Top.Mail.Ru

Прыгажосць Беларусі на здымках Анатоля Клешчука

У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа прэзентавалі кнігу нашага калегі-звяздоўца Анатоля Клешчука «Беларусь. Зямля пад белымі крыламі».


Чалавек заўсёды жыве, пакуль памятаюць яго і захоўваюць зробленае ім. Анатоль Кляшчук пайшоў з жыцця ў верасні 2023 года, але яго фотаработы працягваюць уражваць і натхняць. Атрымаць асалоду ад лірычных краявідаў нашай Бацькаўшчыны можна, разгарнуўшы фотаальбом «Беларусь. Зямля пад белымі крыламі», які выйшаў у выдавецтве «Беларусь».

Ідэя стварэння гэтай кнігі ўзнікла пасля поспеху папярэдняга фотаальбома Анатоля Клешчука «Пад небам Беларусі», які з-за запатрабаванасці некалькі разоў перавыдавалі. Таму і працаваць над новым праектам, ужо зацверджанай назвай якога сталі вядомыя словы Уладзіміра Караткевіча, зноў запрасілі Анатоля Віктаравіча. Творчасць Караткевіча, безумоўна, унікальная з’ява ў айчыннай літаратуры, і яго радкі, прысвечаныя Радзіме, кранаюць душу кожнага беларуса. Здымкі Анатоля Клешчука — мэтра фатаграфіі — ідэальна перадаюць прыгажосць беларускай прыроды.

— Выпуск фотаальбома мы ажыццяўлялі па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі нашай краіны, — падзялілася загадчык аддзела рэкламы выдавецтва «Беларусь» Анжэла Садоўская. — Да таго ж гэта кніга з’яўляецца сацыяльна значным выданнем, а таму апроч кнігарняў паступіла ва ўсе бібліятэкі нашай краіны.

Па прызнанні яго сяброў, Анатоль Кляшчук не любіў называць сябе мастаком. Тым не менш, любуючыся фотапейзажамі майстра, мімаволі ловіш сябе на думцы: фатаграфіі больш нагадваюць карціны. Адчуваецца мастацкі густ, з якім яны зроблены.

На старонках фотаальбома «Беларусь. Зямля пад белымі крыламі» здымкі менавіта такія. На іх наша Радзіма паўстае ва ўсёй сваёй красе і велічы. Не дзіўна, што тыраж у 1200 экзэмпляраў разышоўся ў першыя ж месяцы. Кніга выйшла адразу на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай, бо ў першую чаргу арыентавана на гасцей краіны, на замежную аўдыторыю.

Анатоль Кляшчук сам падрыхтаваў і адабраў увесь неабходны матэрыял для выдання, аднак скончыць працу над кнігай так і не паспеў. Гэта адказная справа лягла на плечы дзвюх яго дачок — Вольгі і Надзеі. Пра свайго бацьку яны ўспамінаюць з вялікай цеплынёй, гонарам і павагай:

— Вядома, ён быў неабсяжнай, творчай асобай. Сын Беларусі, заўсёды гатовы апяваць яе ў сваіх работах. Але для нас ён у першую чаргу быў проста тата. Як бы хацелася, каб сёння бацька быў у гэтай зале і сам расказваў пра сваю работу... Зразумела, гэта немагчыма. Але мы бязмерна ўдзячныя за тое, што працягвае жыць яго спадчына.

Аміна НАЗАРАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю