Генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава адзначыла, што ў Беларусь прывозяць пастаноўкі, якіх няма ў афішы нашага тэатра. Для гледачоў гэта магчымасць пазнаёміцца з новымі творамі, і прыхільнікі тэатра ахвотна карыстаюцца ёю, пра што сведчыць цікавасць да паказаў 8 і 9 ліпеня. Улічвала гэты момант пры планаванні гастроляў і кіраўніцтва Чалябінскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя Міхаіла Глінкі. Яго дырэктар Уладзімір Дасаеў паведаміў, што балет «Мата Хары» наогул больш нідзе не ідзе, акрамя Чалябінска. «Раймонда» — балет канца ХІХ стагоддзя, кампазітар Аляксандр Глазуноў стварыў яго паводле лібрэта Марыуса Пеціпа.
«Раймонда» — адзін з самых складаных класічных спектакляў, дзе выканаўцы галоўных партый павінны паказаць найвышэйшы ўзровень майстэрства. Харэограф-пастаноўшчык Юрый Кляўцоў ускладніў партыі галоўных герояў (у прыватнасці Жана дэ Брыена і Абдэрахмана) тэхнічнымі элементамі. «Балерына павінна выканаць сем варыяцый. Гэты спектакль лічыцца найвышэйшым «пілатажам». Элегантнасць, тонкасць і дакладнасць ліній — гэта ўсё пра «Раймонду», — падкрэсліла Дар’я Дземчанка, выканаўца галоўнай партыі, салістка балета чалябінскага тэатра. Беларуская публіка высока ацаніла ўзровень артыстаў балета з Чалябінска, якія ўвасобілі высокія пачуцці, гарачыя жарсці прэтэндэнта на руку Раймонды і яго смерць, шчаслівы фінал. Авацыі — гэта ўзнагарода за ўвасабленне класікі і ўменне яе танцаваць.
Зусім іншы спектакль «Мата Хары», сюжэт якога заснаваны на рэальнай гісторыі вядомай шпіёнкі. Гэта балет (выкарыстоўваецца музыка Жуля Маснэ, Астара П’яцолы, Каміля Сен-Санса, Рыхарда Штрауса і іншых кампазітараў) з элементамі псіхалагічнай драмы і сучаснага балета. Харэограф-пастаноўшчык і аўтар лібрэта Надзея Калініна імкнулася адлюстраваць розныя этапы жыцця галандкі Маргарэты Гертруды Зэле, якая абрала сабе псеўданім Мата Хары: жыццё на востраце Ява, пераезд у Парыж, перыяд Першай сусветнай вайны, вярбоўку і работу двайным агентам, трагічнае каханне і расстрэл. Гэта візуальна насычаная пастаноўка, якая ўключае складаныя відэапраекцыі на шкле. Паказы ў Мінску адбудуцца 10 і 11 ліпеня, аматарам балета варта не прапусціць магчымасць убачыць гэты твор, прэм’ера якога адбылася ўсяго два гады таму.

Гастролі Чалябінскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя Міхаіла Глінкі праходзяць дзякуючы міжурадаваму пагадненню і мемарандуму аб творчым супрацоўніцтве, што былі падпісаны ў 2022 годзе. У мінулым месяцы артысты балета з Мінска прадставілі балеты «Рамэа і Джульета» і «Папялушка» на сцэне ў Чалябінску.
Ларыса ЦІМОШЫК