У Мінску ў Цэнтральным доме афіцэраў ушаноўвалі 60 лепшых ваеннаслужачых тэрміновай службы з усёй краіны. Урачыстае мерапрыемства падвяло вынікі армейскага года. Асаблівымі гасцямі цырымоніі сталі маці байцоў, чыя падтрымка дапамагала сынам праходзіць воінскі шлях.
— Гэтыя хлопцы на справе даказалі, што яны гатовыя ўстаць на абарону нашай Радзімы і супрацьстаяць тым выклікам, якія сёння існуюць. Мы сёння звальняем не тых хлапчукоў, якія зусім нядаўна прыйшлі на прызыўныя пункты, мы сёння ўшаноўваем і звальняем у запас сфарміраваных мужчын, сапраўдных прафесіяналаў, патрыётаў нашай Радзімы, — адзначыў міністр абароны Віктар Хрэнін.

Асаблівая ўдзячнасць — маці, якія выхавалі такіх годных сыноў.
— Маці салдата — гэта асаблівае званне. Яго не прысвойваюць загадам, яно ідзе ад сэрца, — звярнуўся да жанчын Віктар Хрэнін. — Вы не толькі падарылі жыццё сваім сынам, але і выхавалі ў іх гонар, сумленне, любоў да Айчыны.
Слёзы радасці, гонар за сыноў — маці сапраўдных ахоўнікаў Айчыны безумоўна адчуваюць вялікі спектр станоўчых эмоцый падчас такіх сустрэч. Нам удалося пагутарыць з Уладзіславам Семенюком і яго мамай Вольгай Карповіч.

Малады чалавек служыў у Кіналагічным цэнтры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Ён прызнаўся, што армія дала яму шмат жыццёвага вопыту і важных ведаў.
— Камандзіры зрабілі з нас дружную згуртаваную каманду. Я ўдзячны ім за прыклад, цярпенне і проста за тое, што яны прайшлі з намі ўвесь гэты шлях, — расказаў Уладзіслаў.

Яго маці Вольга Карповіч прызналася, што такая высокая ацэнка дасягненняў сына стала для яе нечаканасцю і прыемным сюрпрызам.
— Калі мне патэлефанавалі і паведамілі гэту навіну, я проста страціла мову. Маё сэрца перапоўнена гонарам. Мы стараліся прывіваць яму сапраўдныя мужчынскія якасці, заўсёды хацелі, каб сын служыў у арміі. Думаю, камандаванне бачыць маладых людзей, якія сур’ёзна ставяцца да службы і якія гатовыя падставіць сваё плячо ў цяжкай сітуацыі, — расказала яна.

Таксама Вольга Карповіч адзначыла, што вельмі радасна тое, што ў ваенкамаце спыталі, дзе б ён хацеў служыць, — і прыслухаліся да пажаданняў:
— Паколькі Уладзіслаў навучаўся ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, ён сказаў, што хацеў бы, каб служба была звязана з кіналагічным кірункам.
Таксама нам удалося пагутарыць і з мамай Валянцінай Пташыц. Малады чалавек Ігар Пташыц служыў у батальёне 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады ў Гродне.

— Служба — справа няпростая. За гэты час я атрымаў новую вадзіцельскую катэгорыю, прайшоў перападрыхтоўку ў брыгадзе і, вядома, знайшоў шмат новых сяброў. Хтосьці з нас быў вадзіцелем, хтосьці сапёрам — гэта розныя шляхі, але мы ўсе жылі ў адной казарме, дзяліліся з хлопцамі вопытам і ўражаннямі. Думаю, гэта сяброўства захаваецца і пасля заканчэння службы, — расказаў ён.

Да арміі малады чалавек вучыўся ў ГрДУ імя Янкі Купалы па спецыяльнасці «Журналістыка». Яму ўдалося набрацца практычнага вопыту ў гродзенскіх СМІ і ў карпаратыўных універсітэцкіх медыя. Пасля службы ва Узброеных Сілах у яго з’явіліся думкі паспрабаваць свае сілы ў ведамасных СМІ Міністэрства абароны.
Яго маці Валянціна прызналася:
— Два маіх сыны служылі ў арміі. Мяне перапаўняе бязмежны гонар за тое, што мы годна справіліся з гэтым пачэсным абавязкам сапраўдных мужчын.

Варта адзначыць, што такія ўрачыстыя мерапрыемствы праходзяць не толькі ў сталіцы. Гэтымі днямі салдат і сяржантаў, якія завяршылі тэрміновую службу, ушаноўваюць на ўзроўні камандаванняў, злучэнняў і воінскіх часцей па ўсёй краіне.
Лізавета ГОЛАД, фота аўтара