Top.Mail.Ru

«Прыйшоў Другі Спас — трымай рукавіцы ў запас»

19 жніўня праваслаўныя вернікі адзначаюць Праабражэнне Гасподняе, якое ў народзе называюць Яблычным Спасам (Вялікім Спасам, Спасам «на гары»).



У Бібліі гаворыцца, што менавіта ў гэты дзень Ісус Хрыстос явіў народу сваю боскую сутнасць. З трыма апосталамі Сын Божы ўзняўся на гару Фавор і толькі пачаў маліцца, як раптам твар яго азарыўся яркім святлом, а адзенне стала беласнежным, зіхатлівым — так змяніўся Гасподь, дэманструючы сваю веліч і паказваючы, як зменіцца свет у хуткім часе. 

Для праваслаўных хрысціян — гэта падзея знакавая. Вернікі стараюцца ўнутрана змяніцца. Безумоўна, нікому не дадзена паўтарыць Праабражэнне Гасподняе, але гэты дзень — нагода пачаць новае жыццё, свабоднае ад заганаў і шкодных звычак. 

«Спачатку — Богу, потым — нам»

Яблычным Спасам гэту дату ў народзе назвалі невыпадкова. З ёю звязана народна-хрысціянская традыцыя асвячэння яблыкаў новага ўраджаю. Меркавалі, што менавіта да гэтага часу плады паспяваюць і наліваюцца сокам. 

Калі верыць хрысціянскім паданням, першапачаткова царкоўныя правілы прадпісвалі несці для асвячэння на Праабражэнне Гасподняе вінаград. Лічылася, што менавіта ён ідэальна падыходзіць для прыгатавання спецыяльнага віна, якое ў царкве выкарыстоўваюць для таінства прычасця. Але паколькі ў нашых шыротах на той час вінаград не вырошчвалі, то замест вінаграду выбар паў на яблыкі. Рытуал асвячэння новага ўраджаю стаў сімвалам дару Госпаду ад бласлаўлёнай ім прыроды. 

Дарэчы, у даўніну строга выконвалася правіла да Яблычнага Спасу не ўжываць у ежу яблыкі і стравы з іх.

У народзе казалі: «Прыйшоў Другі Спас — трымай рукавіцы ў запас», намякаючы, што ў гэту пару звычайна халаднела.

Яблычны Спас лічылі днём адлёту буслоў. Было заўважана: калі буслы пачыналі рыхтавацца да вылету за тыдзень да Спаса, то зіма будзе ранняй і марознай, а вясна — цёплай; калі ж пасля Спаса — восень будзе цёплай, зіма — позняй, а вясна — халоднай. Адлёт буслоў сведчыў аб набліжэнні зімы. 

Лічылася, што яблыкі, сабраныя ў гэты дзень, даўжэй захоўваюцца і маюць лекавыя ўласцівасці. У Яблычны Спас стараліся пачаставаць яблыкамі ў першую чаргу сірот, удоў і немаёмных. Кожны лічыў сваім абавязкам падзяліцца з беднымі новым ураджаем, хворым людзям дасылалі кошыкі з пладамі дамоў. У вёсках на вуліцы накрывалі вялікія сталы, было прынята прыносіць пачастункі, гаспадыні маглі прадэманстраваць свае кулінарныя здольнасці. 

Паколькі Яблычны Спас, таксама як і Мядовы, прыпадае на двухтыднёвы пост, устаноўлены ў гонар царкоўнага свята Успенне Прасвятой Багародзіцы (Прачыстая), усе стравы ў гэты дзень былі поснымі. Пяклі посныя пірагі, былі яблыкі і мачоныя, і запечаныя, і сушаныя. Асабліва ўмелыя гаспадыні гатавалі яблычны квас па старадаўніх рэцэптах. 

Рэцэпты страў на аснове яблыкаў

Яблычны мармелад 

У «яблычныя» гады тым, у каго ёсць уласны сад, няпроста справіцца з перапрацоўкай багатага ўраджаю. Рэцэпт мармеладу дазваляе пусціць у ход вялікую колькасць яблыкаў і атрымаць дэсерт, які не сапсуецца на працягу доўгага часу.

Інгрэдыенты: яблыкі (лепш выкарыстоўваць кіслыя сарты) — 1,5 кілаграма; цукар — 950 грамаў; цукар ванільны — 10 грамаў; вада — 200 мілілітраў.

Нарэжце ачышчаныя яблыкі кавалачкамі, пакладзіце ў каструлю з тоўстым дном або сатэйнік, уліце ваду. Пастаўце на невялікі агонь і давядзіце да кіпення. Тушыце пад накрыўкай на слабым агні, час ад часу памешваючы, — на разварванне яблыкаў ідзе каля паўгадзіны.

Злёгку астудзіце атрыманую масу і апрацуйце яе блендарам да стану пюрэ.

Пастаўце каструлю на ўмераны агонь, адразу як закіпіць зменшыце яго да мінімуму, накрыйце і варыце яшчэ паўгадзіны, перыядычна памешваючы. Дадайце цукар — просты і ванільны. Памешваючы, зноў давядзіце да кіпення і ўварвайце яшчэ амаль гадзіну на малым агні.

Форму для мармеладу заслаць пергаментнай паперай, затым выліць у яе яблычную масу і разраўнаваць.

Пасля астывання паставіць мармелад у халадзільнік на 5-6 гадзін.

Яблыкі ў карамелі з карыцай

Інгрэдыенты: буйныя яблыкі — 3 шт.; молатая карыца — 0,5 ч. л.; масла сметанковае — 2 ст. л.; цукар — 3 ст. л.

  1. Дэсерт будзе прыгожа выглядаць, калі ўзяць яблыкі розных колераў — чырвоны, жоўты і зялёны. Яблыкі вымыйце. Тонкім нажом зрабіце глыбокі надрэз вакол пладаножкі, выдаліце асяродак. Змяшайце 1 ст. л. цукру з молатай карыцай. Усыпце ў сярэдзіну кожнага яблыка роўную порцыю атрыманай сумесі.
  2. Разагрэйце духоўку да 220 ºС. Яблыкі пакладзіце зрэзам уверх у цеплатрывалую форму, уліце трохі вады (пластом прыкладна 1 см) і пастаўце ў духоўку. Запякайце 5-7 хвілін у залежнасці ад памеру яблыкаў.
  3. Разагрэйце ў сатэйніку сметанковае масла, не даводзячы яго да кіпення. Дадайце астатні цукар. Змяшайце, паменшыце агонь да сярэдняга і гатуйце, увесь час памешваючы, пакуль цукар не пачне карамелізавацца, 5–7 хвілін. Зніміце яблыкі з агню і паліце карамеллю. Дайце карамелі застыць.

Яблычны збіцень з мятай і вострымі прыправамі

Інгрэдыенты: вада — 1 л, яблыкі — 300 г, мята — 2 ст. л., мёд — 50 г, карыца — 1 шт. (палачка), гваздзіка, бадзян, сок лімонны — 1 ст. л. 

Яблыкі памыць, ачысціць, выдаліць асяродак і парэзаць нявялікімі долькамі.

Далей дадаць сухую мяту, палачку карыцы, бадзян і тры гваздзічкі. Уліць літр кіпеню, накрыць каструлю і паварыць усё на слабым агні прыкладна 10–15 хвілін. Даць пастаяць пад накрыўкай яшчэ паўгадзіны. 

Затым вадкасць трэба працадзіць. І потым ужо можна дадаць мёд без страты карысных уласцівасцяў. Цяпер застаецца дабавіць свежавыціснуты сок лімона, размяшаць і можна ўжываць. Збіцень — напой, які не варыцца ў запас. Але гэта і не бяда, паколькі работы тут мінімум і кожны раз можна эксперыментаваць са смакамі, выкарыстоўваючы розныя вострыя прыправы.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю