Міністэрства адукацыі пастановай № 11 ад 5 студзеня 2026 года ўдакладніла пералік груп спецыяльнасцяў і адпаведных ім профільных іспытаў для тых, хто паступае ва ўстановы вышэйшай адукацыі для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі. Адпаведныя змены ўнесены ў пастанову ведамства № 245 ад 10 жніўня 2022 года, паведаміла БелТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
У прыватнасці, па некаторых спецыяльнасцях зменяцца прадметы профільнага іспыту. Напрыклад, на спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне і права», «Сацыяльныя камунікацыі ў дзяржаўным кіраванні», «Правазнаўства», «Эканамічнае права», «Прававое забеспячэнне грамадскай бяспекі», «Прававое забеспячэнне аператыўна-вышуковай дзейнасці», «Судовыя крыміналістычныя экспертызы» з 1 студзеня 2027 года трэба будзе здаваць грамадазнаўства (ЦТ або ЦЭ) і гісторыю Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі (ЦТ або ЦЭ). Да 31 снежня 2026 года здаецца грамадазнаўства (ЦТ або ЦЭ) і замежная мова (ЦТ або ЦЭ).
На спецыяльнасць «Турызм і прыродакарыстанне» з 1 студзеня 2027 года прадметамі профільнага іспыту будуць біялогія (ЦТ або ЦЭ) і хімія (ЦТ або ЦЭ), да 31 снежня 2026 года — фізічная культура і спорт і біялогія (ЦТ або ЦЭ).