Top.Mail.Ru

Прэзідэнту прадставілі прапанову стварыць адзінае Нацыянальнае агенцтва па турызме

У панядзелак Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў па двух пытаннях. Адно з іх — рэфармаванне сферы турызму. 



Саветам Міністраў падрыхтаваны праект указа, які прадугледжвае перадачу функцый рэгулятара ў турыстычнай сферы ад Міністэрства спорту Нацыянальнаму агенцтву па турызме, якое прапануецца перападпарадкаваць непасрэдна ўраду. «Калі так папросту кажучы, стварыць новае падабенства Міністэрства пры Урадзе», — удакладніў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўказ яшчэ не падпісаны, таму ён запрасіў кіраўніцтва Савета Міністраў, каб атрымаць канкрэтныя адказы на шэраг пытанняў. "Першае пытанне — што цяпер перашкаджае дзейнаму рэгулятару эфектыўна кіраваць галіной і што зменіцца з прыняццем указа? Наогул, адкуль усё гэта пайшло і навошта ўсё гэта трэба? Які будзе вынік?" - пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. Ён таксама спытаў, які практычны механізм рэалізацыі заяўленых мэт: як і за кошт чаго айчынны турызм атрымае новы імпульс для развіцця? 

«Нагадаю, на наступную пяцігодку ўраду пастаўлена задача зрабіць турызм нацыянальным праектам, рэалізаваць яго эканамічны патэнцыял па максімуме. Беларусь, мы гэта ведаем, вельмі цікавая краіна для турыстаў», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу на тое, што сёння назіраецца вялікая цікавасць да турыстычнага патэнцыялу нашай краіны. У гасцініцах няма свабодных месцаў, усё загружана. «Для таго каб пашыраць турыстычныя паслугі, прыток турыстаў, нам спатрэбіцца павышэнне якасці паслуг і дадатковае развіццё інфраструктуры індустрыі гасціннасці. Груба скажу: калі ў гасцініцах па сценках і пад ложкамі будуць поўзаць прусакі, то ніякія турысты сюды не паедуць. Узровень патрэбны такі, каб і беларусы часцей выбіралі адпачынак на роднай зямлі. Я думаю, яны і выбіраюць», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт пацікавіўся, якіх канкрэтных эканамічных паказчыкаў урад плануе дасягнуць у галіне да канца пяцігодкі і на сярэднетэрміновую перспектыву. «Нельга забываць пра найважнейшы складнік — кадравае пытанне. Хто будзе рэалізоўваць вашы планы і праграмы? Як будзе наладжана ўзаемадзеянне з рэгіёнамі? Якая пазіцыя губернатараў па пытанні гэтай рэарганізацыі? — пазначыў яшчэ шэраг пытанняў беларускі лідар. — Паўтараю, нам не патрэбная рэформа дзеля рэформы. Стварэнне новай кіраўніцкай структуры ў сферы турызму не можа абмежавацца перайменаваннем і перападпарадкаваннем». 

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў: наспела неабходнасць кардынальных змяненняў форм і метадаў работы па развіцці турызму як унутры краіны, так і на знешніх рынках. 

Неабходна павысіць даходнасць турыстычнай сферы

Аб усіх пытаннях далажыў першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў. У сваім дакладзе ён адзначыў, што турызм — гэта эканоміка. Ён, як лакаматыў, цягне за сабой развіццё іншых сфер. "Турыстычнае спажыванне, як ніякая іншая галіна эканомікі, уключае ў сябе 55 відаў эканамічнай дзейнасці", - падкрэсліў першы віцэ-прэм’ер. Прэзідэнт з гэтым тэзісам пагадзіўся і прывёў паказальны прыклад: у эканоміцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў першае месца займае турызм. 

Мікалай Снапкоў адзначыў, што ў Беларусі ў турызме занята 230 тысяч чалавек, гэта 5,5 % занятых ва ўсёй эканоміцы нашай краіны. «Турызм забяспечвае каля 2 % ВУП, што не адпавядае яго патэнцыяльнаму ўзроўню і магчымасцямі. Якасная структура турыстычнага патоку неспрыяльная. Па-першае, колькасць выязных тураў амаль у два разы перавышае колькасць уязных тураў у Беларусь. Аб’ём вывезеных беларускімі турыстамі сродкаў, у 12 разоў больш, чым аб’ём увезеных сюды замежнымі турыстамі. Наша задача — змяніць баланс, які склаўся, пакінуць больш валюты ў краіне», — далажыў першы віцэ-прэм’ер. 

Для гэтага, па яго словах, трэба вырашыць дзве задачы. Першая — павялічыць працягласць знаходжання турыстаў. Другая — павялічыць сярэдні чэк, гэта значыць суму, якую пакідае турыст за час свайго падарожжа. У Беларусі на гэты момант дамінуюць кароткатэрміновыя паездкі як у нашых грамадзян, так і ў замежнікаў. «У выніку замежны турыст пакідае ў Беларусі ўсяго 125 долараў у сярэднім суткі, беларускі турыст — 47», — прывёў лічбы Мікалай Снапкоў. У выніку праз кароткатэрміновасць знаходжання даходы турызму меншыя, чым маглі б быць. Таму мэта рэфармавання сферы — павысіць даходнасць турызму. 

Мікалай Снапкоў расказаў пра механізм: «Часу на разварушванне ў нас няма. Трэба хутка перафарматаваць галіну ў рэальную вертыкаль. З улікам статусу Нацыянальнага агенцтва па турызме і яго новых функцый — аб’яднаць намаганні дзяржавы і прыватнага бізнесу. Без удзелу прыватнага бізнесу гэтую галіну не падняць. Сумесна трэба шукаць і стымуляваць пункты росту. Неабходная канцэнтрацыя ўсіх кіраўніцкіх рэсурсаў у адным цэнтры прыняцця рашэнняў, каб каардынаваць дзясяткі галін, забяспечваць экспартны рост і стымуляваць інвестыцыі ў гэтай сферы».

Таму прапануецца стварыць цэласную сістэму кіравання турыстычнай галіны, аб’яднаць Дэпартамент па турызме і Нацыянальнае агенцтва па турызме ў адзіную структуру. Аб’яднаную структуру — Нацыянальнае агенцтва па турызме — прапануецца падпарадкаваць непасрэдна Савету Міністраў.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю