Уплыў штучнага інтэлекту на рынак працы і грамадства, развіццё сферы культуры і пытанні бяспекі дзяржавы абмеркавалі на рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Беларусь адзіная» ў Барысаве, перадае БелТА.
Тэмай сустрэчы з экспертамі стала стратэгія будучыні краіны. Акцыя прайшла ў новым фармаце: пытанні можна было задаць не толькі вусна, але і праз чат-бот. А адказ на адно з іх згенераваў штучны інтэлект: «Будучыня Беларусі залежыць ад мноства фактараў, уключаючы палітычную волю, эканамічныя тэндэнцыі, геапалітычную сітуацыю. Магчымыя розныя сцэнарыі».
Палітычны аглядальнік Ігар Тур жартам заўважыў, што штучны інтэлект разумення не мае, якая будзе будучыня ў Беларусі. А старшыня праўлення РДГА «Беларускае таварыства „Веды“», генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін звярнуў увагу, што гэтым пытаннем задаюцца не толькі ў Беларусі. У еўрапейскіх сталіцах, аналітычных цэнтрах ЗША ўжо даўно будуюцца прагнозы, пішуцца сцэнарыі і ўкладваюцца грошы ў праекты, якія мяркуюць, што беларусы не змогуць самі вызначаць свой лёс.
«Яны адмаўляюць нашу суб’ектнасць. Лічаць, што мы не гатовы ўзяць адказнасць за будучыню, — адзначыў Вадзім Гігін. — Скажу банальную фразу: наша будучыня залежыць ад нас».
Яшчэ адной тэмай дыскусіі стаў уплыў штучнага інтэлекту на рынак працы. «У многіх сферах можна замяніць чалавека штучным інтэлектам. Але ўсё залежыць ад канкрэтных людзей», — лічыць Ігар Тур. На яго думку, тых, хто імкнецца да выніку, хто прыкладвае намаганні, вядзе за сабой, ШІ не заменіць, а тых, хто проста ходзіць на працу і, вобразна, праседжвае штаны, — лёгка.
Вадзім Гігін звярнуў увагу на тое, што ў многіх прафесіях ШІ — ужо рэальнасць, але ёсць такія сферы, дзе яго ўплыў мінімальны. Да прыкладу, ШІ не зможа выканаць працу сантэхніка, фрэзероўшчыка або сталяра. Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Руслан Касыгін у сваю чаргу дадаў, што тэхналогіі — не вораг, а інструмент, але важна не страціць кантроль.
«Плюсы несумнеўныя, але ёсць і пэўныя мінусы. Пра іх мы ў тым ліку гаворым у сценах парламента. Калі цалкам перайсці на выкарыстанне ШІ, ствараем рызыкі, становімся ўразлівыя і ў банкаўскай сістэме, і ва ўсім, што датычыцца сацыяльнага жыцця, у тым ліку з пункту гледжання аказання знешняга ціску. Важна захаваць баланс», — адзначыў Руслан Касыгін.
Таксама эксперты выказалі меркаванні на тэму, што важней для беларускай культуры — захаванне традыцый або падтрымка сучасных кірункаў. «Трэба спалучаць. Калі мы залішне захапляемся толькі народнымі традыцыямі або класікай, можам загубіць маладыя парасткі», — лічыць Вадзім Гігін.
Акрамя таго, эксперты абмеркавалі, што перашкаджае развіццю малога і сярэдняга бізнесу, як выбудоўваць адносіны з краінамі-суседкамі, ці трэба стымуляваць вяртанне беларусаў, якія з’ехалі за мяжу, якая форма дзяржаўнага ладу найбольш падыходзіць для Беларусі і інш.
Узнімалася і пытанне бяспекі. Руслан Касыгін адзначыў, што глабальныя супярэчнасці перайшлі практычна ў крытычную фазу, пераступіць праз якую — значыць, падысці да катастрофы. «Як не раз казаў кіраўнік дзяржавы, у выпадку агрэсіі наш адказ будзе жорсткім, імгненным, шкода — непрымальнай», — сказаў ён.
Акцыя «Беларусь адзіная» прымеркавана да Дня народнага адзінства. Сустрэчы з экспертамі пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны.