Год добраўпарадкавання — час навучыць усіх і кожнага пастаянна падтрымліваць парадак на тэрыторыі сваёй арганізацыі, асабістага двара, вуліцы, вёскі і горада. Як рэалізуецца гэта задача ў Гродзенскай вобласці, абмеркавалі на выязным пасяджэнні часовай камісіі на прыкладзе Шчучынскага раёна, перадае БелТА.
У пасяджэнні прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, старшыні райвыканкамаў рэгіёна.
«Беларусь — прыгожая, чыстая, камфортная для жыцця краіна. Дзяржава, мясцовыя ўлады ўкладваюць нямала сродкаў і сіл у стварэнне спрыяльнага асяроддзя ў нашых гарадах і вёсках. Пры гэтым парадак паўсюдна можа падтрымлівацца толькі пры актыўнай пазіцыі кожнага кіраўніка на сваім узроўні. Трэба таксама актыўна даносіць да людзей неабходнасць падтрымання парадку не толькі на сваім падворку, але і побач з ім, на прылеглай тэрыторыі, у гарадах і вёсках. Для гэтага ёсць заканадаўчыя механізмы, варта прывучаць людзей да таго, што яны дзейсныя», — падкрэсліў Юрый Караеў.
Размова ішла таксама аб эфектыўнасці суботнікаў па навядзенні парадку на тэрыторыях населеных пунктаў. Па вопыце вобласці, да членаў калектываў, якія ўдзельнічаюць у іх арганізавана, з кожным разам усё больш актыўна далучаюцца звычайныя жыхары. Бачачы прывабныя вынікі агульнай працы, заўважаючы, як прыгажэюць вёскі і гарады, людзі гатовыя ўнесці свой асабісты ўклад у стварэнне камфортнага і прыгожага асяроддзя.
У прыклад старшыня аблвыканкама прывёў добраўпарадкаванне Ваўкавыска, дзе сёлета пройдуць абласныя «Дажынкі». «Штогод мы ўкладваем вялікія сілы і сродкі ў падрыхтоўку да фестывалю працаўнікоў вёскі. Кожны райцэнтр мяняецца, усё зробленае застаецца на доўгія гады. Да арганізацый, занятых у рабоце, масава далучаюцца жыхары. Суботнікі сталі нормай, успрымаюцца людзьмі пазітыўна. Бо ўсё, што робіцца, — робіцца для іх», — дадаў Юрый Караеў. Ён таксама адзначыў, як Ваўкавыск прыкметна змяніўся, а на чарзе Карэлічы, дзе плануецца правесці «Дажынкі» ў 2026 годзе.
Кіраўнік рэгіёна таксама анансаваў у святле нядаўняй нарады ў Прэзідэнта па развіцці турызму, што ў найбліжэйшы час будзе нададзена ўвага аднаму з самых старажытных гарадоў Беларусі — Навагрудку. Задача — зрабіць яго сапраўднай турыстычнай Мекай, падкрэсліў ён. Для гэтага тут ёсць усё: і старадаўні замак, і аб’екты, звязаныя з трагічнымі падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку Музей яўрэйскага супраціўлення, які расказвае пра фашысцкае гета і гераічную гісторыю ўцёкаў яго вязняў.
У цэнтры ўвагі былі і праблемныя тэмы. Напрыклад, якія датычацца зносу дамоў, што не выкарыстоўваюцца. Праблемай нярэдка бывае такая акалічнасць, калі дзеці і ўнукі гаспадароў не ўступаюць у спадчыну, і пытанне са зносам старых дамоў заканадаўча падвісае ў паветры.
Абмеркавалі таксама сістэму паасобнага збору бытавых адходаў, якая паспяхова працуе ў гарадах і распаўсюджваецца на сельскія населеныя пункты. Як адзначыла Алена Пасюта, рух у гэтым кірунку ёсць. Так, напрыклад, у Шчучыне кантэйнеры для паасобнага збору адходаў устаноўлены паўсюдна. А сёлета 300 такіх кантэйнераў набываюцца для жыхароў населеных пунктаў, набліжаных да райцэнтра. Важна, каб паралельна вялася актыўная тлумачальная работа, адзначыла старшыня аблсавета, і дэпутаты, пачынаючы з сельскіх Саветаў, мэтанакіравана яе вядуць.
«Каб усе выконвалі заканадаўства, трэба пераадолець абыякавасць да таго, што адбываецца за межамі ўласнага двара. Пры неабходнасці нагадаць жыхарам пра іх абавязкі», — лічыць старшыня аблвыканкама.
Удзельнікі семінара наведалі шэраг тэрыторый у Шчучыне, якія сталі прыкладамі добраўпарадкавання, і тыя, якія яшчэ трэба будзе прывесці ў парадак. Як расказаў старшыня Шчучынскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, у найбліжэйшай перспектыве — работы на трох буйных аб’ектах. Гэта плошчы былога ваеннага гарадка, на частцы якіх размесціцца аб’язная дарога вакол райцэнтра. Тэрыторыя ў 15 га, дзе яна будзе пракладзена, ужо расчышчана. Другая зона - пойма ракі Тураўка, дзе ў планах стварыць вялікі гарадскі парк. Трэці аб’ект - ачышчальныя збудаванні, якія доўгі час не выкарыстоўваюцца.
Як адзначылі ўдзельнікі семінара, Шчучын з кожным годам становіцца ўсё больш камфортным і прыгожым, як і іншыя гарады рэгіёна, планамерная работа раённай улады можа шмат у чым служыць прыкладам для калег.
