Top.Mail.Ru

Прыгожая, пяшчотная, мудрая. Якой бачаць беларускую жанчыну ўдзельнікі конкурсу «Натхненне для душы»

У Мінскай гарадской ратушы прайшло ўзнагароджанне фіналістаў творчага конкурсу «Натхненне для душы», прымеркаванага да Года беларускай жанчыны, перадае БелТА.

«Ідэя гэтага конкурсу ўзнікла яшчэ ў студзені, як толькі наш Прэзідэнт аб'явіў 2026 год Годам беларускай жанчыны. Мы былі адкрытыя для розных прапаноў, спецыяльна не ставілі ніякіх рамак і меж. У нашых грамадзян гэты конкурс знайшоў шырокі водгук. Было прадстаўлена больш за 1 тыс. работ. Іх даслалі як маладыя людзі, так і прадстаўнікі старэйшага пакалення, працоўныя калектывы», — расказала старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Наталля Паўлючэнка.


Журы конкурсу разгледзела ўсе работы і выбрала 26, якія прайшлі ў фінал конкурсу. Работы ўдзельнікі прадстаўлялі як паасобку, так і ў групах. Узнагароды ў ратушы атрымалі 34 фіналісты конкурсу. «Гэта абсалютна розныя работы. Удзельнікі праявілі сябе ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, паэзіі, прозе, відэароліках і іншых фарматах. Усе яны пра беларускую жанчыну, пра тое, што яна пяшчотная, мудрая і разам з тым вельмі моцная, таму што выхоўвае наша будучае пакаленне», — адзначыла Наталля Паўлючэнка.

Педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 199 г. Мінска імя Пімена Панчанкі Марыя Коваль прадставіла на конкурс верш «Беларуская жанчына, што ў ёй такога?». «У ім я паспрабавала адлюстраваць усіх жанчын, якія знаходзяцца вакол мяне. Гэты верш пра маю маму, маіх сябровак і іншых беларусак», — падкрэсліла Марыя Коваль.

Студэнтка 4-га курса філалагічнага факультэта БДУ Ірына Гурыновіч для ўдзелу ў конкурсе напісала верш «Дачка неба і лёну». «Мая праца прысвечана беларускай жанчыне, яе прыгажосці, духоўнаму ўкладу ў жыццё нашай краіны. Пісаць вершы — гэта маё хобі. Я часам пішу, калі ёсць настрой», — распавяла лаўрэатка конкурсу.

Работы фіналістаў будуць апублікаваныя на афіцыйным сайце і ў тэлеграм-канале Савета Рэспублікі, а песні прагучаць на беларускіх радыёстанцыях.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю