Top.Mail.Ru
185

Прэзідэнтам Беларусі памілаваны і вызвалены два каталіцкія святары

На падставе памілавання Прэзідэнта Беларусі вызвалены два каталіцкія святары, якія ўчынілі цяжкія злачынствы супраць дзяржавы, паведаміла БелТА.


Такое рашэнне прынята з улікам інтэнсіфікацыі кантактаў з Ватыканам, а таксама прынцыпаў добрай волі, міласэрнасці і аб'яўленага ў Рымска-каталіцкай царкве Юбілейнага года. 

Прэс-служба Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў Беларусі ў сваім паведамленні, размешчаным на афіцыйным партале Рымска-каталіцкай царквы, выказвае падзяку ўсім, хто спрыяў вызваленню з калоніі зняволеных святароў: айца Генрыха Акалатовіча і айца Анджэя Юхневіча.
У паведамленні адзначаецца, што дзякуючы кіраўніку дзяржавы і прадстаўнікам Апостальскага прастола захоўваецца пазітыўная дынаміка двухбаковых адносін, заснаваных на традыцыйных каштоўнасцях, братэрстве, рэлігійнай талерантнасці і павазе да вернікаў.

Рымска-каталіцкая царква ў Беларусі вітае пазітыўныя тэндэнцыі дзяржавы ў міжнародных адносінах, а таксама ўмацаванне кантактаў з Ватыканам. 

«Мы рады візіту ў Беларусь у кастрычніку 2025 года Высокага прадстаўніка Папы Рымскага Льва XIV кардынала Клаўдыя Гуджэроці і дасягнутым дамоўленасцям. Ён з’яўляецца даўнім сябрам Рэспублікі Беларусь, які шмат зрабіў для каталіцкай царквы ў нашай краіне, а таксама для развіцця дзяржаўна-царкоўнага і міжканфесійнага дыялогу. Яго візіт надаў пазітыўны імпульс далейшым кантактам, важным вынікам якіх стала рашэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у знак міласэрнасці і павагі да Папы, аб памілаванні і вызваленні каталіцкіх святароў, якія адбывалі пакаранне ў месцах пазбаўлення волі», — гаворыцца ў паведамленні.


Непасрэдны і значны ўдзел у гэтым працэсе прынялі прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх цэркваў кардынал Клаўдыя Гуджэроці, Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь Іньяцыа Чэфаліа і старшыня Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў Беларусі архіепіскап Іосіф Станеўскі. 

У паведамленні таксама адзначаецца, што заклікаючы перажыць Юбілейны год хрысціянства — 2025, Папа Францыск у сваёй буле Spes non confundit («Надзея не расчаруе») заклікаў зрабіць Святы 2025 год часам даравання памылак у адпаведнасці з гістарычным звычаем царквы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю