Top.Mail.Ru

Прыватныя прадпрыемствы Кітая нарошчваюць экспарт высокатэхналагічнай прадукцыі

Аб’ём паставак перавысіў 10 трлн. юаняў

Кітайскія прыватныя кампаніі імкліва нарошчваюць пастаўкі высокатэхналагічнай прадукцыі на сусветныя рынкі, ператварыўшыся з вытворцаў «танных тавараў» у экспарцёраў перадавых тэхналогій, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн» .

Паводле даных Галоўнага мытнага ўпраўлення Кітая, сёлета са студзеня па май агульны аб’ём імпарту і экспарту прыватных прадпрыемстваў склаў 10,25 трлн. юаняў, павялічыўшыся на 7%. Прыватныя кампаніі не толькі сталі ключавой рухаючай сілай знешняга гандлю Кітая, але і занялі вядучыя пазіцыі ў экспарце высокатэхналагічнай прадукцыі. У першым квартале гэтага года сукупны аб’ём гандлю такімі таварамі перавысіў 1 трлн. юаняў, дасягнуўшы рэкорднага ўзроўню. За пяць месяцаў экспарт прамысловых робатаў Кітая вырас на 55,4%, а асноўнымі вытворцамі выступілі менавіта прыватныя прадпрыемствы.

Яны пастаўляюць усё больш высокатэхналагічнай прадукцыі на міжнародныя рынкі. Напрыклад, кампанія Shandong Lingong Construction Machinery (правінцыя Шаньдун, Усходні Кітай), высокатэхналагічнае прадпрыемства ў сферы будаўнічай тэхнікі, экспартуе прадукцыю ў больш чым 140 краін і рэгіёнаў свету. За пяць месяцаў гэтага года знешнегандлёвы абарот кампаніі дасягнуў 1,57 млрд. юаняў, павялічыўшыся на 15% у гадавым вылічэнні.

Кампанія Segway-Ninebot выпускае адзін электрасамакат кожныя 30 секунд. За першыя пяць месяцаў гэтага года падраздзяленне кампаніі ў горадзе Чанчжоу (правінцыя Цзянсу, Усходні Кітай) павялічыла аб’ёмы экспарту на 77% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Ад электрасамакатаў і двухколавых электраскутараў да марской інжынернай тэхнікі і абсталявання для ветраэнергетыкі — прыватныя кампаніі паступова адыходзяць ад простай апрацоўкі і стратэгіі прыцягнення кліентаў за кошт нізкіх цэн. На змену прыходзіць экспарт высокатэхналагічнай прадукцыі, якая становіцца новым пунктам росту на знешніх рынках. Такмі чынам, па меркаванні экспертаў, адбываецца пераход кітайскіх прыватных прадпрыемстваў ад экстэнсіўнай да інавацыйнай мадэлі развіцця.

Падчас пашырэння замежнай прысутнасці многія прыватныя кампаніі Кітая актыўна павялічваюць выдаткі на даследаванні і распрацоўкі, а таксама будуюць фабрыкі і склады за мяжой.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю