Top.Mail.Ru

«Прымаюць асфальт за вадаём». Адразу некалькі чырванакніжных гагар выратавалі ў Гомельскай вобласці

Адразу некалькі выпадкаў выяўлення чырванакніжных чорнаваллёвых гагар, якім спатрэбілася дапамога чалавека, зафіксавана ў Гомельскай вобласці за апошнія дні. Аб гэтым расказаў старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Павел Новікаў, паведамляе БелТА.


Напрыклад, жыхар Чачэрска заўважыў на абочыне дарогі птушку з шэрай афарбоўкай і доўгай дзюбай, якая сядзела і не магла ўзляцець. Спецыялісты, якія прыбылі на месца, пацвердзілі: гэта каштоўная асобіна — чорнаваллёвая гагара. Пасля агляду птушкі яе вырашылі адпусціць у звыклае асяроддзе. Яе прыстанкам стала возера Святое. 

Каля дзесяці гагар выратавалі і гомельскія пагранічнікі, расказалі ў аблвыканкаме. Птушак, якія апынуліся ў пастцы, знайшоў жыхар і звярнуўся па дапамогу.

«Чорнаваллёвыя гагары пры пералёце ў тумане часта прымаюць асфальт за вадаём і атрымліваюць пашкоджанні. Бывае, што ўдараюцца аб правады і падаюць», — растлумачыў старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. 

Ён расказаў, што літаральна сёння адну птушку са зламаным крылом ужо завезлі з Гомеля ў Жлобінскі заапарк. «Другую забіраем са Светлагорска і вязём у той жа заапарк. Ён з’яўляецца цэнтрам ператрымкі чырванакніжных птушак. Менавіта тут ветэрынар аказвае птушкам неабходную кваліфікаваную дапамогу. І ўжо ў залежнасці ад стану здароўя прымаецца рашэнне — выпусціць гагару ў навакольнае асяроддзе або пакінуць на ўтрыманне», — дадаў Павел Новікаў. 


Калі заўважылі чырванакніжную птушку, самавольна браць яе з асяроддзя пасялення забаронена. «За самавольнасць прадугледжана пакаранне. Па месцы выяўлення камісіяй райвыканкама па аказанні дапамогі дзікай жывёле, якая трапіла ў бядотнае становішча, складаецца акт, у якім указваецца, куды яе перадаць», — звярнуў увагу ён.

Як расказалі ў Навукова-практычным цэнтры НАН Беларусі па біярэсурсах, у прыродзе існуе яшчэ адна разнавіднасць гагары — чырвонаваллёвая, у якой дастаткова высокі прыродаахоўны статус. На тэрыторыі Беларусі гняздуецца яна пераважна ў Віцебскай вобласці, аддаючы перавагу чыстым з адкрытай вадой лясным азёрам, а налічваецца іх усяго некалькі пар. Птушка вельмі ўразлівая, але яе цела добра прыстасавана да жыцця на вадзе, на зямлі ж яна адчувае сябе некамфортна з-за асаблівай будовы ног. І часам з цвёрдай паверхні зямлі да вады самастойна ёй дабрацца даволі праблематычна, таму здаровую птушку, якая апынулася на сушы, пажадана вярнуць у звыклае асяроддзе. 

Разам з тым у цэнтры адзначылі, што ўмяшанне чалавека ў жыццё птушак не заўсёды пажадана. Напрыклад, не варта карміць птушак, калі ў прыродзе для іх корму і так дастаткова, асабліва небяспечны наступствамі такі «клопат» аб маладых асобінах — пакутуе не толькі страваванне, але і фарміруецца няправільная звычка. Не заўсёды трэба «ратаваць» вадаплаўных птушак, такіх як лебедзі, на вадаёме, які замярзае. Пры ўмове нармальнага здароўя яны самі могуць вызначыць месца пасялення і здабыць корм.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю