Top.Mail.Ru

Прыбіральня — ад слова «прыбіраць»

Не верыцца, але ж некалі далёка не ва ўсіх гарадскіх установах быў вадаправод, шмат дзе ў дварах, у так званых шпакоўнях, размяшчаліся выгоды.


Вось і ў нашу невялічкую арганізацыю ваду для піцця вёдрамі насіла прыбіральшчыца. Яна ж, цётачка Маня, тапіла снег, падстаўляла посуд пад капеж, каб потым мыць падлогі талай ці дажджавой вадою. Прычым эканоміла кожны літр, бо калодзеж знаходзіўся досыць далёка, а жанчына была і не маладая ўжо, і не сказаць, каб дужая... Факт, што вельмі акуратная і старанная, таму ў нас заўсёды панавала чысціня. 

Не дзіва, што мы паважалі працу прыбіральшчыцы, дзякавалі ёй — і за... навуку таксама.

...Неяк раз, скончыўшы прыборку ў памяшканнях, цётачка Маня вымыла анучы, выкруціла, павесіла на плот сушыцца. У вядры заставалася досыць чыстая вада. Убачыўшы гэта, прыбіральшчыца вырашыла, што ёй не зашкодзіць абдаць падлогу ў прыбіральні.

У нас гэты маленькі драўляны дамок стаяў у глыбіні двара спінай да галоўнага будынка, дзвярыма да плоту. Усё, як належыць... Праўда, пасля добрага дажджу на подступах утваралася вялізная лужына, і тады ў «шпакоўню» ўсе хадзілі з вялікай асцярогай — па цаглінах ды паўцагелках, загадзя кінутых у ваду.

Якраз па іх у той дзень наша цётачка і пайшла — памалу, акуратна ступаючы, з цяжкаватым вядром. 

Несці яго аж у сам «будынак» сэнсу не мела. А таму, убачыўшы, што дзверы адчыненыя, прыбіральшчыца здалёк размахнулася — плюхнула долу ваду і з пустым вядром спакойна пайшла назад.

Што яе спыніла, ужо не ў памяці. Факт, што, азірнуўшыся, яна ўбачыла, як з прыбіральні выходзіць заклапочаны мужчына (адказны работнік суседняй канторы), як спыняецца на тых паўцагелках і, прыгнуўшыся, старанна страсае з сябе непрыемную вільгаць.

...Усё гэта цётачка Маня расказвала і паказвала нам са шчырым смехам і нязменнай высновай: дзверы на тое і дзверы, каб іх зачыняць, замыкаць, зашчапляць. А ўжо ў прыбіральні — дык абавязкова!

Таццяна Ігнаценка, Лёзненскі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю