Top.Mail.Ru

Прынцыпы выкладання кандыдата гістарычных навук

Навуковец, настаўнік, аратар

Напярэдадні Дня настаўніка пагутарылі з гродзенскім гісторыкам, дацэнтам ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандрам ГОРНЫМ. Атрымалася шчырая размова пра тое, як захапіць сучасную моладзь, чаму кожная лекцыя патрабуе акцёрскага майстэрства і як лічбавая эпоха змяняе вышэйшую школу.

Не сухая лекцыя, а дыялог

Выкладчыцкую і акадэмічную кар’еру Аляксандр Горны планаваў свядома, яшчэ будучы студэнтам. Менавіта тады ён цвёрда вырашыў звязаць сваё жыццё з даследчыцкай дзейнасцю. Прапаноў наконт месц працы пасля заканчэння навучання было шмат, у тым ліку і ў сталіцы, аднак малады навуковец абраў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Дарэчы, Аляксандр Сяргеевіч выкладаў і ў мяне, калі я навучалася ў магістратуры.

— Гэта мой родны і блізкі мне ўніверсітэт, я тут вучыўся, — прызнаецца ён. — Тут выкладалі людзі, якія сталі для мяне сапраўднымі настаўнікамі. 

На ўласным прыкладзе яны паказалі, як можна рэалізаваць сябе як навукоўца і выкладчыка.

Для гісторыка выкладчыцкая дзейнасць — гэта не проста праца, а магчымасць пастаяннага дыялогу з моладдзю. Спалучэнне працы даследчыка і педагога Аляксандр Горны лічыць вялікай і ганаровай справай. Працаваць у школе, як прызнаецца ён сам, яму было б цяжка: школьная праграма патрабуе больш папулярнага выкладання, у той час як універсітэт дае прастору для глыбокіх акадэмічных ведаў.

На пытанне, каго можна назваць класным прафесіяналам у вышэйшай школе і ў чым яго сакрэт, выкладчык адказвае, што лектар заўсёды павінен прыходзіць у аўдыторыю са свежай і ўнікальнай фактурай. Але мала проста валодаць інфармацыяй — трэба ўмець яе падаць.


— Лекцыя не павінна быць сухім чытаннем з ліста. Гэта сумесныя разважанні, міміка, жэстыкуляцыя і, галоўнае, бесперапынны жывы кантакт з аўдыторыяй. Ёсць выкладчыкі, якія проста адчытваюць матэрыял і сыходзяць. Я так не ўмею і не магу. Для мяне важна бачыць вочы студэнтаў, адчуваць эмоцыі. Трэба нават крыху быць акцёрам і аратарам.

Такі падыход патрабуе каласальных унутраных рэсурсаў. Пасля кожнай сустрэчы са студэнтамі Аляксандр Горны адчувае эмацыянальную стомленасць. Але, паглядзеўшы ў зацікаўленыя вочы аўдыторыі, разумее: яно таго варта.

Накіраваць у стваральнае рэчышча

Што ж з’яўляецца самым любімым у працы для чалавека, які кожны дзень аддае столькі сіл студэнтам? Што дапамагае аднавіць унутраны рэсурс?

— Мне вельмі падабаецца, калі студэнты выходзяць з лекцыі неабыякавымі. Калі яны пачынаюць задаваць пытанні, спрачацца, задумвацца. Калі яны ідуць далей па вуліцы і працягваюць абмяркоўваць пачутае — вось тады для мяне гэта знак, што заняткі прайшлі паспяхова.

Сёння часта можна пачуць скептычныя меркаванні пра тое, што сучасная моладзь нібыта «не такая», што яна цалкам пагружана ў тэлефоны. Аднак гродзенскі гісторык катэгарычна не згодны з такім песімізмам. На яго думку, кожнае пакаленне прыносіць нешта сваё, новае, і гэта абсалютна натуральна.

— Наша сённяшняя беларуская моладзь — выдатная, вельмі мэтанакіраваная. У іх ёсць свае куміры, свае арыенціры і захапленні. І задача выкладчыка — абудзіць гэту зацікаўленасць, пашырыць яе і накіраваць у пазітыўнае, стваральнае рэчышча.

Аляксандр Горны падкрэслівае: нягледзячы на сур’ёзныя выклікі часу — гаджэты і штучны інтэлект — роля педагога нікуды не знікае і не знікне. Выкладчык заўсёды будзе заставацца для моладзі аўтарытэтам і маральным арыенцірам.

Здавалася б, дзесяць гадоў — не такі вялікі адрэзак часу для гісторыі. Аднак у сферы вышэйшай адукацыі за гэты перыяд змянілася вельмі шмат. Калі параўнаць тое, як выкладалі раней, і як трэба выкладаць цяпер, розніца адчувальная.

— Змянілася многае. Сёння ўжо вельмі цяжка прыйсці ў аўдыторыю без прэзентацыі ці нейкага іншага візуальнага матэрыялу. Калі я сам быў студэнтам, значная колькасць выкладчыкаў проста чытала лекцыю. Сёння ж выкарыстанне медыятэхналогій — норма, — лічыць Аляксандр Сяргеевіч.

Прагрэс не стаіць на месцы, і сучасныя выкладчыкі і студэнты прыўносяць у навучальны працэс новыя падыходы, у тым ліку элементы штучнага інтэлекту. Навука і адукацыя павінны развівацца і прымаць новае, упэўнены мой суразмоўца.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота з архіва Аляксандра ГОРНАГА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю