Top.Mail.Ru
68

Прыпыначны пункт дэманціруюць з-за незапатрабаванасці. А што будзе з яго арыгінальным мазаічным афармленнем?

Дарожная «фішка» на сметнік не пойдзе

Лёс аўтобуснага прыпынку ў напрамку вёскі Галоўкі Рэчыцкага раёна зацікавіў карыстальнікаў сацсетак. Павільён савецкіх часоў аформлены мазаічнымі пано. Падставай для хвалявання за дарожны аб’ект стала маштабная рэканструкцыя трасы, на якой размешчаны прыпынак.

«Гэта адзін з самых каштоўных», — даюць сваю ацэнку павільёну карыстальнікі сацсетак. Гаворыцца, што нібыта рыхтуюцца дакументы, каб надаць яму статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Калі не атрымаецца, спадзяюцца аўтары роліка, то, магчыма, удасца хоць бы захаваць само пано. Як адзначаецца ў відэа, дзясяткі людзей падтрымалі ідэю захаваць гэты прыпынак, але ў каментарыях (іх крыху больш трыццаці) тэма абмяркоўвацца не вельмі актыўна.

Затое вычарпальны каментарый па гэтым дарожным прыпынку, як і па шэрагу іншых падобных прыпыначных павільёнаў у гэтым раёне, карэспандэнту «Звязды» даў генеральны дырэктар РУП «Гомельаўтадар» Дзяніс Ясько. Як растлумачыў кіраўнік, павільён «Галоўкі» ў Рэчыцкім раёне, які не з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, сапраўды плануецца дэманціраваць падчас работ ІІ чаргі праекта рэканструкцыі аўтадарогі М-10. Тэрміны правядзення гэтага маштабнага блока работ — верасень 2026–2028 гадоў.

— У напрамку руху, дзе цяпер размешчаны прыпыначны павільён «Галоўкі», у рамках рэканструкцыі трасы М-10 будзе праходзіць двухпалосная дарога. А павільён трапляе ва ўчастак рэканструкцыі дарожнага палатна, — звярнуў увагу гендырэктар.

Ён падкрэсліў, што згодна з праектам на гэтым участку прыпыначны пункт у далейшым увогуле не прадугледжаны, бо ад яго да найбліжэйшага населенага пункта, вёскі Галоўкі, каля 6 кіламетраў. Рэйсавы транспарт забірае пасажыраў непасрэдна з населенага пункта, а не на трасе.

Што да самога збудавання савецкага часу, як звярнуў увагу кіраўнік, то тут мазаічнае палатно (яго ацалелыя фрагменты) прыклеена наўпрост на складзеную з чырвонай цэглы сцяну павільёна. Накрыты прыпынак чатырма жалезабетоннымі плітамі. Па стане гэтага прыпынку ў прадпрыемства дарожнай гаспадаркі былі пытанні ўжо на працягу некалькіх гадоў. Каб збудаванне адпавядала патрабаванням бяспекі, яго падтрымлівалі ў здавальняючым стане. Але тэхнічна па сваім прамым прызначэнні павільён адназначна сябе зжыў.

Дарожнае прадпрыемства ўжо дало пісьмовы адказ на электронны зварот па гэтым і шэрагу іншых павільёнаў савецкага часу — актыўны грамадзянін папрасіў удакладніць тэрміны дэмантажу старых павільёнаў у сувязі з рэканструкцыяй трасы, пацікавіўся, ці ёсць магчымасць захаваць элементы малюнка.

— Мы накіравалі пісьмовы адказ з тлумачэннямі, звязаліся з адрасатам звароту асабіста і дамовіліся аб выездзе на месца, дзе размешчаны павільён «Галоўкі». Прапанавана сваімі сіламі зняць мазаіку, таму сустрэнемся папярэдне, каб заяўнік пераканаўся асабіста, ці зможа ён зняць элементы мазаічнага пано, — удакладніў Дзяніс Ясько.

Дэмантаж павільёнаў згодна з праектам рэканструкцыі дарогі будуць выконваць падрадныя арганізацыі. Аб канкрэтных тэрмінах работ пакуль размова не ідзе.

  • Як дадаў кіраўнік «Гомельаўтадар», у дарожных службаў няма намеру ўтылізаваць дэкор прыпыначнага павільёна ў Рэчыцкім раёне, які трапляе ва ўчастак рэканструкцыі дарожнага палатна трасы М-10. Прадпрыемствам будуць прапрацаваны ўсе магчымыя рашэнні, як забяспечыць захавальнасць мазаікі пры дэмантажы прыпынку. Але галоўнае,каб грамадзяне, якія зацікавіліся гэтым дэкорам, таксама былі паслядоўнымі і адказнымі ў сваіх дзеяннях.

Між тым траса М-10 — граніца Расійскай Федэрацыі (Селішча) — Гомель — Кобрын, што злучае райцэнтры на тэрыторыі Гомельскай і Брэсцкай абласцей, цяпер перажывае вельмі маштабную рэканструкцыю. Транспартная артэрыя працягласцю больш як 500 кіламетраў забяспечвае бесперабойны рух на важнейшым кірунку.

Праект рэканструкцыі дарогі падзелены на пяць чэргаў. 

У выніку траса пашырыцца да чатырох палос. Будуць узведзены транспартныя развязкі, падземныя пешаходныя пераходы. Цяпер на гэтым кірунку дарогі ў актыўнай фазе знаходзіцца і рамонт правай часткі моста праз Дняпро ў Рэчыцкім раёне.

— Рэканструкцыя трасы М-10 — звышважны праект як для вобласці, так і для краіны ў цэлым і адзін з самых маштабных праектаў дарожнага будаўніцтва. У яго рэалізацыі ўдзельнічаюць дарожна-будаўнічы трэст, мостабудаўнікі і іншыя сумежныя падрадчыкі, таму гэта вельмі сістэмны і дакладна спланаваны праект. Яго задача — максімальна ўдасканаліць трасу і значна павялічыць яе прапускную здольнасць, — рэзюмаваў генеральны дырэктар РУП «Гомельаўтадар».

Наталля КАПРЫЛЕНКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю