Прышчапіцца ад кляшчовага энцэфаліту можна і летам, але ў перыяд выпрацоўкі антыцел чалавек застаецца ўразлівым. Аптымальны графік першаснай вакцынацыі патрабуе планавання загадзя, паведаміла агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на прэс-службу Міністэрства аховы здароўя.
У ведамстве растлумачылі, што першую дозу вакцыны ад кляшчовага энцэфаліту ставяць восенню, другую — зімой ці вясной. Імунітэт паспявае сфарміравацца, калі апошнюю прышчэпку зрабілі не пазней чым за два тыдні да пачатку сезона актыўнасці кляшчоў або паездкі ў небяспечны рэгіён.
Нават поўны курс вакцынацыі не дае стапрацэнтнай гарантыі і не адмяняе мер засцярогі.
У Міністэрстве аховы здароўя нагадалі, што пік актыўнасці кляшчоў прыпадае на май і чэрвень. Яны хаваюцца ў траве і на невысокіх кустах, чапляюцца за вопратку на ўзроўні галёнкі або сцягна.
Паразіты з’яўляюцца пераносчыкамі цэлага шэрагу цяжкіх інфекцый: Лайм-барэліёзу, кляшчовага энцэфаліту, эрліхіёзу і анаплазмозу.
Каб абараніць сябе ад укусаў, рэкамендуецца выбіраць вопратку светлых тонаў, максімальна закрываць цела, гуляць па дарожках у парках і не ляжаць на траве. Малых лепш пераносіць на руках або везці ў калясцы. Падчас і пасля прагулкі трэба аглядаць сябе, дзяцей і хатніх гадаванцаў, а таксама выкарыстоўваць рэпеленты.
Калі клешч прысмактаўся, не спрабуйце выдаліць яго самастойна. Варта як мага хутчэй звярнуцца ў бліжэйшую медыцынскую ўстанову.