Падпісаны кіраўніком дзяржавы Указ № 1 аб абвяшчэнні 2025-га Годам добраўпарадкавання датычыцца не толькі адказных асоб і чыноўнікаў. Ён датычыцца кожнага жыхара краіны, бо добраўпарадкаванне ўсёй Радзімы пачынаецца з парадку ва ўласным доме, на ўласным падворку, на вуліцы, дзе жывеш. Шмат таксама залежыць і ад работы, арганізаванай на месцах, і тут ролю мясцовага самакіравання цяжка пераацаніць. Мы пацікавіліся ў прадстаўнікоў мясцовай заканадаўчай улады, што ў Год добраўпарадкавання стане адметнасцю іх дзейнасці.
Гаспадарчы падыход. Фактары паспяховасці добра
З гэтага года на Гомельшчыне раённыя фестывалі працаўнікоў вёскі «Дажынкі» будуць праходзіць у аграгарадках з улікам напрацаванай у рэгіёне практыкі комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў. З такой прапановай выступіў дэпутацкі корпус вобласці.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне фактычна дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. Мэта — максімальна добраўпарадкаваць тэрыторыю, рэканструяваць ці пабудаваць новыя сацыяльна значныя аб’екты, вывесці на новы ўзровень інфраструктуру населеных пунктаў. Асаблівая ўвага — стану інжынерных камунікацый, дарожнай інфраструктуры, жыллёвага фонду, устаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры, бытавога абслугоўвання, сувязі, аб’ектаў гандлю.
— У Гомельскай вобласці добраўпарадкаванне тэрыторый знаходзіцца на пастаянным кантролі органаў кіравання і самакіравання ўсіх узроўняў, бо парадак на зямлі — гэта пастаянная і штодзённая праца, — пераканана член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч. — На сесіі абласнога Савета дэпутацкі корпус выказаў сваю прапанову аб правядзенні раённых фестываляў «Дажынкі» з 2025 года ў аграгарадках з улікам напрацаванай практыкі комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў. Раёнам дадзена даручэнне да 1 лютага падрыхтаваць планы добраўпарадкавання кожнага населенага пункта.
Як падкрэсліла сенатар, для Гомельшчыны значны фактар паспяховасці добраўпарадкавання на месцах — заахвочванне мясцовых жыхароў. Ініцыятывы па паляпшэнні якасці жыцця людзей, навядзенні парадку ў населеных пунктах і ўвогуле развіццё патэнцыялу той ці іншай тэрыторыі актыўна падтрымлівае дэпутацкі корпус Гомельшчыны. У мінулым годзе Гомельскі абласны Савет дэпутатаў накіраваў у абласную асацыяцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў 111 заявак для ўдзелу ў конкурсным адборы грамадзянскіх ініцыятыў. Пераможцамі было прызнана 25 праектаў рознай тэматыкі з усіх рэгіёнаў вобласці. Чарговы конкурсны адбор праектаў грамадзянскіх ініцыятыў жыхароў Гомельшчыны адбудзецца ўжо на гэтым тыдні — 17 студзеня.
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў звярнула ўвагу, што ў канцы мінулага года па даручэнні старшыні Гомельскага
аблвыканкама Івана Крупко прайшла суцэльная інвентарызацыя тэрыторый з мэтай выяўлення аб’ектаў, што не выкарыстоўваюцца, усіх форм уласнасці, у тым ліку жыллёвага фонду.
— У гэтай рабоце быў задзейнічаны дэпутацкі корпус першаснага ўзроўню — нашы асноўныя памочнікі на месцах, якія валодаюць поўнай і дакладнай інфармацыяй аб стане спраў на іх тэрыторыях, — падкрэсліла Кацярына Зенкевіч. — Цяпер праводзіцца аналіз атрыманых даных, адносна кожнага аб’екта вызначаецца план дзеянняў, і на працягу бягучага года будуць прыняты меры.
На кантролі дэпутатаў Гомельшчыны застаецца павышэнне эфектыўнасці выкарыстання нерухомай маёмасці і ўключэнне яе ў гаспадарчы абарот. За 11 месяцаў мінулага года ў сельскіх населеных пунктах рэгіёна больш за 140 домаўладанняў набылі новых гаспадароў, было добраўрападкавана больш за 420 пустых дамоў, больш за 900 закінутых дамоў знесена, а гэта ў тым ліку клопат аб бяспецы грамадзян у населеных пунктах.
Заўважны плён ад рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 сакавіка 2021 года № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі», якім значна спрошчаны парадак адчужэння пустых домаўладанняў. І як вынік, у вобласці штогод рэалізуецца ў сярэднім больш за 140 дамоў пры ранейшым паказчыку каля дзесяці.
— Тым не менш у гэтай рабоце яшчэ ёсць рэзервы, важна актывізаваць работу па рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 116, — звярнула ўвагу сенатар. — На тэрыторыі вобласці для выканання даручэння кіраўніка дзяржавы фарміруецца праграмны комплекс мер па ўключэнні ў гаспадарчы абарот зямель, якія не выкарыстоўваюцца: сельгасарганізацый, зямельных участкаў у населеных пунктах, скарачэнні пустых дамоў. Галоўная задача — навядзенне парадку ў цэлым, у тым ліку на ўчастках дамоў, што маюць прыкметы пустых і якія часта з’яўляюцца аб’ектамі сельгасарганізацый, ЖКГ і іншых галін. Работа з кожным аб’ектам, які мае прыкметы пустога, а таксама па кожным вызваленым зямельным участку павінна знаходзіцца на кантролі да поўнага добраўпарадкавання, — падкрэсліла Кацярына Зенкевіч.
Па якіх кірунках працягнецца добраўпарадкаванне ў Брэсцкім раёне
Брэсцкі раён у многім асаблівы. Ну хоць бы тым, што ў 142 населеных пунктах пражывае больш за 45 тысяч чалавек сельскага насельніцтва. Ёсць шэраг даволі буйных вёсак, аграгарадкоў. Напрыклад, у адным толькі Матыкальскім сельсавеце пражывае 8 тысяч чалавек, што параўнальна з асобнымі райцэнтрамі краіны. Да таго ж на тэрыторыі раёна размяшчаецца 250 дачных таварыстваў абласнога цэнтра, і летам колькасць насельніцтва раёна павялічваецца амаль удвая. Апошняе таксама патрабуе дадатковых намаганняў у справе навядзення парадку.
Спартыўныяі дзіцячая пляцоўкі, павільён на прыпынку
Старшыня Брэсцкага раённага Савета Уладзімір ХВАЦІК адзначае, што актыў раёна, мясцовая ўлада ўспрынялі аб’яўленне 2025 года Годам добраўпарадкавання як магчымасць падкрэсліць значнасць работы, якой займаюцца сельвыканкамы апошнія дзесяцігоддзі, а таксама як стымул усяляк развіваць, удасканальваць дзейнасць ва ўказаным кірунку.
— У пачатку года кожны сельскі Савет складае план добраўпарадкавання, якога і прытрымліваецца ў сваёй рабоце, — гаворыць старшыня райсавета. — А выкананне пунктаў і мерапрыемстваў названага плана становіцца магчымым дзякуючы бюджэтнай падтрымцы, уласным сродкам, спонсарскай дапамозе, а таксама ўдзелу грамадзян у агульных добрых справах.
Вялікая работа па добраўпарадкаванні, навядзенні парадку, паляпшэнні вонкавага выгляду населеных пунктаў праведзена летась. Так, у парку гарадскога пасёлка Дамачава замест пустэчы паявілася спартыўная пляцоўка. Такая ж пляцоўка для заняткаў фізкультурай і спортам людзей усіх узростаў уладкавана ў Астрамечаве. Урачыстае адкрыццё абодвух спартыўных комплексаў адбылося ў канцы года.
Старшыня райсавета называе некалькі лічбаў: цягам года пасаджаны 781 дрэва, 390 кустарнікаў, высаджана амаль дзевяць тысяч кветак. Таксама было спілавана 153 аварыйныя дрэвы. Усё гэта рабілася намаганнямі як супрацоўнікаў жыллёва-камунальнай службы, так і саміх грамадзян. За год у раёне правялі каля сотні суботнікаў. Дарэчы, падчас працоўных акцый прыбралі 80 несанкцыянаваных звалак розных памераў.
Уладзімір Хвацік падкрэслівае важнасць удзелу грамадзян у агульных добрых справах і прыводзіць у прыклад Знаменскі сельсавет. У вёсцы Старадзеч названага сельсавета пражываюць 1860 чалавек, прыкладна палова з іх — праваслаўныя хрысціяне, другая — евангельскія хрысціяне-баптысты. Усе жывуць дружна, ніякіх непаразуменняў на рэлігійнай глебе ніколі не было. Усе разам працуюць на суботніках, удзельнічаюць у агульных справах. Адным з апошніх прыкладаў сумеснай работы стала ўладкаваннне прыпыначнага пункта для дзяцей. Вёска Страдзеч вялікая, вучняў збірае школьны аўтобус у трох месцах. Адно з іх знаходзіцца на ўскраіне населенага пункта, у непагадзь там асабліва некамфортна было стаяць дзецям у чаканні транспарту. Гэта апошні з трох прыпынкаў, два былі абсталяваны раней. Сабраліся, пагаварылі, рашылі зрабіць і гэты. Сельгаспрадпрыемства «За мір» выдзеліла матэрыялы, рэлігійная суполка ўзяла на сябе выраб і ўстаноўку павільёна. Бацькі школьнікаў правялі першы этап добраўпарадкавання. Затым прыйшлі спецыялісты і ўстанавілі павільён. І дзецям больш не даводзіцца чакаць аўтобус пад дажджом альбо мокрым снегам.
Летась маладыя сем’і гэтай вёскі па сваёй ініцыятыве і галоўным чынам за свае сродкі ўладкавалі дзіцячую пляцоўку ў раёне новай забудовы. Сельвыканкам узгадніў месца, дапамог з тэхнікай пры дастаўцы габарытнага абсталявання і паспрыяў добраўпарадкаванню вакол пляцоўкі.
Догляд помнікаў і планы на год
Яшчэ адзін вялікі пласт работы датычыцца абнаўлення, добраўпарадкавання, догляду помнікаў і памятных месцаў. На гэтым робіцца асаблівы акцэнт сёння, калі мы рыхтуемся адзначыць 80-ю гадавіну Вялікай Перамогі.
На тэрыторыі раёна маецца 119 помнікаў і памятных месцаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. З іх 65 з’яўляецца месцам пахаванняў воінаў і мірных жыхароў, дзе знайшлі вечны спачын 9835 чалавек. Устаноўлена таксама 54 абеліскі вайсковай славы. Паводле слоў старшыні райсавета, кожны год праводзіцца рэканструкцыя альбо поўнае абнаўленне аднаго-двух з іх, на іншых — добраўпарадкаванне, касметычны рамонт. Апошнім часам на многіх памянялі мемарыяльныя пліты, на іх змешчана інфармацыя пра тых людзей, у гонар якіх устаноўлены помнікі. Дарэчы, нядаўна паявіліся і таблічкі з QR-кодамі.
Ёсць сельсаветы, на тэрыторыя якіх знаходзіцца да паўтара дзясятка і больш такіх помнікаў. Падтрыманне іх у парадку — вялікая работа, да якой мясцовая ўлада прыцягвае школьнікаў, моладзь, працоўныя калектывы, грамадскія арганізацыі. Напрыклад, летась карэнным чынам абнавілі мемарыял у Мухаўцы.
— Работа па добраўпарадкаванні і абнаўленні помнікаў будзе працягвацца, — гаворыць Уладзімір Хвацік. — Яшчэ на гэты год маем намер асаблівую ўвагу ўдзяліць рабоце па паляпшэнні дарожнага пакрыцця вуліц унутры населеных пунктаў. Заасфальтаваныя вуліцы, тратуары ў населеным пункце — гэта не толькі зручнасць, знешні выгляд, гэта і складальнікі якасці жыцця нашых людзей. Таксама на парадку дня павелічэнне колькасці дзіцячых пляцовак. Маштабная жыллёвая забудова патрабуе адпаведнай інфраструктуры. Там, дзе ўтульна, прыгожа, зручна, людзі ахвотна ўзводзяць дамы, а значыць, будуць расці сем’і, нараджацца дзеці.
Фота аўтара