Здольнасць адводзіць няшчасці ад тых, каго любіш, завешчана нашым сучасніцам ад прабабуль.
Прынята лічыць: тыя, хто нарадзіўся і жыве ў сельскай мясцовасці, лягчэй далучаюцца да традыцыйнай культуры. З іншага боку, менавіта ў гарадах сёння расце цікавасць да народнага мастацтва. Надзея Брылёва нарадзілася і вырасла ў Мінску. Музыкай займаецца колькі сябе памятае. Аднойчы пачуўшы народны хор, была ўзрушана сілай і прыгажосцю гучання. З гэтага моманту ўсе сумневы адносна выбару напрамку вакальнай творчасці адпалі: толькі аўтэнтычная песня!

Калі Надзея вучылася на трэцім курсе Беларускага Дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва, захацела падзяліцца радасцю, якую адчувала, паглыбляючыся ў беларускую культуру. Менавіта тады малады педагог пачала працаваць у Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Эўрыка», дзе неўзабаве стварыла вакальны фальклорны ансамбль «Весянчук».
Сёння «Весянчук» — лаўрэат шматлікіх фестываляў і конкурсаў. Сярод узнагарод гэтага года — 1-е месца ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе «Здравствуй, мир!» у намінацыі «Фальклорныя спевы. Сольнае выкананне», прысуджанае Ганне Саванец. Педагог не хавае гонару за таленавітую вучаніцу. І з удзячнасцю кажа пра харэографа Таццяну Лабачэўскую, загадчыцу аддзялення мастацкай творчасці Вольгу Патаенкаву, з якой Надзея працуе побач шмат гадоў і якая запальвае сваімі ідэямі.
Жывая сувязь пакаленняў
Як захапіць малых народнай песняй? Малады неабыякавы педагог знаходзіць розныя спосабы. Нядаўна з дзецьмі прыдумалі сцэнарый да каляднай песні «Каза», звалялі з воўны герояў і разам з мультыплікацыйнай студыяй знялі мультфільм. Запісалі зборнік народных песень у выкананні бабуль і дзядуль удзельнікаў ансамбля.
— Любоў да традыцыйнага мастацтва часта ідзе з сям’і, — разважае Надзея Брылёва. — Мая бабуля, заслужаны настаўнік Беларусі, родам з вёскі Турэц Гродзенскай вобласці. Яна пазнаёміла мяне з мясцовай жыхаркай, якая ведала шмат народных песень. Я пабывала ў гэтай 90-гадовай жанчыны, запісала яе спевы, звазіла ў фальклорную экспедыцыю ў Турэц сваіх вучняў. Калі мне ўдаецца захапіць дзяцей аўтэнтычнай культурай, адчуваю сябе шчаслівай! Выступаю ў народным касцюме, на якім майстрыхай вышыты старажытныя беларускія сімвалы кахання і вясны. А зараз мае дарослыя вучаніцы ўжо самі вышываюць сабе касцюмы.
Надзея прызнаецца, што далучэнне да традыцый змяніла яе як асобу.
— Я адчула гонар за сваю краіну. Наша культура — найбагацейшая, і народныя песні — яе частка. Узмацнілася мая сувязь са сваім родам, я стала больш тонка ўспрымаць свет і выяўляць эмоцыі. Заўважаю гэта і па вучнях: дакрананне да каранёў робіць іх больш гарманічнымі. Імкнуся не толькі даць ім музычнае развіццё, навучыць выканальніцкаму майстэрству, але і выхаваць правільныя каштоўнасці, здаўна ўласцівыя беларусам. Таму перамога ў рэспубліканскім конкурсе «Жанчына года — 2024» у намінацыі «Духоўнасць і культура» для мяне вялікая радасць, але і не меншая адказнасць: як педагог, прыкладу ўсе намаганні, каб мае вучні выраслі дастойнымі грамадзянамі Беларусі.

Дарэчы, дырэктар Цэнтра «Эўрыка» Святлана Шмагарэўская таксама была ў ліку пераможцаў конкурсу «Жанчына года», які праводзіць Беларускі саюз жанчын. Малады педагог удзячная ёй за падтрымку:
— Святлана Віктараўна для мяне прыклад сапраўднага кіраўніка, энергічнага, зацікаўленага. Яна вучыць ніколі не спыняцца, пашыраць межы сваіх дасягненняў.
Страла-маланка і бярозавыя «вароты»
Этнагенетычная памяць жыве ў кожным. Гэта ўсвядоміла Надзея, калі ўдзельнічала ў рэканструкцыі аўтэнтычных беларускіх абрадаў.
— Любімы з іх — «Пахаванне стралы». Жанчыны з песнямі ідуць за ваколіцу сяла, на поле, нясуць з сабой дробныя металічныя прадметы і закопваюць іх там. Сэнс абраду — каб маланка і іншыя няшчасці абышлі вёску бокам. Ідучы разам з жанчынамі, я адчувала вялікі душэўны ўздым. Люблю прыгожы абрад «Кумленне». Над сцяжынай верхавінамі звязваюць дзве бярозкі, дзяўчаты праходзяць праз гэтыя зялёныя «вароты» і робяцца адна адной духоўна блізкімі, як сёстры.

У традыцыйнай абраднасці беларусаў заўсёды вялікай была роля жанчыны. Маці і жонка, захавальніца сямейнага ачага — яна гарманізавала свет вакол сябе, адводзіла беды ад блізкіх. А ці здольная сучасная жанчына адвесці няшчасці ад тых, каго любіць?
— Жанчына моцная, яна можа ўсё! — упэўнена суразмоўніца. — Жадаю сучасніцам заставацца жанчынамі ў галоўным іх прызначэнні: нараджаць і выхоўваць дзяцей, ствараць утульнасць і гармонію ў сям’і.
Дарэчы, шасцігадовая дачка Надзеі Адэля ўжо развучвае з мамай беларускія народныя песні.
Алена БРАВА
Фота аўтара і прадастаўлена суразмоўніцай