Top.Mail.Ru

Прышчэпка для кветкавых: што гэта і якім раслінам патрэбна?

У спіс спраў пры вырошчванні кветкавых культур уваходзіць прышчыпка (пінцыроўка). Што гэта за працэдура, якім раслінам патрэбна абавязкова, а якім — па жаданні, калі яе лепш праводзіць? 


Крыху тэорыі

Прышчыпка — гэта выдаленне пункта росту, то-бок вяршка цэнтральнага сцябла расліны, што спрыяе абуджэнню спячых пупышак і развіццю бакавых парасткаў.

Для правядзення пінцыроўкі існуе дзве галоўныя падставы:

  • фарміраванне акуратнага знешняга выгляду куста;
  • больш багатае цвіценне ў дэкаратыўных культур і павышэнне ўраджаю ў агароднінных за кошт павелічэння колькасці атожылкаў.
Без выдалення верхняга пункта росту многія расліны будуць развівацца ў адзін-тры сцяблы і замест акуратнага кампактнага кусціка ў дарослым узросце стануць падобныя на доўгую «палку» з адзіночнай кветкай на верхавіне. Своечасовае прышчыпванне дазваляе гэтага пазбегнуць і атрымаць максімум ад кветкавых культур. Акрамя карысці для развіцця і павышэння дэкаратыўнасці раслін, адразанне верхавін дае кветкаводу дадатковую выгаду — абрэзаныя часткі парасткаў у большасці выпадкаў можна выкарыстоўваць у якасці чаранкоў для размнажэння.

Прышчыпваем аднагадовыя...

Пачынаць прышчыпваць аднагадоўкі неабходна яшчэ на стадыі расады, асабліва важна гэта для культур, якія высейваюць у раннія тэрміны — у канцы зімы або ў першыя вясновыя месяцы. Без своечасовай пінцыроўкі (і ва ўмовах недахопу святла) расліны выцягваюцца, сцёблы становяцца тонкімі, кволымі і ў рэшце рэшт палягаюць пад уласнай вагой. Таму рэкамендуецца прышчыпваць расаду агератуму, алісуму, аксамітак, гваздзікоў кітайскіх, гадэцыі, колеусу, лабеліі, ільвінага зеву, пятуніі і іншых.

У многіх з пералічаных аднагадовак апошнім часам выведзены нізкарослыя сарты і гібрыды — у такіх выпадках прышчыпка не абавязковая, але ўсё роўна можа выкарыстоўвацца як спосаб фарміравання патрэбнай вам формы куста. А вось раслінам буйнарослых сартоў пінцыроўка вельмі неабходная, яна дапамагае стрымліваць рост і рэгуляваць цвіценне.

...шматгадовыя

Пры вырошчванні шматгадовых кветкавых культур прышчыпванне таксама мае немалое значэнне і можа праводзіцца аднаразова або ў некалькі этапаў. Сярод такіх раслін: астры шматгадовыя, бальзамін, вяргіні, кляома, касмея, пеларгонія, куставыя ружы, хрызантэмы. У большасці шматгадовых прышчыпку робяць у маладым узросце, калі фарміруецца кусцік, — гэта дазваляе атрымаць кампактную, невысокую, добра разгалінаваную расліну, якая дасць бутоны і суквецці на кожным сцябле. Далей атожылкі, што адрастаюць, можна прышчыпваць, калі яны занадта выцягваюцца або парушаюць задуманую форму куста. Што датычыцца хрызантэм, то прышчыпка для іх — неабходная працэдура, якую праводзяць у самым пачатку актыўнага росту альбо адразу пасля перасадкі расады ў адкрыты грунт. У далейшым спосаб фарміравання залежыць ад віду: дробнакветкавыя прышчыпваюць паўторна пасля адрастання 2-4-х парасткаў, а ў буйнакветкавых відаў рэкамендуецца выдаліць цэнтральную верхавіну ў тым выпадку, калі трэба атрымаць не адну, а некалькі кветак на кожнай расліне.

...кучаравыя ліяны

На дачных участках можна сустрэць велізарнае мноства раслін, якія плятуцца. Імі ўпрыгожваюць аркі і пергалы, дэкарыруюць непрывабныя платы і сценкі гаспадарчых пабудоў. Сярод іх ёсць аднагадовыя і шматгадовыя культуры, а таксама тыя, якія ў сярэдняй паласе вырошчваюць у якасці адналетак: бугенвілея, духмяны гарошак, бружмель, іпамея, клемаціс, кабея, лімоннік кітайскі, настурка, пляцістыя ружы.

У большасці ліян сцёблы ў кароткія тэрміны здольны вырастаць ад 3-4 да 12 метраў, заплятаючы сабой апоры і навесы. Каб такая жывая агароджа атрымалася яшчэ больш пышнай і прыгожай, галоўныя парасткі ліян прышчыпваюць — гэта дапамагае стымуляваць галінаванне і хутка нарошчваць зялёную масу. Нягледзячы на ўяўную прастату працэдуры прышчыпвання, нельга недаацэньваць яе важнасць для фарміравання здаровых, а галоўнае — прыгожых галінастых з пышнай квеценню кусцікаў амаль любой кветкавай культуры.

Вядучая рубрыкі Марына ВЯРЭНІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю