Top.Mail.Ru

«Прысуд канчатковы!» — на апошнім пасяджэнні Мінскага судовага працэсу 80 гадоў таму прыгаварылі да пакарання фашысцкіх злачынцаў

Пра гэта расказвае часовая экспазіцыя «Прыгавор гісторыі» ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 


Дату яе адкрыцця — 29 студзеня — выбралі невыпадкова: менавіта ў гэты дзень у 1946 годзе быў вынесены канчатковы прысуд нямецка-фашысцкім злачынцам, што чынілі зло на беларускай зямлі. Выстаўка стала своеасаблівым працягам мерапрыемстваў, прысвечаных гучным судовым працэсам над фашыстамі, у снежні мінулага года нагадалі пра Нюрнбергскі працэс. 


Мінскі судовы працэс — адзін з тых, што ішлі на тэрыторыі Беларусі ў пасляваенны час. Гэта тая падзея, якая нагадвае: ніякае злачынства, здзейсненае супраць чалавечнасці, не застанецца без пакарання. Выстаўка нагадвае, што дабро перамагае зло, адзначыла Рыма Рум, намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны па навуковай рабоце. У экспазіцыі — унікальныя прадметы, што захоўваюцца ў фондах музея, а гэта больш за 90 фотаздымкаў, дакументаў. Яшчэ адзін архіўны дакумент, прадстаўлены на выстаўцы, — фільм «Суд народа», падрыхтаваны Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў. Яго дырэктар Андрэй Ганчар падкрэсліў: 


— Гэта не проста выстаўка, а даніна справядлівасці. Мы згадваем пра ахвяр беларускага народа ў страшныя гады Вялікай Айчыннай вайны. Для выстаўкі наш архіў прадставіў фільм «Суд народа», у якім задакументаваны судовы працэс, што адбываўся ў пачатку 1946 года ў Доме афіцэраў у Мінску. Можна многа гаварыць, чытаць, вывучаць дакументы, але калі глядзіш кадры кінахронікі, што зафіксавалі спакойныя твары злачынцаў і паказанні сведкаў, якія расказваюць страшныя рэчы, адчуваеш, наколькі гэта было цяжка. Хачу падкрэсліць, што наш архіў адзіны ў краіне спецыялізуецца на захоўванні аўдыявізуальных дакументаў. З іх вялікая частка прысвечана не толькі Вялікай Айчыннай вайне, але і гісторыі Беларусі. Мінскаму судоваму працэсу прысвечаны фільм, а таксама каля 150 фотадакументаў. Архіўная галіна вялікую ўвагу надае тым падзеям, якія адбываліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасля яе, таму, як дзяржава імкнулася пакараць злачынцаў. 

Цяпер Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь рэалізуе праект па падрыхтоўцы да выдання зборніка, прысвечанага Мінскаму працэсу. Ён будзе ўтрымліваць дакументы, што захоўваюць памяць пра падзеі, якія адбываліся ў гэтыя дні 80 гадоў таму. 


— У студзені 1946-га ў разбураным Мінску быў праведзены акт правасуддзя. Яго параўноўваюць часам з Нюрнбергскім працэсам. Але наш Мінскі працэс мае адрозненне, — патлумачыла Аліна Верамейчык, намеснік дэкана гістарычнага факультэта БДУ па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, дацэнт, кандыдат гістарычных навук. — Нюрнбергскі працэс судзіў вярхушку Рэйха. Гэта тыя людзі, якія працавалі з дакументамі, картамі, аддавалі загады. Мінскі судовы працэс быў першым, што адбываўся блізка ад попелу спаленых вёсак, якія былі на нашай тэрыторыі. Судзілі людзей, якія былі палявымі камандзірамі, генераламі, непасрэднымі выканаўцамі загадаў. Гэта быў першы працэс у сусветнай практыцы, які паказаў, што не толькі СС-аўцы ўдзельнічалі ў карных аперацыях, але і прадстаўнікі ўсіх родаў войск. Гэта быў першы працэс, які паказаў вяршыню савецкага правасуддзя. Уявіце: халодны Мінск, дзе практычна кожная сям’я страціла сваіх блізкіх. А савецкае правасуддзе прадаставіла адвакатаў усім 18-і падсудным... 

Толькі ў адрозненне ад адвакатаў на Нюрнбергскім працэсе, у Мінску імкнуліся не столькі абараняць падсудных, колькі ўстанавіць ступень віны. Для гэтага збіралася доказная база, якая пасля была абнародавана. Яе збірала Надзвычайная Дзяржаўная Камісія Савецкага Саюза па ўстанаўленні маштабу злачынстваў нацыстаў на акупаваных тэрыторыях краіны. Былі створаны рэспубліканскія, абласныя камісіі, іх удзельнікамі станавіліся людзі, якім не трэба было расказваць пра фашызм, яны змагаліся з ім са зброяй у руках. Куратар выстаўкі Максім Дуброў расказаў пра протаіерэя Аляксандра Раманушку, удзельніка партызанскага руху на тэарыторыі Пінскай вобласці, святара пры штабе Пінскага партызанскага злучэння. У вітрыне — дакументы, якія сведчаць, што ён быў сябрам Пінскай абласной Надзвычайнай Дзяржаўнай Камісіі, яго накіравалі на тэрыторыю Драгічынскага і Іванаўскага раёнаў — малой радзімы, дзе ён усю вайну працягваў весці царкоўнапрыходскую дзейнасць, агітаваў мясцовае насельніцтва. Вядомы выпадак, як атрады паліцаяў пераходзілі на бок партызан пасля пропаведзяў святара. 


Мінская абласная камісія займалася раследаваннем злачынстваў у горадзе Мінску і ў ваколіцах, у тым ліку ў лагерах смерці. Менавіта яна пацвердзіла знішчэнне ў Трасцянцы 206 500 чалавек. Гэта лічба была актуальная да нядаўняга часу. Старшынёй Мінскай камісіі быў Герой СССР генерал-маёр Васіль Казлоў. 29 студзеня завяршыліся выступленні абароны, прагучалі апошнія словы падсудных, суддзі сышлі ў асобны пакой для вынясення прысуду. Вердыкт быў вынесены апоўначы на 30 студзеня. 14 падсудных былі прыгавораны да смяротнага пакарання, яшчэ 4 — да розных тэрмінаў высылкі на катаржныя работы. На мінскім іпадроме 14 фашыстаў знайшлі сваю смерць на шыбеніцах, каля кожнай з іх былі пазначаны імёны злачынцаў, на сумленні якіх жыцці тысяч мірных грамадзян. 

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю