Top.Mail.Ru

Просты сакрэт поспеху ад хлебаробаў, за якім стаіць нялёгкая праца

«Ленавацца не трэба, тады ўсё будзе»

Жніво паступова набірае абароты. Кожная хвіліна — на вагу золата. Каб максімальна эфектыўна, хутка і з мінімальнымі стратамі ўбраць ураджай, механізатары і іх памочнікі гатовыя працаваць ад цямна да цямна. І гэта не проста словы — для тых, хто на палях, гэта рытм жыцця. Задачу арганізаваць работу аграрыя, нягледзячы на даволі няпростыя ўмовы надвор’я, Прэзідэнт паставіў на вялікай селектарнай нарадзе. Увогуле ад усіх цяпер патрабуецца максімальная аддача, бо ад гэтага залежыць наша харчовая бяспека. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы асобна звярнуў увагу на тое, што людзям, якія працуюць на жніве, трэба годна заплаціць, накарміць іх своечасова, арганізаваць адпачынак і вольны час.

Як выконваюцца пастаўленыя задачы, вырашыла паглядзець карэспандэнт «Звязды», адправіўшыся ў Чэрвеньскі раён, што на Міншчыне. А дакладней — у сельскагаспадарчы вытворчы філіял «Новыя Зелянкі» ААТ «Мінскі малочны завод № 1», што размешчаны на тэрыторыіРуднянскага сельскага савета.

Любоў Любаміра Міхайлавіча

Прыехаўшы на поле, адразу сустрэліся з камбайнерам-ветэранам Любамірам СЕРГІЕНЕМ, «злавіўшы» яго літаральна «на парозе» кабіны вялізнага гомсельмашаўскага камбайна. «Гаварыць няма часу! Працаваць трэба, пакуль зноў дождж не пайшоў», — ён пагадзіўся пагаварыць са мной літаральна некалькі хвілін.

Для хлебароба сёлета стартаваў 40-ы ўборачны сезон. Папрасіла Любаміра Міхайлавіча крыху расказаць, як жа так атрымалася — столькі гадоў у полі, і з усмешкай, у бадзёрым настроі. Тлумачэнне простае: чалавек любіць тое, чым займаецца: «Я тут з 1985-га года працую. Жонка раней была памочніцай камбайнера, а зараз на ферме. І сын таксама, уяўляеце, з юных гадоў тут, на ўборачнай. Цяпер кажа: «Гэта ты мяне заразіў: працу сваю любіць».

Падчас размовы некалькі разоў падымала вочы ўверх, дзівячыся маштабам тэхнікі, на якой працуе механізатар. Камбайн з зямлі, калі стаіш побач, — неверагодных памераў, нездарма яго вобразна называюць караблём. Убачыўшы мой ашаломлены позірк, Любамір стаў расказваць, што ад машыны насамрэч залежыць вельмі многае: «У нас вельмі добрыя камбайны, магутныя, якасныя. Працаваць — адно задавальненне. Што датычыцца заробку ў гарачы сезон, скажу так: не крыўдзяць. Ленавацца не трэба, тады ўсё будзе: і ўраджай добры, што самае галоўнае, і прыбытак. Адзінае, на што паўплываць немагчыма, — надвор’е».

Са слоў галоўнага агранома Наталлі САХОНЧЫК ужо ведала, што мой суразмоўца — чалавек адказны і сціплы. Зрэшты, гэтыя якасці перадаліся і сыну Дзмітрыю, з якім мы таксама пазнаёміліся. Бачу — едзе яшчэ адзін велізарны айчынны камбайн GS12A1 PRO. «Сынок пад’язджае!», — з гордасцю гаворыць Любамір Міхайлавіч, пакуль я ўглядаюся, спрабуючы разабрацца, хто сядзіць высока за рулём.

Хлеб для хлебаробаў

У ходзе размовы гляджу на гадзіннік — час набліжаецца да абеду. Таму, напэўна, Дзмітрый і прыехаў на стаянку, каб на нейкі час пакінуць транспартны сродак. Хутка сюды прыедзе машына з гарачай ежай і напоямі, якую ўсе чакаюць. «Як кормяць?» — пытаюся я. «Смачна!» — хорам адказваюць мне бацька з сынам. І расказваюць, што ў спякоту аграрыі ядуць у палі двойчы: у абед і ўвечары.

У меню прадстаўлены разнастайныя стравы: абавязкова ў наяўнасці суп, прычым сытны, густы, наварысты. Акрамя таго, каша або пюрэ. «Абавязкова мяса ці рыба, — дадаюць мужчыны. — Салаты таксама бываюць. А яшчэ аладкі, булачкі, піражкі, блінцы. Папіць — кампот ці чай». На пытанне, ці хапае, каб добра падсілкавацца, адказваюць станоўча. Аднак паколькі праца фізічная і вельмі энергазатратная — талеркі заўжды чыстыя.

З аграрыямі пагутарылі, а затым адправіліся да кухара Ірыны Шылы. У яе ёсць свабодная хвілінка, паколькі абеды ўжо гатовыя. «Колькасць порцый на дзень разлічваецца з раніцы. Механізатары бяруць пуцёўкі, і ўсіх, хто ў гэты дзень працуе ў полі, мы запісваем на абед, — расказала жанчына. — Ежа смачная, хатняя, скаргаў яшчэ не чула! Працую з 8 раніцы да 15, калі гатуем ежу на адзін прыём. Калі на два — да 18. Пасля прыгатавання абеды расфасоўваюцца ў тэрмасы і адпраўляюцца на машыне туды, дзе іх вельмі чакаюць. Ведаю, што харчаванне на палях арганізавана добра: і столікі ёсць, і сурвэткі, і мыйныя сродкі. А што яшчэ трэба?».

Спыталася, колькі каштуе для аграрыя адзін абед. «Звычайна арганізацыя плаціць 70 % ад кошту, работнікі — 30 %, — расказала старшыня Чэрвеньскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ларыса БАНДАРОВІЧ. — Аднак ёсць дзве гаспадаркі ў нашым раёне, філіял «Сельскагаспадарчы комплекс «Вялікаполле» дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс» і ААТ «Чэрвеньскі райаграсэрвіс», якія яны кормяць бясплатна. А ў ААТ «Запольскае» людзі, занятыя на палявых работах, аплачваюць 10% ад кошту».

Карацей, усе ўмовы для людзей створаныя, сілы і матывацыя працаваць ёсць. Яшчэ хочацца, каб надвор'е не падводзіла. Але з гэтым фактарам людзі, якія любяць сваю працу, абавязкова справяцца.

Фота аўтара

Даслоўна

Першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Васіль СЫСОЕЎ днямі паведаміў, што ўборачная кампанія ў Мінскай вобласці пакуль не ўступіла ў поўную сілу, хоць больш за палову азімага ячменю ўжо ўбрана і ўраджайнасць дадзенай культуры на 5 ц/га вышэй леташняй. У сувязі з гэтым на ўзроўні Мінскай вобласці выпрацавалі стратэгію бягучага жніва з улікам тых патрабаванняў кіраўніка дзяржавы, якія прагучалі на вялікай селектарнай нарадзе.

У першую чаргу маецца на ўвазе павелічэнне працягласці працоўнага дня на ўборцы збожжавых культур. Гаворка ідзе пакуль не аб начной змене. Спецыфіка жніва такая, што без страт у позні час зразаць каласы можна толькі да дасягнення раслінамі пэўнага ўзроўню вільготнасці.

«Для нас важна сёння захаваць кожны каласок, кожнае зярнятка, — паведаміў Васіль Сысоеў. — Сярод патрабаванняў таксама — максімальнае знаходжанне камбайнаў на палях, выключэнне нерацыянальных перагонаў тэхнікі і вяртання на машынныя двары ў начны час. Гэта дазволіць тэхніцы як мага раней прыступаць да работы раніцай».

Важны момант — стымуляванне ўдзельнікаў жніва, у тым ліку матэрыяльнае. «Мы павінны забяспечыць усе ўмовы, каб яны адчувалі сябе камфортна. Сёння кожны хлебароб разумее ўсю адказнасць і максімальна настроены на працу», — запэўніў Васіль Сысоеў.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю