У лiстападзе мiнулага года на базе гэтага найбуйнейшага на Гомельшчыне валаўтваральнага вытворцы мяса птушкi — «Беларуснафта-Асобiна» — урачыста адкрылi пабудаваныя пры падтрымцы Банка развiцця ферму адкорму куранят-бройлераў «Цеклеўка» i шэсць птушнiкаў, а ўжо сёлета на базе вытворчага цэха «Сож» увялi яшчэ чатыры, паведамiлi ў прэс-службе банка.
— Гэтыя праекты — яркi прыклад фiласофii Банка развiцця: iнвестыцыi павiнны працаваць на будучыню. Новыя аб’екты з’яўляюцца сучаснымi высокатэхналагiчнымi комплексамi, якiя дазволяць на працягу многiх гадоў не толькi забяспечваць якаснай прадукцыяй беларусаў, але i дзякуючы экспарту павышаць нацыянальны прэстыж за мяжой. Упэўнены, вынiкi рэалiзацыi такiх важных iнвестпраектаў не фiнальны пункт супрацоўнiцтва банка i прадпрыемства, а магутны старт для новых амбiцыйных задач, — перакананы начальнiк Гомельскага фiлiяла Банка развiцця Андрэй Клiмаў.
Калi ў Цеклеўцы птушнiкi прызначаны для вытворчасцi мяса куранят-бройлераў, то задача новых чатырох комплексаў у вытворчым цэху «Сож» — атрыманне якаснага пагалоўя бацькоўскага статка курэй i, як вынiк, павышэнне ўзнаўлення птушкi. Гэты iнвестпраект рэалiзаваны ў рамках дзяржпраграмы «Аграрны бiзнес» i мае вялiкае значэнне для развiцця прадпрыемства.
— Новыя птушнiкi прадугледжваюць падлогавае ўтрыманне курэй на 8250 галоў кожны. Гэтыя комплексы арганiчна ўпiсваюцца ў эканомiку прадпрыемства: калi раней мы закуплялi iнкубацыйныя яйкi, то з уводам гэтых аб’ектаў атрымаем у год 4,8 мiльёна штук. Гэта дасць магчымасць не толькi забяспечваць уласную вытворчасць, але i прадаваць iх на экспарт з добрай рэнтабельнасцю. Акрамя гэтага, мы зможам атрымлiваць дадатковую выручку за кошт рэалiзацыi каля 240 тысяч сталовых яек у год, — адзначыў начальнiк вытворчага цэха Анатоль Даменiкаў.
Акрамя аб’ектаў, дзе ўтрымлiваецца птушка, у рамках рэалiзацыi iнвестыцыйнага праекта пабудавана ўся неабходная для iх iнфраструктура: ачышчальныя збудаваннi, артэзiянскiя свiдравiны, а таксама закуплена сучаснае тэхналагiчнае абсталяванне. У вынiку ў новых птушнiках усё прадумана да дробязяў. Тут выкананы ўсе неабходныя правiлы бiябяспекi, устаноўлены сiстэмы газацыi i дэзынфекцыi, аўтаматычна падтрымлiваецца мiкраклiмат.
Як асаблiва адзначылi ў Банку развiцця, наша краiна актыўна развiвае птушкагадоўлю як ключавы кiрунак аграпрамысловага комплексу, забяспечваючы харчовую бяспеку i нарошчваючы экспартны патэнцыял.
— Сёння дзякуючы iнвестыцыям гэтая галiна дэманструе высокую тэхналагiчнасць i дынамiчны рост, займаючы значнае месца ў эканомiцы краiны: яе доля ў агульным аб’ёме вытворчасцi мяса з’яўляецца другой па значнасцi ў краiне пасля малочнай жывёлагадоўлi. Пры гэтым птушкагадоўля патрабуе менш рэсурсаў, чым вырошчванне буйной рагатай жывёлы: меншыя плошчы, нiзкi расход кармоў на кiлаграм мяса, — падсумавалi ў банку.
А як у iх?
Развiццё птушкагадоўлi, асаблiва вырошчванне курэй, застаецца стратэгiчным кiрункам аграсектара многiх краiн дзякуючы шэрагу эканамiчных, сацыяльных i экалагiчных пераваг. Напрыклад, Кiтай за 20 гадоў павялiчыў вытворчасць курацiны ў чатыры разы, стаўшы сусветным лiдарам па аб’ёмах, Iндыя робiць стаўку на яечную птушкагадоўлю, забяспечваючы ўнутраны попыт i экспарт у краiны Азii.