З 1 па 30 верасня пройдзе прыём заявак на ўдзел у XIV Рэспубліканскім творчым радыёконкурсе «Маладыя таленты Беларусі», паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі. Новы сезон праекта пройдзе пад знакам 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і 100-годдзя беларускага радыёвяшчання. Заявіць аб сабе ў адным з самых прэстыжных творчых спаборніцтваў змогуць юныя вакалісты і музыканты ва ўзросце ад 10 да 18 гадоў.
Сёлета арганізатары прапануюць канкурсантам прадэманстраваць сваё майстэрства ў 10 намінацыях: «Эстрадны вакал. Салісты», «Эстрадныя ансамблі», «Спадчына. Салісты», «Спадчына. Ансамблі», «Кампазітарская творчасць», «Інструментальная музыка. Саліст. Духавыя і ўдарныя інструменты», «Інструментальная музыка. Саліст. Народныя інструменты», «Інструментальная музыка. Саліст. Струнна-смычковыя інструменты», «Інструментальная музыка. Саліст. Фартэпіяна», «Інструментальныя ансамблі».
Традыцыйна конкурс пройдзе ў тры этапы і захавае звыклы камбінаваны фармат: дыстанцыйны прагляд і праслухоўванне відэазапісаў удзельнікаў членамі журы і выступленні канкурсантаў у Вялікай студыі Дома радыё, у тым ліку ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі. Выключэнне — намінацыя «Кампазітарская творчасць», якая на ўсіх этапах пройдзе ў дыстанцыйным фармаце.
Для ўдзелу ў радыёконкурсе «Маладыя таленты Беларусі» трэба да 30 верасня ўключна даслаць заяўку разам з неабходнымі дакументамі, суправаджальным лістом і відэазапісам выканання твора па адрасе: 220114, г. Мінск, вул. Чырвоная, д. 4, альбо на электронны адрас: talentbelarus@gmail.com з пазнакай «Маладыя таленты Беларусі — 2025».
У заяўцы неабходна пазначыць усю конкурсную праграму, якая павінна ўключаць адзін твор беларускага кампазітара ці аўтара. Гэта ўмова з’яўляецца абавязковай для ўсіх намінацый.
Акрамя таго, на конкурсным відэа ў кадры павінен быць бачны лагатып «100-годдзе беларускага радыё» (раздрукаваны, альбо на экране планшэта, тэлефона і інш., але не ўстаўлены з дапамогай відэамантажу). Файл з лагатыпам «100-годдзе беларускага радыё» размешчаны на афіцыйным сайце канала «Культура».
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць у будныя дні з 9:00 да 18:00 па тэлефоне +375 (29) 609-94-51.
Падрабязная інфармацыя, навіны конкурсу, вынікі тураў будуць размяшчацца на афіцыйным сайце канала «Культура» Беларускага радыё www.radiokultura.by і ў тэлеграм-каналах «Радыё „Культура“» і «Радио_1».
Пераможцаў праекта назавуць у снежні 2025 года. Лаўрэаты атрымаюць дыпломы і памятныя прызы, а таксама магчымасць пачуць сябе на FM-хвалях. Праграма «Д. Н. К.» на радыё «Культура» будзе асвятляць ход конкурсу і знаёміць слухачоў з яго ўдзельнікамі.
Па выніках конкурсу ў эфір выйдзе радыёпраграма «Маладыя таленты Беларусі», у якой прагучаць музычныя творы ў выкананні пераможцаў і ўладальнікаў спецыяльных прызоў.
Нагадаем, праект «Маладыя таленты Беларусі» праводзіцца Белтэлерадыёкампаніяй з 2009 года. За ўвесь час у ім узялі ўдзел каля 5 тыс. выканаўцаў і калектываў. З 2013 года прызёры конкурсу рэгулярна становяцца стыпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.