Top.Mail.Ru
143

Прынцып «рабі, як я» — у дзеянні

На палігоне пад Баранавічамі прайшлі кантрольныя заняткі па прадметах баявой і прафесійна-службовай падрыхтоўкі з камандзірамі механізаваных брыгад Заходняга і Паўночна-Заходняга аператыўных камандаванняў, а таксама дэсантных брыгад сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл.




Камандзіры здавалі нарматывы па ваджэнни танка Т-72Б, БМП-2, БТР-80 і БТР-82А, стральбе з іх, а таксама выконвалі розныя практыкаванні са стралковай зброяй.

Камісія галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных Сіл адзначыла ўпэўненыя навыкі афіцэраў.

— Камандзіры любой катэгорыі, няхай гэта будзе камандзір роты, батальёна ці брыгады, павінны ўмець ужываць наяўнае ўзбраенне, ваенную і спецыяльную тэхніку, — увёў у курс справы намеснік начальніка ўпраўлення галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных Сіл палкоўнік Андрэй ЖУК. — Мэтамі кантрольных заняткаў з’яўлялася праверка рэальнай практычнай вывучкі камандзіраў механізаваных і дэсантных злучэнняў нашых Узброеных Сіл. Хочацца адзначыць упэўненыя навыкі афіцэраў, асабліва ў адпрацоўцы нарматываў па агнявой і тактычнай падрыхтоўцы, а таксама ваджэнні баявых машын. Камандзіры ў войсках з’яўляюцца носьбітамі ведаў і досведу. Зыходзячы з гэтага, важна, каб была пераемнасць падрыхтоўкі афіцэраў малодшага звяна. Таму камандзіры, як вайскоўцы з багатым службовым досведам, павінны ўмець метадычна і прафесійна перадаваць сваё майстэрства. Гэта не толькі выклікае ўпэўненасць, але і адкрывае новыя гарызонты для далейшага ўдасканалення. Паказчыкі камандзіраў таксама адлюстроўваюць агульны ўзровень падрыхтоўкі даручанай ім вайсковай часці. Гэта сведчыць аб тым, што яны эфектыўна кіруюць падпарадкаваным асабовым складам і дакладна прымаюць рашэнні ў складаных сітуацыях.

... Вянцом кантрольных заняткаў стала баявая стральба з узбраення баявых машын. Камандзіры злучэнняў выконвалі практыкаванні кантрольных стрэльбаў з узбраення танка Т-72Б, БМП-2, БТР-80 і БТР-82А.

Сапраўдны майстар-клас па ваджэнні баявых машын пяхоты прадэманстраваў на гэтым кантрольным занятку камандзір 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады гвардыі палкоўнік Сяргей ШЫЛІН. З дзіцячых гадоў яму падабалася ўсё, што звязана з арміяй. Пасля заканчэння пятага класа Сяргей паступіў у Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча. Менавіта тады ў яго і былі закладзены якасці, неабходныя сапраўднаму камандзіру: цвёрдасць характару, сумленнасць, сабранасць, дысцыплінаванасць, стараннасць, уменне трымаць слова, адказваць за свае ўчынкі, шанаваць час і сапраўднае мужчынскае сяброўства.

Дзе б ні праходзіў службу афіцэр Шылін, ён заўсёды актыўна пераймаў досвед у сваіх камандзіраў і дзяліўся ім з падначаленымі. У 2023 годзе механізаваная брыгада са Слоніма, якую ўзначальвае Сяргей Уладзіміравіч, падвергнулася маштабнай праверцы Дзяржаўным сакратарыятам Савета бяспекі. Злучэнне і яго камандзір атрымалі каласальны досвед.

— Каб паспяхова навучаць асабовы склад, неабходна самому валодаць моцнымі ведамі і ўменнямі, а таксама падтрымліваць сваю падрыхтоўку на высокім узроўні, — расказаў гвардыі палкоўнік Сяргей Шылін. — Кантрольныя заняткі ўяўляюць сабой выдатную магчымасць ацаніць уласныя навыкі, а таксама ўбачыць, як працуюць астатнія камандзіры не толькі механізаваных, але і дэсантных брыгад. Гэта дае магчымасць абмяняцца вопытам і запазычыць нешта новае для сябе. 

Для камандзіраў батальёнаў 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады прыкладам пры выкананні практыкавання кантрольных стрэльбаў з узбраення БМП-2 можна смела назваць камандзіра злучэння гвардыі палкоўніка Ігара ГЕГЕЛЬСКАГА. Трапным агнём Ігар Мікалаевіч уразіў усе мішэні, тым самым выканаўшы практыкаванне на адзнаку «выдатна».

Трэніроўкі войскаў выйшлі за межы звыклых навучальных пляцовак і палігонаў. Ваеннаслужачыя асвойваюць дзеянні ў вузлах супраціўлення і на ўчастках мясцовасці, выконваюць задачы па ўзмацненні ўчасткаў Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь. Штодзённай справай для беларускай арміі сталі раптоўныя праверкі. Усе падраздзяленні і воінскія часці стараюцца паказаць максімум. А за вынікамі стаіць карпатлівая праца камандзіраў іх падпарадкаванага асабовага складу.

Камандзір паказвае асабістым прыкладам, што ён не толькі аддае загад, але і сам гатовы выканаць тыя ж дзеянні, што і яго падначаленыя. Гэта важны аспект лідарства, які садзейнічае ўмацаванню дысцыпліны і павышэнню баявога духу. Такіх жыццёвых прынцыпаў прытрымліваецца камандзір 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады, гвардыі палкоўнік Валерый БУЛЫГА. Афіцэр прайшоў шлях ад камандзіра ўзвода да камандзіра брыгады ў злучэннях і воінскіх часцях сіл спецыяльных аперацый і кожны раз асабістым прыкладам дэманстраваў прыхільнасць да свайго жыццёвага крэда.

— Выкананне практыкаванняў кантрольных стрэльбаў як з узбраення бронетранспарцёра, так і са стралковай зброі, — гэта тыя практыкаванні, якія заўсёды здаюць камандзіры адпаведных падраздзяленняў, у тым ліку і я, як камандзір дэсантна-штурмавой брыгады, — адзначыў Валерый Булыга. — Гэта для нас абсалютна не новае. У ходзе цяперашняга кантрольнага зрэзу я і мае калегі з іншых злучэнняў паказваем толькі добрыя і выдатныя вынікі. Якую б пасаду ні займаў афіцэр, яму не трэба цурацца таго ўзбраення, якое ёсць у яго ў вайсковай часці. Кожны з нас павінен добра яго ведаць і ўмець правільна, а галоўнае, эфектыўна прымяняць. У бой з гэтым узбраеннем і гэтай ваеннай тэхнікай ідзе наш падпарадкаваны асабовы склад, які перш за ўсё павінен быць навучаны эфектыўнаму прымяненню. Калі камандзір не ведае гэтага і сам не ўмее якасна выконваць практыкаванні стральбы, якія яму прадпісаны менавіта з гэтага віду зброі, то чаму ён навучыць свой падпарадкаваны асабовы склад?!

Вось так з максімальнай эфектыўнасцю ва Узброеных Сілах рэалізуецца прынцып «рабі, як я» ў навучанні і выхаванні асабовага складу. 

Алег НЯКАЛА

Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю