Top.Mail.Ru

Прыём дакументаў у каледжы Мінска прадоўжыцца да 12 жніўня

Уступная кампанія ў самым разгары. Сталічныя каледжы працягваюць прымаць дакументы ад абітурыентаў, паведамілі ў праграме «Сталічныя падрабязнасці» на СТБ.



За апошнія тры гады план набору на спецыяльнасці прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі павялічыўся практычна на тысячу месцаў. У некаторых установах адукацыі складваюцца рэкордна высокія прахадныя балы: дакументы прыносяць алімпіяднікі і медалісты.

Чаму выбар робяць на карысць рабочай спецыяльнасці?

Дакументы ў каледжы нясуць круглыя выдатнікі. Атэстаты практычна ідэальныя: максімальны сярэдні бал — 9,9. Такія паказчыкі ў Мінскім палітэхнічным каледжы. На першы курс тут прымуць 385 чалавек. Адна з топавых спецыяльнасцяў — маркетынгавая дзейнасць. Гэты кірунак абрала і Мілена Астапенка. Дзяўчына ідзе па слядах бацькі.

— Я выбрала маркетынгавую дзейнасць пасля 9 класа, бо мама мне парэкамендавала каледж, а тата — начальнік аддзела маркетынгу. У больш свядомым узросце я паглядзела на тату і ўявіла, як будзе добра і мне працаваць у гэтай сферы, — расказала абітурыентка.

Выпускнікі каледжа на рынку працы літаральна нарасхват. На кожнага маладога спецыяліста прэтэндуюць каля 5 заказчыкаў кадраў. Гэта найбуйнейшыя прадпрыемствы краіны — МТЗ, МАЗ, Інтэграл, банкаўскія і дзяржаўныя структуры.

— У нас ёсць дамовы аб узаемадзеянні амаль з 300 прадпрыемствамі ў Рэспубліцы Беларусь, — расказаў Аляксандр Шацько, дырэктар Мінскага палітэхнічнага каледжа. — Месцаў на сёння хапае, але гэта ўступная кампанія вельмі моцна адрозніваецца ад папярэдніх трох гадоў. Маладыя людзі становяцца больш сур’ёзнымі, прагматычнымі, што не можа не радаваць.

Эканоміка краіны мае патрэбу ў кваліфікаваных кадрах з сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыяй. Каля 60 % вакансій у сталіцы — менавіта па рабочых спецыяльнасцях. Іх папулярнасць сярод моладзі расце. Калі яшчэ 5 гадоў таму ў каледжы паступала каля траціны выпускнікоў 9-х класаў, сёння — кожны другі.

Як паведаміў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі, за апошнія тры гады план прыёму ў мінскія каледжы быў павялічаны на тысячу месцаў:

— І павялічылі якраз па тых прафесіях, спецыяльнасцях, якія найбольш запатрабаваныя сёння на рынку працы і эканомікай горада.

У 2025 годзе плануюць залічыць 38 600 чалавек для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі і 28 тысяч — для прафесійна-тэхнічнай. Каледжы будуць прымаць дакументы на бюджэт да 1 жніўня, на платныя месцы — да 12-га. Гэта датычыцца выпускнікоў школ. Для некаторых катэгорый тэрміны іншыя. Падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце Міністэрства адукацыі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю