Пройдземся па выстаўцы «Дарога да Перамогі» ў Міжнародным выставачным цэнтры

Аўтар: Валерыя Сцяцко
08.05.2025 | 16:38
Адкрыццё Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра стала выдатным падарункам да юбілею Вялікай Перамогі.

А для таго, каб беларусы не забываліся, дзякуючы каму, сёння ў нас ёсць магчымасць ствараць падобныя аб’екты і ўпрыгожваць імі краіну, разгорнута адпаведная выстаўка «Дарога да Перамогі». Экспазіцыі падрыхтаваныя намаганнямі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, рэгіянальнымі музеямі, Нацыянальным архівам Беларусі, Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм». 

Кампазіцыйны цэнтр выстаўкі — Плошча Перамогі ў тым выглядзе, у якім яе ведае кожны беларус. Вакол яе — тэматычныя раздзелы, прысвечаныя асноўным вехам ваеннай гісторыі. Пачынаецца ўсе з гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці, менавіта праз Холмскія вароты наведвальнікі трапляюць на выстаўку. Стэнды расказваюць пра абарончыя баі на беларускай тэрыторыі. У раздзеле, прысвечаным генацыду беларускага народа, прадстаўленыя жудасныя факты распраў над мірным насельніцтвам. Інтэрактыўная карта расказвае цікавыя факты пра партызанскі і падпольны рух — народнай барацьбе з ворагам прысвечана нямала ўвагі. 

Тут можна атрымаць інфармацыю аб сваіх продках, якія здабывалі перамогу. Выстаўка дазваляе пачуць запісы ўспамінаў удзельнікаў вайны. А на друкарскай машынцы, зробленай па прыкладзе таго часу, можна надрукаваць ваенную лістоўку і захаваць на памяць. Кульмінацыя выстаўкі — ўзняцце сцяга Перамогі над рэйхстагам. У акулярах дапоўненай рэальнасці можна нават паўтарыць шлях Ягорава і Кантарыі і падняцца на дах Рэйхстага. Менавіта ў сучасных мультымедыйных і інтэрактыўных сродках — разыначка гэтай выстаўкі. Відэафільмы з ужываннем ЗD-графікі, галаграм, акуляры віртуальнай рэальнасці і святлодыёдныя экраны дапамагаюць хоць часткова, але паглыбіцца ў тую атмасферу. І няхай у поўнай меры яны не перададуць жах і страх вайны, але здольныя паказаць, што гэта невыносна цяжка і не дай бог, каб гэта здарылася зноў.

Наведаць выстаўку «Дарога да Перамогі» ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры не проста патрэбна — неабходна. Яна працуе з 12 до 20 і будзе дзейнічаць да 5 ліпеня. Уваход вольны. 

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю