўнага ўзаемадзеяння», — адзначыў беларускі лідар. Дзякуючы гэтай праграме збор пшаніцы ў Зімбабвэ ўжо вырас больш чым у тры разы. З 2022 года Зімбабвэ цалкам забяспечвае ўнутраныя патрэбы ў пшаніцы, пачаты экспарт лішкаў у суседнія краіны, у тым ліку — Мазамбік, Батсвану і іншыя. «Мы працягваем працаваць з фокусам, каб захаваць такія ўраджаі і дадаткова ўмацаваць харчовую бяспеку Зімбабвэ і поўдня Афрыкі ў цэлым. Гэта вельмі важны напрамак — праца з вашай тэрыторыі Зімбабвэ на іншыя краіны», — падкрэсліў Прэзідэнт. 

«На гэтым прыкладзе нашай сумеснай працы іншыя краіны Афрыканскага кантынента бачаць, што эксплуатацыі і дыктату Захаду і транснацыянальных карпарацый ёсць рэальная альтэрнатыва», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

Сёння больш за 60 студэнтаў з Зімбабвэ ўжо навучаюцца ў беларускіх ВНУ па розных спецыяльнасцях аграрнага, медыцынскага і тэхнічнага профіляў. «Гатовыя павялічваць іх колькасць пры неабходнасці», — запэўніў беларускі лідар.

Актывізавана прамысловая кааперацыя. «Упэўнены, падпісаныя ў красавіку гэтага года пагадненні аб стварэнні ў Зімбабвэ зборачнай вытворчасці аўтобусаў будуць увасоблены ў жыццё», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Працягваецца рэалізацыя дамоўленасцяў аб узаемных пастаўках прадуктаў харчавання (сухое малако, сокі, садавіна), супрацоўніцтва ў галінах аховы здароўя і паставак лекавых сродкаў, навукі і тэхналогій. «Мы гатовыя маштабаваць назапашаны вопыт. Беларусь можа стаць надзейным партнёрам Зімбабвэ ва ўкараненні сучасных тэхналогій перапрацоўкі адходаў, лічбавізацыі, мірным выкарыстанні атамнай энергіі, узаемадзеянні ў засваенні космасу», — запэўніў Прэзідэнт. Разам з тым, заўважыў ён, ёсць пытанні, якія перашкаджаюць рухацца наперад тымі тэмпамі, якімі б хацелася, і выйсці да 2030 года на ўстойлівы ўзаемны тавараабарот які набліжаецца да 100 мільёнаў долараў. «Трэба знайсці развязкі па гэтых пытаннях. Яны ёсць гэтыя развязкі. Таму мы з вамі і вядзем гэтыя перагаворы», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік беларускай дзяржавы прапанаваў свайму калезе абмеркаваць актуальныя тэмы ўзаемнага супрацоўніцтва. «Яшчэ раз хачу падкрэсліць, мне вас няма неабходнасці пераконваць у тым, што мы людзі адказныя і гатовыя падпісаныя дамоўленасці, пагадненні выконваць дакладна і ў тэрмін. Я хачу вас запэўніць, мы заўсёды будзем верныя гэтаму прынцыпу. У гэтым вы можаце не сумнявацца. Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што вы для нас у Беларусі заўсёды жаданы госць», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка. 

Ад чаго выйграюць і Зімбабвэ, і Беларусь

Эмерсан Мнангагва падзякаваў за запрашэнне наведаць Беларусь. «Гасціннасць, якая была аказана мне, пераўзыходзіць усе чаканні. І мы ўдзячныя за такі прыём. Гэта сапраўды дом далёка ад дома», — прызнаўся ён. 

Прэзідэнт Зімбабвэ павіншаваў Прэзідэнта Беларусі і народ з 80-й гадавінай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Ён распавёў, што наведванне Брэсцкай крэпасці было асаблівым. «Яно нагадала нам аб тым вялікім подзвігу і ахвярах, які ваш народ прынёс падчас вайны дзеля міру ва ўсім свеце. Мы аддаём даніну павагі воінам Беларусі, якія пакінулі свой след у гісторыі і ўнеслі вялікі ўклад у мірнае існаванне», — сказаў Эмерсан Мнангагва. 

Прэзідэнт Зімбабвэ адзначыў, што прагрэс і рост у адносінах паміж нашымі краінамі прыносіць толькі задавальненне. «Мы сапраўды дасягнулі поспехаў. Аднак ёсць неабходнасць выкарыстоўваць гэтыя поспехі далей. І нацэліцца на ажыццяўленне падпісаных раней мемарандумаў аб узаемаразуменні», — заявіў ён. Эмерсан Мнангагва падкрэсліў, што беларускі бок аказаў вялікі ўплыў на механізаванне сельскай гаспадаркі і ўмацаванне харчовай бяспекі Зімбабвэ. «Гэта сапраўды велізарны крок наперад. І мы дзякуем вам за гэта і ваш урад. Мы ўдзячныя за адабрэнне трэцяй фазы гэтага праекта. Трансфармацыя нашай сельскай гаспадаркі і стратэгія, якую мы ўжываем у гэтай галіне з’яўляецца для нас прыярытэтным», — падкрэсліў прэзідэнт. 

255594-04.jpg

Дэлегацыя з Зімбабвэ падчас свайго візіту наведала прадпрыемства «Савушкін прадукт». Эмерсан Мнангагва падзяліўся, што ў яго засталіся самыя станоўчыя ўражанні і прызнаўся, што гэта візіт прымусіў шмат пра што задумацца. 

«Мы гатовыя і далей разглядаць механізацыю і мадэрнізацыю нашай малочнай прамысловасці з падтрымкай нашых беларускіх партнёраў», — падкрэсліў прэзідэнт. Эмерсан Мнангагва распавёў, што Зімбабвэ імкнецца дасягнуць прагрэсу ў супрацоўніцтве ў вытворчасці тэхнікі разам з Беларуссю, бо Зімбабвэ атрымае ад гэтага велізарную карысць. І паводле яго слоў, ад гэтага можа выйграць і беларуская эканоміка, паколькі яна будзе прысутнічаць у афрыканскім рэгіёне. «Я ўпэўнены, што гэты візіт адкрые для нас новыя дарогі і новыя магчымасці для супрацоўніцтва. Не толькі ў сельскай гаспадарцы, але і гэтак жа ў прамысловасці, адукацыі, сферы тэхналогій і многіх іншых галінах», — рэзюмаваў Эмерсан Мнангагва.

Што яшчэ трэба зрабіць для ўмацвання двухбаковых адносін

У заяве для СМІ Аляксандр Лукашэнка назваў перагаворы з Эмерсанам Мнангагвай насычанымі і выніковымі. У Палацы Незалежнасці лідары абмеркавалі шырокае кола пытанняў, разгледзелі, як выконваюцца ўжо дасягнутыя дамоўленасці, у тым ліку падчас беларускага візіту ў Зімбабвэ два гады таму. «Вызначылі новыя сумесныя праекты. Пры гэтым асаблівую ўвагу надалі развіццю перспектыўных напрамкаў, уключаючы міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне і прамысловую кааперацыю, — распавёў беларускі лідар. — Мы гатовыя аказаць садзейнічанне Зімбабвэ ў стварэнні комплекснай сістэмы аховы здароўя, пастаўляць з Беларусі медыцынскія прэпараты і спецыяльнае абсталяванне, каб вырашыць праблему аказання медыцынскай дапамогі дзецям, жанчынам і ўсяму насельніцтву Зімбабвэ. Вы вывучылі нашу сістэму аховы здароўя, яна вам спадабалася. І вы гатовыя яе выбудаваць у Зімбабвэ з нашай дапамогай. Мы гатовыя вам у гэтым садзейнічаць». 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў аснове падпісанага па выніках перагавораў пакета двухбаковых дакументаў — Дарожная карта на 2026-2030 гады, у якой улічаны ўсе ключавыя сумесныя праекты ў розных сферах. «Мы дамовіліся стварыць камісію на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Яна стане стратэгічным механізмам высокага ўзроўню, якія дазваляюць каардынаваць працу ўжо дзеючых сумесных камісій і камітэтаў. Адпаведны праект Пагаднення будзе падрыхтаваны да майго візіту ў адказ у гэтую цудоўную краіну Зімбабвэ», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Сёлета Беларусь старшынствуе ў Еўразійскім эканамічным саюзе, Зімбабвэ — у Супольнасці развіцця поўдня Афрыкі. «Мы гатовыя выкарыстоўваць сваё асаблівае становішча для актывізацыі супрацоўніцтва паміж гэтымі інтэграцыйнымі блокамі і спрашчэння ўмоў узаемнага гандлю. Вядома, у адпаведнасці з дзеючымі прававымі працэдурамі». — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што падчас візіту Эмерсана Мнангагвы дасягнуты значныя вынікі. І заўважыў, што гэтаму папярэднічала вялікая праца ўрадаў, профільных міністэрстваў, рэгіянальных уладаў і кампаній. «Але я хачу выказаць шчырую ўдзячнасць менавіта вам за вялікі асабісты ўклад у развіццё стратэгічных адносін дружбы і братэрства паміж народамі Беларусі і Зімбабвэ. Перакананы, з такой падтрымкай мы яшчэ больш актыўна будзем нарошчваць тавараабарот, ствараць сумесныя перспектыўныя вытворчасці, адкрываць новыя рынкі як у Афрыцы, так і Еўразіі», — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да свайго калегі. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што ў Беларусі заўсёды рады вітаць Эмерсана Мнангагву і яго жонку Аксілію Мнангагву, і яны будуць тут дома. «Я вельмі ўдзячны вам за ўсё, што вы зрабілі. Аддаю належнае — не было б такога ўзроўню разумення і адносін паміж Зімбабвэ і Беларуссю, калі б не вы. Гэта Вы першы раз прыехалі, будучы віцэ-прэзідэнтам, у нашу краіну і прапанавалі выбудоўваць нашы адносіны. З таго ўсё і пачалося», — нагадаў кіраўнік дзяржавы.

Эммерсан Мнангагва адзначыў, што вельмі задаволены перагаворамі з беларускім калегам. Па яго словах, зімбабвійскі бок з нецярпеннем чакае працягу супрацоўніцтва з беларускімі калегамі. І акрэсліў напрамкі, у якіх яно можа развівацца. «У Зімбабвэ ўнікальная пазіцыя, якая дазваляе краіне стаць своеасаблівым хабам, з дапамогай якога беларускія прадукты могуць быць рэалізаваны ў больш шырокім рэгіёне. Гэта паспрыяе пашырэнню эканамічнага супрацоўніцтва з многімі краінамі Афрыкі», — адзначыў Эмерсан Мнангагва. Па яго словах, супрацоўніцтва з Беларуссю ўнясе вялікі ўклад у развіццё прамысловасці і эканомікі Зімбабвэ ў цэлым. 

255594-06.jpg

Зімбабвійскі бок адкрыты і да супрацоўніцтва ў іншых галінах. Сярод іх Эммерсан Мнангагва назваў перапрацоўку і абыходжанне з адыходамі, ачыстку вады, здабычу мінеральных рэсурсаў. Па яго словах, Беларусь і Зімбабвэ разам могуць распрацаваць сур’ёзную аснову для інвестыцый, якая забяспечыць рост прадукцыйнасці і дазволіць дзвюм эканомікам квітнець.

«Мы будзем факусавацца на дасягненні ўзаемнага разумення па розных міжнародных пытаннях. І мы працягнем асуджаць абмежавальныя меры, санкцыі, якія прыносяць толькі шкоду і перашкаджаюць рэалізацыі мэтаў устойлівага развіцця. Таму мы яшчэ раз пацвярджаем нашы абавязацельствы падтрымліваць адмену санкцый, якія былі ўведзеныя супраць нашых дзяржаў», — заявіў Прэзідэнт Зімбабвэ.

Якія дакументы будуць рэгуляваць двухбаковае супрацоўніцтва

Для ўмацавання адносін Беларусі і Зімбабвэ і дасягнення больш высокіх вынікаў быў падпісаны пакет дакументаў. Урачыстая цырымонія абмену тэкстамі міжнародных дакументаў прайшла пасля перагавораў на вышэйшым узроўні. Ключавы дакумент — Дарожная карта стратэгічнага супрацоўніцтва і партнёрства на 2026-2030 гады. Урады дзвюх краін падпісалі Пагадненне аб адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў. Пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне папярэджання і ліквідацыі стыхійных бедстваў і тэхнагенных аварый падпісалі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі і Міністэрства мясцовага самакіравання і грамадскіх работ Зімбабвэ. Таксама падпісаны мемарандумы аб узаемаедзенні ў сферах турызму, развіцці малых і сярэдніх прадпрыемстваў, сродках масавай інфармацыі. Бакі падпісалі Мемарандум аб узаемаразуменні аб умацаванні партнёрства у галіне кіравання адходамі і ачысткі вады. У пакеце падпісаных дакументаў таксама — Мемарандум аб намерах адносна рэканструкцыі бальніцы ў горадзе Харарэ і Мемарандум аб намерах адносна ўзмацнення партнёрства ў ахове здароўя. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

У тэму

Інвестыцыі, сельская гаспадарка, прамысловасць — чым будзе насычана супрацоўніцтва Беларусі і Зімбабвэ

Мэты Беларусі і Зімбабвэ абсалютна канкрэтныя і цалкам дасягальныя. Тым больш што для іх дасягнення ўсё ёсць: агульныя пазіцыі краін па шэрагу пытанняў, узаемаразуменне паміж кіраўніцтвам і дакладнае разуменне, што трэба рабіць. Гэта даказалі і перагаворы прэзідэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Эмерсана Мнангагвы ў Палацы Незалежнасці. Даведаліся ў профільных міністраў, як будуць развівацца двухбаковыя адносіны Беларусі і Зімбабвэ.

Міністр эканомікі Юрый Чабатар расказаў, што беларускі бок па лініі Міністэрства эканомікі праводзіць мэтанакіраваную палітыку па пытаннях прыцягнення інвестыцый і прадпрымальніцтва. Беларускі бок падзяліўся з калегамі сваім досведам падтрымкі прадпрымальніцтва, падтрымкі экспарту. Юрый Чабатар расказаў, што зімбабвійскіх калег асабліва зацікавілі пытанні ўнутранай кааперацыі паміж малымі і вялікімі прадпрыемствамі. «У 2023 годзе мы падпісалі Пагадненне аб абароне інвестыцый. З нашага боку гэта пагадненне ратыфікавана. Чакаем ратыфікацыі ад нашых калег. І гэта добрая кропка ўваходу ў пытанні абароны інвестыцый, стварэнні сумесных прадпрыемстваў як у Зімбабвэ, так і ў нас у Беларусі», — расказаў міністр.

Чеботарь.jpg

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў падкрэсліў, што Беларусь працягвае пастаўляць у Зімбабвэ сухое абястлушчанае малако, таксама ў іх ёсць цікавасць да паставак з нашай краіны сухога дзіцячага харчавання. Гэта ўжо традыцыйныя кірункі, беларускі бок адкрыты і да новых праектаў. «Мы прапанавалі партнёрам шэраг праектаў у жывёлагадоўчай галіне і птушкагадоўлі, па будаўніцтве зернесушыльных комплексаў. Зімбабвійскі бок зацікаўлены ў тым, каб пабудаваць збожжасховішчы, таму мы ў гэтым кірунку таксама з імі супрацоўнічаем. Пастараемся прыйсці да нейкага кансэнсусу. У нас ёсць кампаніі, якія гатовыя выехаць туды, спраектаваць і пабудаваць цалкам пад ключ гэтыя аб’екты», — распавёў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання.

Горлов.jpg

Міністр прамысловасці Аляксандр Яфімаў праінфармаваў аб планах да 2027 года арганізаваць вытворчасць трактарнай тэхнікі на тэрыторыі Зімбабвэ. Цяпер гэтыя праекты знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі. Таксама ў планах — арганізаваць сумесную вытворчасць пасажырскай і грузавой тэхнікі. Міністр падкрэсліў, што гэтая прадукцыя ў перспектыве можа пастаўляцца і на рынкі суседніх з Зімбабвэ краін. «Перавага супрацоўніцтва, якое мы прапануем нашым партнёрам, заключаецца ў тым, што мы навучаем спецыялістаў і абслугоўванню тэхнікі, калі гэта продаж гатовых вырабаў, і зборачным аперацыям, іншым тэхналагічным працэсам. Нашы спецыялісты гатовыя да доўгіх выездаў для якаснай перадачы кампетэнцый нашым партнёрам», — адзначыў ён. Супрацоўніцтва з Зімбабвэ па лініі прамысловасці Аляксандр Яфімаў назваў стратэгічным: «Зімбабвэ па дыверсіфікацыі экспарту і развіцці экспартных паставак вызначана як адна з ключавых краін на афрыканскім кантыненце. У нас там даволі шмат планаў, і мы іх рэалізоўваем досыць паспяхова».

Ефімов.jpg

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю