Адкрыць вытворчасць ці аб’ект паслуг, даць працу людзям і новае жыццё закінутаму будынку, добраўпарадкаваць населеныя пункты. На Гомельшчыне ў кожным раёне ёсць прыклады стварэння новых сацыяльна значных аб’ектаў на месцы былой маёмасці, якая не выкарыстоўвалася.
— Толькі за апошнія пяць гадоў у вобласці праведзена больш за 500 аўкцыёнаў, на якіх рэалізавана звыш 600 будынкаў і збудаванняў. Многія аб’екты былі прададзены за адну базавую велічыню. Для інвестара гэта магчымасць пачаць праект з меншымі выдаткамі, а для рэгіёна — вярнуць да жыцця будынкі, якія працяглы час не выкарыстоўваліся. У бюджэты розных узроўняў ад продажу маёмасці паступіла больш за 14 мільёнаў рублёў, — падкрэсліла старшыня камітэта дзяржаўнай маёмасці Гомельскага аблвыканкама Наталля Сацута.
Як нагадала кіраўнік, сёлета камітэт «Гомельаблмаёмасць» адзначае 35-годдзе з дня ўтварэння.

— Наша галоўная задача — зрабіць так, каб дзяржаўная маёмасць працавала на развіццё рэгіёна і прыносіла карысць людзям. Адным з асноўных інструментаў гэтай работы застаюцца аўкцыённыя таргі. Менавіта праз іх многія будынкі знаходзяць новых гаспадароў. Сёння на таргах можна знайсці самыя розныя аб’екты — ад невялікіх будынкаў у сельскай мясцовасці да нерухомасці ў абласным цэнтры, — звярнула ўвагу Наталля Сацута.
Гэта дае магчымасць прадпрымальнікам выбіраць пляцоўкі пад канкрэтныя праекты — гандаль, паслугі, вытворчасць, сацыяльныя аб’екты. Але важна не толькі прадаць аб’ект, але і стварыць умовы, каб ён сапраўды пачаў працаваць.

— Пакупнікам даецца растэрміноўка аплаты да трох гадоў, а калі гаворка ідзе аб адкрыцці вытворчасці або бізнесу ў сельскай мясцовасці, — то да пяці гадоў. Акрамя таго, прымяняецца паэтапнае зніжэнне пачатковай цаны. Часам кошт можа змяншацца на 50 ці 80 %, а ў асобных выпадках — да адной базавай велічыні. Такі падыход дае магчымасць знаходзіць інвестараў нават для складаных аб’ектаў, якія патрабуюць сур’ёзнай рэканструкцыі, — падкрэсліла старшыня камітэта.
Па яе словах, пры продажы нерухомасці ўстанаўліваюцца абавязковыя ўмовы: адкрыць бізнес, правесці рэканструкцыю, стварыць працоўныя месцы, выкарыстоўваць будынак па прызначэнні. Гэта робіцца для таго, каб аб’ект не прастойваў зноў. Пасля продажу выкананне ўмоў кантралюецца.
Практычна ў кожным раёне вобласці сёння ёсць былыя пустыя будынкі, дзе адкрыты новыя аб’екты — крамы, вытворчасці, медыцынскія цэнтры, месцы адпачынку. Адзін з прыкладаў — будынак у Буда-Кашалёве плошчай 420 квадратных метраў, які доўгі час не выкарыстоўваўся і паступова прыходзіў у заняпад. Сёння тут працуе сучасны шматфункцыянальны комплекс з фітнес-залай, салонам прыгажосці і іншымі аб’ектамі паслуг. Адкрыты новыя працоўныя месцы, што вельмі важна для райцэнтра.

На Гомельшчыне новае жыццё атрымалі гасцініца ў Калінкавіцкім раёне, рэстаран — у Гомельскім, медыцынскі цэнтр на Жлобіншчыне, а таксама швейная вытворчасць у Мазырскім раёне, крамы і іншыя аб’екты ў Петрыкаве, Рэчыцы і Гомелі.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота камітэта «Гомельаблмаёмасць»