Падлеткі, пажылыя і метэаадчувальныя людзі, а таксама працаголікі і перфекцыяністы часцей схільныя да клінічных праяў дэпрэсіі з прыходам вясны.
«Вясна — гэта час пераходу ад гіпадынаміі і недахопу святла да актыўнасці. Такі пераход запускае абвастрэнні ў людзей з біпалярным, дэпрэсіўным і трывожным расстройствам, а таксама расстройствамі шызафрэнічнага спектру. Для іх вясна з’яўляецца класічным часам пагаршэння самаадчування», — паведаміў ТАСС урач-псіхатэрапеўт Аляксандр Кудрашоў.
Паводле яго слоў, арганізм вясной знаходзіцца ў стане «пераходнага перыяду»: вычэрпваюцца запасы вітамінаў, мяняецца светлавы дзень, «ламаюцца» цыркадныя рытмы. Гэта стрэс для цела, «і псіхіка, як найбольш тонкая сфера, рэагуе першай». У першую чаргу, у групу рызыкі трапляюць людзі з ужо дыягнаставанымі псіхічнымі расстройствамі і пагранічнымі станамі, асабліва тыя, хто нерэгулярна прымае падтрымліваючую тэрапію, а таксама падлеткі і пажылыя людзі.
«У першых — гарманальная бура, у другіх — зніжэнне адаптацыйных магчымасцяў арганізма і сасудзістыя змены. Акрамя таго, пакутуюць метэаадчувальныя і саматычна аслабленыя людзі, а таксама працаголікі і перфекцыяністы: тыя, хто ігнаруе сігналы стомленасці арганізма зімой, да вясны падыходзяць з максімальным узроўнем выгарання», — падкрэсліў урач.
Каб перажыць гэты час з найменшымі стратамі для здароўя, рэкамендуецца наладзіць рэжым сну і няспання, дадаць фізічную актыўнасць і перагледзець рацыён харчавання.
«Класціся спаць і ўставаць трэба ў адзін і той жа час. Сон — галоўны антыдэпрэсант. Увесну імкніцеся класціся не пазней 23:00, каб сінхранізавацца з выпрацоўкай мелатаніну. Навучыцеся адсочваць свае станы. Калі адчуваеце, што раздражняльнасць ці апатыя зашкальваюць, і вы не спраўляецеся — звярніцеся да спецыяліста», — параіў псіхатэрапеўт.