Рабочы графік Прэзідэнта штотыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім кіраўнік дзяржавы надае пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя.
Мінулы працоўны тыдзень Прэзідэнта быў цалкам прысвечаны традыцыям. І пачаўся ён у царкве — свята Раства Хрыстова Аляксандр Лукашэнка сустрэў у Лагойскім храме Мікалая Цудатворца. Як вядома, кожны год у гэты дзень Прэзідэнт запальвае святочную свечку. Наступны дзень таксама быў прысвечаны вельмі светлай традыцыі — уручэнню прэміі «За духоўнае адраджэнне» і спецыяльных прэмій Прэзідэнта. Такія нагоды выдатна спрыялі размовам пра духоўнасць і вечныя каштоўнасці. Не абышлося і без адкрыццяў. Кіраўнік дзяржавы наведаў новую помпавую станцыю «Шчамысліца», з увядзеннем якой Мінск стаў поўнасцю забяспечаны артэзіянскай вадой.
1. «Я вас папярэджваў і папярэджваю яшчэ раз, што новы год будзе няпростым. Ён будзе цяжкім. Але мы яго пераадолеем. Мы пераадолеем усе гэтыя цяжкасці, мы не аднойчы з імі сутыкаліся літаральна ў апошні час, і пандэмію мы перажывалі, і санкцыі перажывалі. Калі мы адзіныя, калі мы разам, калі мы хаця б глядзім у адзін бок аднолькава, тады ў нас усё будзе добра», — адзначыў беларускі лідар, размаўляючы з вернікамі на Раство. Размова атрымалася не па-святочнаму сур’ёзнай, але шчырай, на самыя важныя тэмы.
2. «Будучы час, асабліва наступная пяцігодка — гэта змена пакаленняў. Трэба падрыхтаваць маладое пакаленне, наступнае пакаленне нашых дзяцей, якое возьме ў рукі Беларусь і будзе яе берагчы, цаніць, хаця б так, як мы з вамі, цяперашняе пакаленне, аберагалі яе, і зрабілі гэту краіну суверэннай і незалежнай. Упершыню ў гісторыі», — сказаў Прэзідэнт у храме. Ён звярнуў увагу, што змена пакаленняў — гэта заўсёды балючы працэс. Але паабяцаў правесці яго так, каб ніякага болю беларусы не заўважылі. Да гэтай тэмы кіраўнік дзяржавы вярнуся і выступаючы ў Палацы Рэспублікі на цырымоніі ўручэння прэмій. Ён растлумачыў, што сёння важна падрыхтаваць гэта маладое пакаленне, навучыць і перадаць краіну. Праца архіважная і надзвычай складаная. «Я не аб тым, што я заўтра ўцяку куды-небудзь. Пакуль ёсць здароўе, я буду з вамі, на любой пасадзе буду працаваць, каб захаваць тое, што мы з вамі стварылі сваімі рукамі», — удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
3. «Ісціна простая: у аснове любой чалавечай дзейнасці ляжаць духоўнасць і маральнасць, справядлівасць — жыватворны эліксір для культуры, трывалай сувязі пакаленняў і традыцый. Яны — аснова адзінства нацыі, якая ведае сваю гісторыю, шануе спадчыну продкаў і клапоціцца пра будучыню. Аснова таго, што вызначае характар народа. Духоўнасць і маральнасць — падмурак моцнай, незалежнай дзяржавы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння спецыяльных прэмій. Ён адзначыў, што дзякуючы такім людзям, як лаўрэаты прэміі «За духоўнае адраджэнне», спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва і «Беларускі спартыўны Алімп» наша родная Беларусь застаецца астраўком міру, спакою, чалавекалюбства і міласэрнасці.
4. «Як бы хто ні імкнуўся нас сёння расхістаць — нічога не атрымаецца. Нічога не атрымаецца. Мы зберажом сваю краіну. Яна ўжо належыць нашым дзецям і ўнукам. Таму нам варта падумаць аб іх будучыні. І мы думаем», — заявіў Прэзідэнт. Ён запэўніў, што ў наступнай пяцігодцы будзе зроблена ўсё, каб наша краіна назаўсёды забыла праблему захавання сваёй дзяржаўнасці.
5. «Забяспечыць мегаполіс амаль у два мільёны чалавек абсалютна артэзіянскай вадой — гэта найвялікшы подзвіг нашага пакалення. Я не ведаю такіх дзяржаў, якія б з клопатам аб людзях падышлі да гэтага пытання. Мы ж маглі проста абыходзіцца тым, што ёсць. У нас была добрая вада. Але мы зрабілі ўвогуле выдатную ваду, — сказаў Прэзідэнт падчас наведвання новай помпавай станцыі «Шчамысліца». Ён выказаў спадзяванні, што мінчане ацэняць перавод горада на артэзіянскую ваду. Праект нятанны, запатрабаваў шмат укладанняў. Але, як адзначаў беларускі лідар, сацыяльна-арыентаваная дзяржава — гэта калі дзяржава глядзіць у бок народа.