Даследчыкі, якія назіралі за амаль 85 000 амерыканцамі на працягу двух дзесяцігоддзяў, сцвярджаюць, што ўсяго 15 хвілін хуткай хадзьбы ў дзень звязаны з 20-працэнтным зніжэннем рызыкі смерці па любой прычыне.
Даследаванне апублікавана ў «Амерыканскім часопісе прафілактычнай медыцыны» (The American Journal of Preventive Medicine), яно вызначаецца складам удзельнікаў. У адрозненне ад большасці даследаванняў фізічнай актыўнасці, арыентаваных на людзей сярэдняга класа, у гэтым даследаванні ўдзельнічалі пераважна дарослыя з нізкім даходам. Гэтая група насельніцтва сутыкаецца з больш высокім узроўнем хранічных захворванняў і смяротнасці, але пры гэтым часта ігнаруецца ў даследаваннях у галіне аховы здароўя.
Даследчыкі з Медыцынскага цэнтра ўніверсітэта Вандэрбільта паведамляюць, што нават умераная колькасць хуткай хадзьбы ў дзень можа аказаць істотную дапамогу ў супольнасцях, дзе абанементы ў спартзалу, персанальныя трэнеры і дарагое фітнес-абсталяванне часта не з’яўляюцца рэальнымі варыянтамі.
- «Усяго толькі 15 хвілін хуткай хадзьбы ў дзень былі звязаны са зніжэннем агульнай смяротнасці амаль на 20 %», — пішуць даследчыкі, у той час як «пры штодзённай павольнай хадзьбе працягласцю больш за тры гадзіны было выяўлена зніжэнне смяротнасці толькі на 4 %». Яны таксама даюць адказ на пытанне — што такое «хуткая хадзьба». Гэта — тэмп вашага перамяшчэння з хуткасцю 90–110 крокаў у хвіліну ці 4–5 км/г.
Аўтары даследавання назіралі за 79 856 дарослымі ва ўзросце ад 40 да 79 гадоў з 2002 па 2022 год. Большасць удзельнікаў былі набраны праз грамадскія медыцынскія цэнтры, якія абслугоўваюць малазабяспечанае насельніцтва.
За медыянны перыяд назірання, які склаў 16,7 года, памерлі 26 862 удзельнікі. Аднак у тых, хто хадзіў хуткім крокам усяго 15 хвілін у дзень, паказчыкі смяротнасці былі прыкметна ніжэйшыя, чым у тых, хто наогул не хадзіў хутка.

Большасць папярэдніх даследаванняў, прысвечаных уплыву хадзьбы на здароўе, былі сканцэнтраваны на больш забяспечаным насельніцтве, што стварыла сур’ёзныя прабелы ў разуменні таго, як фізічная актыўнасць уплывае на здароўе найбольш уразлівых супольнасцяў Амерыкі. У іх адзначаўся вышэйшы ўзровень сардэчна-сасудзістых захворванняў, дыябету і заўчаснай смерці, аднак яны на сёння недастаткова прадстаўлены ў даследаваннях, якія маглі б паслужыць асновай для рэкамендацый у галіне грамадскай аховы здароўя.
У даследаванні пад «хуткай хадзьбой» меліся на ўвазе такія віды дзейнасці, як пад'ём па лесвіцы, хуткая хадзьба або фізічныя практыкаванні; па сутнасці, любая хадзьба, якая прымушае сэрца біцца хутчэй. Пад «павольнай хадзьбой» меліся на ўвазе перамяшчэнні па доме, прагулкі з сабакам у павольным тэмпе.
Самым дзіўным адкрыццём даследавання стала істотная розніца паміж хуткай і павольнай хадзьбой. У людзей, якія хадзілі павольна больш за тры гадзіны ў дзень, назіралася толькі сціплае зніжэнне рызыкі смерці — на 4 %, тады як у тых, хто ўдзяляў хуткай хадзьбе ўсяго 15 хвілін, перавагі былі ў пяць разоў вышэйшыя.
Амаль палова ўдзельнікаў даследавання паведамілі, што ўвогуле не займаюцца хуткай хадзьбой у паўсядзённым жыцці, у той час як амаль траціна займаецца павольнай хадзьбой больш за тры гадзіны ў дзень. Многія людзі рухаюцца на працягу дня, але іх актыўнасць можа быць недастатковай для дасягнення максімальнага эфекту для здароўя
Абарончы эфект праяўляўся незалежна ад зыходнага стану здароўя ўдзельнікаў. У людзей з такімі захворваннямі, як дыябет, высокі крывяны ціск ці сардэчна-сасудзістыя захворванні, назіралася нават больш істотнае паніжэнне рызыкі смерці ад хуткай хадзьбы, чым у іх здаравейшых аднагодкаў, хоць карысць атрымалі ўсе.
Перавагі хуткай хадзьбы не залежалі ад іншых відаў практыкаванняў, гэта значыць людзі заўважалі паляпшэнні, нават калі яны не займаліся дадатковымі відамі дзейнасці, такімі як спорт ці трэніроўкі ў трэнажорнай зале.
Абарончы эфект быў найболей выражаны адносна сардэчна-судзістых захворванняў, якія забіраюць больш жыццяў амерыканцаў, чым любая іншая прычына. Удзельнікі даследавання, якія займаліся хуткай хадзьбой, адзначылі значнае зніжэнне смяротнасці ад сардэчна-сасудзістых захворванняў, прычым станоўчы эфект праяўляўся нават пры кароткачасовай хадзьбе.
Хуткая хадзьба павялічвае частату сардэчных скарачэнняў і дастаўку кіслароду да мышцаў, з часам умацоўваючы сардэчна-сасудзістую сістэму. Яна таксама дапамагае кантраляваць вагу і артэрыяльны ціск, памяншаючы запаленне, што з’яўляецца фактарамі, якія спрыяюць больш доўгаму і здароваму жыццю.
Даследчыкі сцвярджаюць, што сардэчна-сасудзістыя захворванні непрапарцыянальна часцей сустракаюцца ў людзей з нізкім даходам, якія склалі большую частку дадзенага даследавання. Гэтая група насельніцтва часта сутыкаецца з перашкодамі для традыцыйных формаў фізічнай актыўнасці: ад небяспечных раёнаў да абмежаванага доступу да месцаў адпачынку і баўлення часу.
Для спецыялістаў аховы здароўя, якія імкнуцца скараціць няроўнасць у ахове здароўя, гэтае даследаванне прапануе дзіўна даступны метад. Хуткая хадзьба не патрабуе спецыяльнага абсталявання, абанемента ў спартзалу або спецыяльнай падрыхтоўкі. Ёю можна займацца практычна дзе заўгодна, у любы час і зусім бясплатна.
15-хвілінны парог асабліва абнадзейвае, паколькі ён лёгка ўпісваецца ў большасць паўсядзённых спраў. Гэта менш, чым многія людзі марнуюць на прагортванне старонак сацсетак або чаканне ў чарзе ў кафэ. Гэта можа быць нешта простае, напрыклад, хуткая прагулка да аўтобуснага прыпынку, пад’ём па лесвіцы замест ліфта ці хуткая хадзьба па раёне.
Даследаванне мела некалькі важных абмежаванняў. Удзельнікі самастойна паведамлялі аб сваіх звычках хадзьбы толькі адзін раз у пачатку даследавання, таму даследчыкі не маглі адсачыць, як узровень актыўнасці мяняўся з цягам часу. Вынікі таксама не змаглі даказаць, што хадзьба напрамую звязана з больш нізкім узроўнем смяротнасці, а толькі паказалі цесную ўзаемасувязь паміж гэтымі двума фактарамі.
Тым не менш, ідэя зразумелая: карысць для здароўя не патрабуе марафонскіх трэніровак або дарагіх фітнес-праграм. Для мільёнаў людзей, асабліва ў супольнасцях, якія найбольш пацярпелі ад хранічных захворванняў, 15 хвілін хуткай хадзьбы ў дзень могуць стаць сапраўдным выратаваннем.