Беларускі бок атрымаў асабісты зварот Прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Дональда Трампа ў адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Аб гэтым гаворыцца ў заяве прэс-сакратара МЗС Беларусі Руслана Варанкова.
«У звароце Беларусі ў кантэксце ўрэгулявання сітуацыі ў Газе прапануецца стаць заснавальнікам Савета міру — новай міжнароднай арганізацыі. Мы высока цэнім, што амерыканскі бок бачыць Беларусь — і гэта адкрыта абазначана ў тэксце звароту — як дзяржаву, гатовую ўзяць на сябе высакародную адказнасць за пабудову трывалага міру і весці за сабой сілай прыкладу, інвесціраваць у бяспечную і квітнеючую будучыню для наступных пакаленняў», — адзначана ў заяве.
«Мы таксама разглядаем гэту прапанову як прызнанне асабістых заслуг і міжнароднага аўтарытэту кіраўніка беларускай дзяржавы. Прапанова была даложана Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і ўспрынята ім станоўча», — падкрэслілі ў МЗС.
«Наша пазіцыя такая: мы гатовы прыняць удзел у дзейнасці Савета міру, улічваючы і спадзеючыся, што гэта арганізацыя пашырыць свае рамкі і паўнамоцтвы далёка за межы мандата, які прапануецца ў ініцыятыве. Гэта дасць магчымасць ёй актыўна ўдзельнічаць у глабальных працэсах па ўрэгуляванні любых міжнародных канфліктаў, што ў канчатковым выніку пасадзейнічае пабудове новай архітэктуры бяспекі, якую актыўна пашырае Беларусь у апошнія гады», — адзначана ў заяве.
Іншымі словамі, Беларусь спадзяецца, што ў перспектыве дзейнасць савета будзе датычыцца не толькі канкрэтна Газы ці нават Блізкага Усходу. Што дадзеная арганізацыя (а менавіта так пазіцыянуецца гэта новая структура ў пісьме амерыканскага лідара) пашырыць свае рамкі і паўнамоцтвы і вырашэнне пытання па Газе стане толькі пачаткам вялікай работы дзеля міру ва ўсім свеце.
Важна таксама, што ЗША бачаць Беларусь — і гэта прама пазначана ў тэксце звароту — як дзяржаву, што гатовая ўзяць на сябе высакародную адказнасць за пабудову трывалага міру і весці за сабой сілай прыкладу, інвесціраваць у бяспечную і квітнеючую будучыню для будучых пакаленняў.
Цікавая і яшчэ адна дэталь. Раней у верасні спецыяльны пасланнік ЗША па Беларусі Джон Коўл перадаў Аляксандру Лукашэнку ліст ад Дональда Трампа, які ў тым ліку змяшчаў цёплыя віншаванні і пажаданні. Джон Коўл тады асабліва адзначыў той факт, што Прэзідэнт ЗША напрыканцы падпісаў ліст «Дональд». «Ён вельмі рэдка падпісваецца сваім першым імем. Гэта асаблівы знак сяброўства», — растлумачыў прадстаўнік амерыканскага лідара.
Характэрна, што і цяперашні ліст ад Трампа таксама змяшчае яго асабісты подпіс «Дональд». Ён быў апублікаваны ў Telegram-канале «Пул Першага». Прыводзім яго без купюр у перакладзе на беларускую:
Белы дом
Вашынгтон
16 студзеня 2026 г.
Аляксандру Лукашэнку
Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь
Мінск
Паважаны сп. Лукашэнка!
Для мяне найвышэйшы гонар прапанаваць Вам у якасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прыняць удзел у маім лёсавызначальным і грандыёзным пачынанні, мэта якога — не толькі ўстанаўленне трывалага міру на Блізкім Усходзе, але і стварэнне новай парадыгмы ўрэгулявання канфліктаў глабальнага маштабу.
29 верасня 2025 г. я апублікаваў Усеабдымны план спынення канфлікту ў Газе. Гэта беспрэцэдэнтная дарожная карта, якая складаецца з 20 пунктаў, адразу ж атрымала аднадушную падтрымку з боку сусветных лідараў, у тым ліку кіраўнікоў вядучых арабскіх краін, Ізраіля і еўрапейскіх дзяржаў. 17 лістапада Савет Бяспекі ААН пераважнай большасцю ўхваліў Рэзалюцыю № 2803, афіцыйна падтрымаўшы выкладзеныя ў плане ініцыятывы.
Сёння надыходзіць фаза практычнай рэалізацыі гэтага бачання. Ключавым інструментам Плана стане Савет Міру. Гэта беспрэцэдэнтная па сваім мандаце структура, якая стане міжнароднай арганізацыяй, што выконвае ролю пераходнай адміністрацыі.
Гэта пачынанне аб’яднае цвет сусветнай супольнасці — краіны, гатовыя прыняць на сябе высокую місію пабудовы ТРЫВАЛАГА МІРУ. Гонар, спалучаны з гэтай місіяй, належыць толькі тым, хто здольны весці за сабой асабістым прыкладам, прадбачліва інвесціраваць у бяспеку і росквіт для нашых дзяцей і ўнукаў. У найбліжэйшы час мы склічам нашых выдатных і адданых паплечнікаў, значная частка якіх карыстаецца найвышэйшым міжнародным аўтарытэтам.
Як Старшыня Савета я афіцыйна запрашаю Рэспубліку Беларусь далучыцца ў якасці дзяржавы-заснавальніка і стаць у Вашай асобе бокам Статута Савета Міру. Гэты Савет будзе ўнікальным, падобнага на яго не было ніколі ў гісторыі! Кожная дзяржава-ўдзельніца можа прызначыць упаўнаважанага прадстаўніка для ўдзелу ў пасяджэннях ад яе імя. Прыкладаюцца Усеабдымны план і Статут Савета, якія мы прапануем Вам падпісаць і ратыфікаваць.
Я з нецярпеннем чакаю магчымасці працаваць з Вамі ў будучыні ў імя агульнай мэты — устанаўлення ТРЫВАЛАГА МІРУ ВА ЎСІМ СВЕЦЕ, РОСКВІТУ І ВЯЛІКАЙ БУДУЧЫНІ ДЛЯ ЎСІХ!
З найлепшымі пажаданнямі,
Шчыра Ваш,
Дональд Дж. Трамп,
Прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі
